23 красавiка 2024, aўторак, 23:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тры беларускамоўныя мультфільмы пакажуць у Магілёве на фэсце «Анімаёўка»

На конкурс фэсту дабраныя 106 мультфільмаў з 34 краін.

Тры беларускамоўныя мультфільмы пакажуць у конкурснай праграме фэсту анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2016». Фэст пачаўся сёння ў Магілёве, перадае «Радыё Свабода».

Расейскамоўных фільмаў на конкурс фэсту Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» падала пяць. Усе яны знятыя за апошнія два гады.

Стужкі беларускіх мультыплікатараў — нячастыя госці на беларускай тэлевізіі. Глядач іх можа бачыць хіба на фэстах. Летась працы «Беларусьфільма» на магілёўскім фэсце засталіся без узнагарод.

На беларускай мове зрабіў мультфільм «Якія сны сніць мядзведзь» малады рэжысэр Руслан Сінкевіч. З самім майстрам пра ягоную працу пагутарыць не выпала. Дырэктарка фільму Тацяна Галохава сказала, што стужка — пра малавядомыя шырокай аўдыторыі беларускія абрады.

«Калі гаворка ідзе пра беларускія абрады, то слушна рабіць фільмы на роднай мове, — сказала яна. — Для замежнага гледача прадугледжаныя субтытры на расейскай і ангельскай мовах».

Яшчэ адзін беларускамоўны фільм, «Вясна ўвосень», зняты паводле аднайменнай казкі Уладзіміра Караткевіча.

«Караткевіч — мой улюбёны пісьменнік, і я дужа радая, што знайшла ягоную казку і напісала паводле яе сцэнар да анімацыйнага фільму. Зрабілі яго на ўгодкі пісьменніка — у 2015 годзе. На адным з міжнародных фэстаў стужка была адзначаная за найлепшы сцэнар. За гэта дзякуй Караткевічу», — кажа пра сваю працу рэжысэрка, сцэнарыстка ды мастачка-пастаноўшчыца Таццяна Кубліцкая.

«Сюжэт стужкі немудрагелісты, — працягвае яна. — Шмат каго прываблівае вясна і восень, таму гледачу яна даспадобы».

«Дыялёгі на беларускай мове ў фільме нескладаныя. Калі глядач хвалюецца за герояў гісторыі, то перашкод няма ў разуменні. Для расейскай публікі ёсць расейскія субтытры. Ёсць і субтытры на ангельскай мове».

Караткевічаву казку «Вясна ўвосень» паглядзелі больш як на дваццаці фэстах. Таццяна Кубліцкая не прыгадала, ці паказвалі ейны твор на беларускай тэлевізіі. Паводле яе, у менскім Музэі кіно праходзіць рэтраспэктыўны паказ мультфільмаў. Сярод іх можна паглядзець і казку «Вясна ўвосень».

Мультыплікацыйны сэрыял «Аповесць мінулых гадоў» паказваюць на тэлевізіі часцей за шмат якія беларускамоўныя стужкі. Ён прысвечаны беларускай геральдыцы. У ім стваральнікі апавядаюць пра ўзнікненне гербаў ды старажытных беларускіх гарадоў. У фільме, які пакажуць на сёлетняй «Анімаёўцы», гледачу раскажуць пра паходжанне Лунінца, Мёраў, Веткі, Мастоў, Лагойску ды Асіповічаў.

На беларускім этнаграфічным матэрыяле зроблены мультфільм «Легенды и сказания Беларуси. Аист». Гэтая стужка на расейскай мове. Па-расейску на «Анімаёўцы» будуць гаварыць героі мультфільмаў «Рыбка по имени Нельзя», «Марк Шагал. Начало» ды «Про девочку Женю».

На міжнародным фэсце анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2016» пакажуць больш за 380 стужак з 45 краін — для дзяцей і дарослых. На конкурс фэсту дабраныя 106 мультфільмаў з 34 краін.

Пераможцаў міжнароднае журы на чале з расейскім майстрам Леанідам Носаравым вызначыць у шасці намінацыях. Найлепшую са стужак адзначаць Гран-пры.

Мова аздобы і анансавання фэставых імпрэз не змянілася. Усё, які і ў мінулыя гады, па-расейску.

Арганізатарамі фэсту выступаюць Міністэрства культуры Беларусі ды Магілёўскі аблвыканкам.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках