24 красавiка 2024, Серада, 14:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Піянткоўскі: Украіна асмялела. І мне гэта падабаецца

6
Андрэй Піянткоўскі: Украіна асмялела. І мне гэта падабаецца
Андрэй Піянткоўскі
ФОТА: RFE/RL

Крэмль губляе пазіцыі з кожным турам перамоў «нармандскай чацвёркі».

Украіна выстаўляе жорсткія ўмовы ўрэгулявання вайсковага канфлікту на Данбасе: вызваленне ўсіх закладнікаў, доступ місіі АБСЕ да ўсёй акупаванай тэрыторыі, аднаўленне кантролю над мяжой, вывад расейскіх войскаў і ўзбраенняў, далей - выбары і, нарэшце, роспуск усіх структур так званых «ДНР/ЛНР». Гучаць заклікі да раззбраення структур самаабвешчаных «рэспублік» да правядзення мясцовых выбараў, а таксама да перадачы кантролю над выбарчым працэсам тым органам улады, якія існавалі тут да вайны, піша вядомы расейскі палітолаг і публіцыст Андрэй Піянткоўскі ў «Новом Времени».

Масква, вядома, не пагодзіцца на вышэйпералічаныя ўмовы, але яны слушныя сваёй сутнасцю. Не сакрэт, што Пуцін спрабуе ўпіхнуць ва Украіну акупаваныя тэрыторыі, захаваўшы пры гэтым над імі кантроль і раскладаючы краіну знутры. Кіеў не павінен на гэта згаджацца.

Мне падабаецца, што з кожным турам перамоў у нармандскім фармаце Кіеў усё больш жорстка супрацьстаіць спробам ўпіхнуць кантраляваную Расеяй тэрыторыю ва Украіну. Масква хоча спакусіць Украіну ілюзіяй аднаўлення яе тэрытарыяльнай цэласнасці, але ў яе гэта дрэнна атрымліваецца. Парашэнка становіцца ўсё больш рашучым. Сёння нават гаворкі не ідзе пра змяненне ўкраінскай Канстытуцыі, прыняцце нейкіх новых законаў і т. д. Ціск Захаду на Украіну зніжаецца. Францыя з Нямеччынай пачынаюць разумець сапраўдныя матывы Масквы. Перш за ўсё, іх абурае той факт, што Расея не выконвае базавых палажэнняў Менскіх пагадненняў, гэта значыць, спыненне агню на лініі развядзення бакоў.

Калі Нармандская чацвёрка сустракалася ў Бэрліне, я знаходзіўся ў Еўрапарламенце і браў удзел у пасяджэнні, прысвечаным абмеркаванню санкцый супраць РФ. У залі прысутнічаў швейцарскі генерал Аляксандр Хуг, першы намеснік кіраўніка маніторынгавай місіі АБСЕ ва Украіне, які падаў шырокую статыстыку парушэнняў умоў перамір'я. Пераважная большасць з іх - справа рук расейскага боку. Ды і агулам гвалт, скажам так, мадэлюецца Масквой.

Маё меркаванне такое: адзіная задача Менскіх пагадненняў - спыненне агню, падзел бакоў, пазначэнне акупаваных тэрыторый, за якія нясуць адказнасць акупацыйныя войскі. Усе астатнія палажэнні гэтых дамоўленасцей - нерэалізаваная фантастыка. Зрэшты, я не згодны з тымі, хто заклікае наогул адмовіцца ад Менска. Гэта быў бы няправільны крок, з пункту гледжання тактыкі, таму, між іншым, што Менскія пагадненні важныя Францыі і Нямеччыне. Куды болей разумна дыпламатычна пераконваць іх, паказваць рэальную карціну сітуацыі на Данбасе, каб і Парыж, і Бэрлін расчараваліся ў Маскве, зразумеўшы, урэшце, што нічога пазітыўнага ў Менскіх пагадненнях, акрамя спынення агню, няма.

Пакуль Пуцін знаходзіцца ва ўладзе, Расея ніколі не пагодзіцца на вывад войскаў і перадачу кантролю над мяжой.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках