28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Святлана Алексіевіч будуе кватэру для шматдзетнай сям'і

20
Святлана Алексіевіч будуе кватэру для шматдзетнай сям'і
Фота: «Радыё Свабода»

«Кожны з нас мог бы выратаваць аднаго-двух чалавек. І гэта была б вялікая справа», - кажа пісьменніца.

У Менску нобелеўская лаўрэатка сустрэлася са шматдзетнай сям'ёй Любові і Васіля Равенкі. Пра гісторыю маладых бацькоў са Слоніма Святлана Алексіевіч даведалася з публікацыі на сайце «Радыё Свабода».

«Я атрымала вялікую прэмію. Уважаю сваім абавязкам зрабіць, як у Бібліі - «дзесятую частку аддай», - сказала Святлана Алексіевіч. - Адзінае, што я, па-першае, не люблю публічнасці ў гэтай справе. А па-другое - гэта ж так шмат гора. Як потым спаць, калі табе будуць пісаць! Гэта невыносна».

Гэта далёка не першы раз, калі Алексіевіч матэрыяльна дапамагае розным людзям. «Бяды шмат, мяне гора чалавечае цісне. Але калі я ўбачыла каментары пад артыкулам аб гэтай сям'і, я зразумела, што гэта павінна быць публічна», - тлумачыць яна, чаму на гэты раз сваю дапамогу наважыла не хаваць.

«Мы такога не чакалі. Такія каментары былі пад артыкулам. Не думалі, што нам хтосьці дапаможа, што такі чалавек знойдзецца», - Любоў і Васіль прыехалі са Слоніма разам з дзецьмі. Малодшаму два гадкі. Старэйшай - трынаццаць.

- Лізавета, Аляксандра, Кацярына, Даніл, Таццяна і малодшы Міхаіл, - называе Любоў імёны дзяцей.

- Якія імёны ў вас! Біблейскія, можна сказаць, - кажа Святлана Алексіевіч.

Пра Равенкаў «Радыё Свабода» напісала 15 кастрычніка. Любоў распавядала пра сваё няпростае жыццё і пра тое, як з шасцю дзецьмі яны дагэтуль жывуць на арандаванай кватэры. Каб зрабіць уклад на ўласнае льготнае жыллё, ім патрэбна было 3600 новых рублёў. Такіх грошай у сям'і, дзе працуе адзін бацька, няма.

- Які ў вас заробак? - спытала ў Васіля Святлана.

- Чатыры з паловай - пяці мільёнаў, - адказвае мужчына, які працуе ў мясцовай гаспадарцы ветэрынарам.

Любоў атрымлівае 280 дэнамінаваных рублёў дапамогі на малодшага сына, якому яшчэ няма трох.

- На ўсіх іншых пяць дзяцей разам яшчэ даюць 82 рублі, - дадае Васіль.

- Як жа цяпер пражыць на чатыры мільёны з шасцю дзецьмі? - дзівіцца Алексіевіч. - Гэта ж толькі адзення колькі!

Дом для шматдзетных сем'яў у Менску абяцаюць дабудаваць у студзені. Равенкам павінны вылучыць трохпакаёвую і двухпакаёвую кватэру. Такая магчымасць была ў іх і летась, але тады грошай на ўнёсак яны не знайшлі. Не знайшлося іх і сёлета.

«Як гэта ў вас атрымалася так шмат дзяцей? - пытаецца Святлана. - Напэўна, гэта каханне, інакш так шмат не атрымліваецца».

Любе 31 год, Васілю - 27. Пра сваю сям'ю жанчына распавядае шчыра і падрабязна. Разам яны пяць гадоў.

«Былы муж ужываў алкагольныя напоі, - кажа яна - Я мучылася, пакутавалі дзеці, я ў міліцыю звярталася. Я наважыла, што лепш я адна буду з пяццю дзецьмі, чым з такім мужам. Невыносна было».

У гэты перыяд сям'ю нават паставілі на ўлік - маўляў, у сацыяльна небяспечным становішчы. Гэта кляймо, кажа Люба, даводзілася здымаць з сябе доўга, і падстаў, на яе думку, не было для яго ніякіх.

Калі пазнаёміліся з Васілём, у Любы ўжо было пяцёра дзяцей. Малодшаму Данілу - толькі сем месяцаў.

«Гэта падарунак лёсу быў мне. Як убачыў - усё. Сказаў: «Зараз у цябе ёсць я, я стану для іх бацькам», - кажа Люба. - Тата для іх аўтарытэт у сям'і. Асабліва для Данілы. «Таго» тату ён і не ведае, той ім не цікавіцца. Я пакуль і не казала, што ён няродны».

Пасля ўжо вырашылі, што патрэбнае і агульнае дзіця, кажа Люба.

«На УГД са мной хадзіў, і ў паліклініку, і такі быў шчаслівы, калі на УГД сказалі «хлопчык», - кажа яна.

«Каханне», - усміхаецца Раіса Генадзьеўна, маці Васіля, якая прыязджае з Ружан дапамагаць сям'і сына. - Я юбілейная бабуля, у мяне ўжо дзесяць унукаў».

Любу і яе дзяцей яна, кажа, прыняла адразу і зараз дапамагае, чым можа, са сваёй пенсіі, якую зарабіла даяркай.

«Божы дар, - кажа Люба. - І вось гэтая жанчына, якая нам зараз дапаможа. Гэта анёлы-выратавальнікі».

За апошнія гады сям'я Равенкаў змяніла некалькі арэндаваных кватэр. Цяпер некалькі месяцаў жывуць у прыватным доме. Тут сціпла, чыста, ёсць усё неабходнае, а для дзяцей завялі коз. Старэйшыя дзяўчынкі ходзяць у школу. Кажуць, што вучацца добра, займаюцца танцамі, музыкай і маляваннем. Малодшы Міхаіл з маці дома, пяцігадовы Даніла - у садзе.

«А як мясцовыя ўлады, што яны кажуць? Чаму не даюць грошай?»- пытаецца Алексіевіч.

«Яны кажуць: мы разумеем, але нічым не можам дапамагчы, - адказвае Васіль. - Шукайце, бярыце ў пазыку. Праблема ў тым, што ніхто не хоча пазычаць, бо шасцёра дзяцей. Ды і людзі цяпер усё ў крэдытах, нават маленькую суму немагчыма пазычыць».

Мясцовыя ўлады, кажа Любоў, на першую публікацыю ніяк не адрэагавалі. Каментары пад артыкулам яна старалася не чытаць. У садку сказалі, што такім артыкулам Равенкі «ганьбяць дзяцей».

«А чым я іх зганьбіла, - са слязамі ў голасе пытаецца Любоў. - Я што, жабрую? На ежу грошай ім прашу?!»

Пасля публікацыі званок да іх быў толькі адзін - ад Нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч. Хто яна такая, Любоў не ведала.

«Пасля стала глядзець пра яе ў інтэрнэце, якая яна мужная жанчына, чаго дамаглася. Мне стала крыху сорамна, што я не ведаю. Але я мала гляджу тэлевізар. Уся ў працы. Не ведаю, што такія жанчыны ёсць», - кажа яна.

«Я вам прынесла свае кнігі, - Святлана Алексіевіч пры сустрэчы падарыла Равенцы два свае выданні. - Пачытайце, што я пішу».

На развітанне ўсе фатаграфуюцца разам на памяць.

«Мы нават не чакалі, што людзі адгукнуцца. Тым больш такога ўзроўню», - стрымана кажа Васіль.

«Я ўсё думала, як сябе паводзіць, - Любоў сапраўды перад сустрэчай вельмі хвалявалася. - А ўбачыла - і нібыта свой чалавек, цяпер ужо частка сям'і. Нездарма ёй далі імя Святлана. Прынесла свет у наш дом».

Равенкі абяцаюць, што як толькі атрымаюць ключы, адразу пакажуць новую кватэру.

- А куды коз падзець? - пытаем мы.

- Не ведаю, на балкон? - смяецца Люба. - Чужому не аддамо. Для дзяцей жа бралі.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках