16 красавiка 2024, aўторак, 21:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Катажына Пелчынская-Наленч: Любая гульня з Лукашэнкам супраць Крамля немагчымая

8
Катажына Пелчынская-Наленч: Любая гульня з Лукашэнкам супраць Крамля немагчымая
Катажына Пелчынская-Наленч
Фота: msz.gov.pl

У дачыненнях з Захадам Менск можа пайсці настолькі далёка, наколькі яму дазволіць Масква.

Пра гэта піша ў выданні Gazeta Wyborcza экс-амбасадар Польшчы ў Расеі, былы намеснік міністра замежных спраў Катажына Пелчынская-Наленч (пераклад - ИноТВ).

Масква - дэ факта эканамічны фундатар і палітычны заступнік Менска, уважае яна. Жадаючы эканамічна зблізіцца з Беларуссю, Польшча рызыкуе не толькі страціць капітал, але і давер сваіх суайчыннікаў, упэўненая былая амбасадарка.

«Прагматычнае супрацоўніцтва з Менскам можа быць выгаднае для Польшчы. Але трэба добра разумець складанасць гульні, якую вядзеш. Цябе могуць лёгка абгуляць», - піша Катажына Пелчынская-Наленч.

«Цягам чвэрці стагоддзя мы з'яўляемся раўнапраўнымі партнёрамі, якія імкнуцца выбудоўваць стасункі - палітычныя, эканамічныя і міжасобасныя - з карысцю для абедзвюх дзяржаў і таварыстваў», - гэта цытата з артыкула выдання «Советская Беларусь», апублікаваным 25 кастрычніка 2016 года. «Тэкст не выклікаў бы здзіўлення , калі б ён апісваў стасункі Менска з Масквой. Тым часам у ёй гаворыцца аб стасунках з Варшавай, і яна з'яўляецца фрагментам артыкула, падпісанага польскім віцэ-прэм'ерам, які з'явіўся ў дзень яго візіту ў Беларусь», - тлумачыць аўтар.

Падчас гэтага візіту Матэуш Маравецкі ў гутарцы з Аляксандрам Лукашэнкам таксама сказаў, што «Польшча з'яўляецца брамамі на Усход для Еўрапейскага звязу, а Беларусь для Еўразійскага саюза - брамамі на Захад». Прэм'ер прыняў таксама ўдзел у польска-беларускім эканамічным форуме, на які прыбыло больш за сто прадстаўнікоў польскага бізнэсу. «Гэта першы за многія гады польскі візіт на такім высокім узроўні», - адзначае Пелчынская-Наленч.

Дыялог з Лукашэнкам нясе з сабою пазітыўны патэнцыял. Правільнай з'яўляецца таксама спроба ўпісаць польска-беларускія стасункі у больш шырокі - еўрапейскі кантэкст, дадае яна.

Аднак уступаючы з Беларуссю ў кантакт на самым высокім палітычным узроўні, варта прыняць да ўвагі пры далейшым кантакце з Менскам наступныя аспекты, падкрэслівае экс-амбасадар Польшчы ў Расеі.

Перш за ўсё ў стасунках з Беларуссю спасылацца на Еўразійскі саюз не зусім правільна. «Незалежна ад таго, з кім мы будзем гаварыць, яго кіраўніцтва заўсёды будзе знаходзіцца ў Маскве. Больш за тое, прасоўванне раўнапраўных кантактаў ЕўрАзЭС з ЕЗ з'яўляецца адным з ключавых пастулатаў Расеі, які польская дыпламатыя павінна стрымліваць. Такое супрацоўніцтва азначала б, што Брусэль прызнае легітымнай расейскую сферы ўплыву», - адзначае аўтар.

«Варта разумець, што ў стасунках з Захадам Менск можа пайсці настолькі далёка, наколькі яму дазволіць Масква, якая з'яўляецца дэ факта яго эканамічным спонсарам і палітычным патронам», - падкрэслівае яна. «Іншымі словамі, любая гульня з Лукашэнкам супраць Крамля немагчымая. Абмежаванае збліжэнне Менска з Захадам гуляе Расеі на руку, таму што яно часткова здымае цяжар утрымання неэфектыўнага беларускага рэжыму», - дадае Пелчынская-Наленч.

Эканамічнае збліжэнне з Беларуссю таксама нясе эканамічную і палітычную рызыку. Размяшчаючы капітал у гэтай краіне, Польшча хутчэй за ўсё не паўплывае на рэжым. Такім чынам яна дасць Лукашэнку і Маскве, якая стаіць за ім, патэнцыйны механізм ціску на польскі бізнэс.

Рашэнні Лукашэнкі ў плане ўласнасці не абмяжоўваюцца незалежнымі судамі або інстытуцыямі прававой дзяржавы, тлумачыць аўтар.

«Не варта забываць і пра тое, што мы маем стасункі з тым жа Лукашэнкам, які здушыў разнастайную апазіцыю ў сваёй краіне і насуперак правілам дэмакратыі ён кіруе ў сваёй краіне бесперапынку больш за 20 гадоў», - папярэджвае яна.

Польская дзяржава цягам доўгіх гадоў крытыкавала парушэнне правоў чалавека ў Беларусі, і гэтаксама падтрымлівала прадэмакратычную грамадзянскую супольнасць. «Прагматычнае эканамічнае супрацоўніцтва не павінна перакрэсліваць гэтага вымярэння польскай палітыкі ў дачыненні да Менску», - дадае Пелчынская-Наленч. Экс-амбасадар Польшчы ў Расеі мяркуе, што ў будучыні варта падумаць аб тым, каб у праграме польскіх афіцыйных візітаў акрамя сустрэч з уладай з'явілася і сустрэча з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.

«Давайце будзем урэшце настойлівымі. Няма ні найменшай падставы для таго, каб польскі прэм'ер падпісваўся пад сцвярджэннем, што беларускі рэжым будаваў узаемаадносіны з Варшавай, кіруючыся дабром уласнага і нашага грамадства. Для палякаў у Беларусі, і не толькі там, такая канстатацыя можа іх моцна шакаваць», - рэзюмуе Катажына Пелчынская-Наленч.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках