Recha: Мы выйшлі за рамкі звыклай творчасці
2- 28.10.2016, 14:50
- 15,604
Лідар Recha Андрэй Такінданг запісаў сінгл з Марынай Вярэніч.
Беларускі музыка Андрусь Такінданг працягвае эксперыменты з поп-музыкай. Лідар Recha напісаў песню «Ён І Яна» для эстраднай спявачкі Марыны Вярэніч, паведамляе tuzin.fm.
Дуэтную кампазіцыю наважана было выдаць асобным сінглам і распаўсюдзіць праз розныя digital-платформы.
«Мы задумалі стварыць поп-прадукт, выйсці з зоны камфорту. Магчыма, некаторым фанатам будзе цікавая наша гульня ў беларускі шоў-бізнэс», - кажа Андрэй Такінданг.
Кампазіцыю «Ён i Яна» музыка выканаў з Марынай Вярэніч, уладальніцай цудоўнага голасу. Летась яна стала лаўрэатам конкурсу «Засьпявай 2.0».
Працуе Марына ў поп-жанры, але даслоўна за некалькі месяцаў стала часткай Recha. «Мы пазнаёміліся выпадкова на адным з канцэртаў па-за Менскам, а потым пасябравалі. Андрэй запрасіў запісаць бэк-вакалы на альбоме гурту, так я і трапіла ў Recha», - кажа Марына. Яна далучылася да гурту падчас летніх гастроляў і тады ж саспела ідэя напісаць песню спецыяльна для яе. Музыкі кажуць, што ім вельмі цікава балансаваць паміж альтэрнатывай і эстрадай, хоць называюць сябе выхадцамі з андэграўнду.
Запісана песня на студыі «Pauluchenia.BY», гукарэжысёрам стаў удзельнік гурту Віктар Паўлючэня. На «Ён І Яна» таксама здымаецца кліп.