24 красавiка 2024, Серада, 13:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як у Менску прадаваліся iPhone 7

8

Адных з самых дарагіх і папулярных смартфонаў у свеце на ўсіх ахвотных не хапіла.

Сёлета афіцыйны старт продажаў новых смартфонаў Apple ў Беларусі прайшоў куды больш жыва, чым летась. Нягледзячы на тое, што iPhone 7 каштуюць у нашай краіне больш, чым у іншых краінах свету, некаторыя прадаўцы нават не змаглі задаволіць попыт пакупнікоў.

Пра тое, колькі каштуюць iPhone 7 у Беларусі, і чым яны адрозніваюцца ад папярэдніх мадэляў, чытайце падрабязна тут. Tut.by распавядае, як сёння прадаваліся і купляліся ў Менску адны з самых дарагіх і папулярных смартфонаў у свеце.

velcom: iPhone развозілі топ-мэнэджары

Як і летась, velcom здзівіў больш за ўсіх. Найстарэйшы GSM-аператар не стаў чакаць раніцы, а даставіў першыя заказы ўжо ў першыя хвіліны пасля паўночы. Прычым у якасці кур'ераў выступілі топ-мэнэджары кампаніі.

У галаўным офісе на Інтэрнацыянальнай нам распавялі, што з 9 раніцы яны прадалі 4 апараты (летась дагэтуль сышоў толькі 1 iPhone 6s), 3 з іх былі матава-чорныя.

У прэс-службе velcom пацвердзілі, што гэты колер - самы папулярны ў беларусаў: «У нас папярэдне замовілі блізу 200 апаратаў, найбольшай папулярнасцю карыстаюцца мадэлі iPhone 7 (з дыяганаллю 4,7 цалі) чорнага колеру».

Новыя iPhone выявіліся настолькі папулярнымі, што ў некаторых пазіцыях нават паўстаў дэфіцыт, адзначылі ў кампаніі і дадалі, што большасць купляе дарагія гаджэты ў растэрміноўку (у velcom растэрміноўка на паўгода не прадугледжвае павелічэння кошту гаджэта).

life :)

Ідзём далей. За 15 хвілін да афіцыйнага старту продажаў (12.00) у галаўным цэнтры продажаў life :) на Незалежнасці, 23 супрацоўнікі пачалі выстаўляць iPhone 7 і iPhone 7 Plus на асобную вітрыну.

«Продажаў тут пакуль не было», - распавяла адна з супрацоўніц і панаракала, што ў іх, у адрозненне ад velcom, няма растэрміноўкі на звышдарагія прылады.

i-Store: пакупнік у першую хвіліну продажаў

Першы і адзіны ў Беларусі Apple Premium Reseller - крама i-Store на Леніна, 5 - традыцыйна падрыхтавалася да старту продажаў новых iPhone, як да свята.

Крама не працавала да 12 гадзін, прымушаючы патэнцыйных пакупнікоў і проста цікаўных стаяць пад дзвярыма ў чаканні старту продажаў. У адрозненне ад мінулага года (калі да старту не прыйшоў наогул ніхто), сёння тут сабралася невялікая чарга з 5-6 чалавек.

«Тры-два-адзін», - скандуюць супрацоўнікі і адчыняюць дзверы. Гучыць музыка, усе пляскаюць у ладкі, і першы ж чалавек, які зайшоў, накіроўваецца да прылаўка па пакупку.

Мянчук Алег чакаў гэты смартфон даўно, таму загадзя пакінуў папярэдні заказ на сайце крамы. Ён абраў глянцава-чорны iPhone 7 з 128 ГБ памяці. Як адзін з першых пакупнікоў ён атрымаў не толькі смартфон, але і пачак падарункаў ад крамы і паспяшаўся прарвацца праз натоўп фатографаў да выхаду.

«Больш за ўсё ў нас замаўляюць матава-чорныя iPhone 7, на другім месцы па папулярнасці - глянцава-чорныя апараты, на трэцім - ружовыя смартфоны», - распавёў нам начальнік аддзела маркетынгу i-Store Арцём Калядзіч.

МТС: смартфоны прывязуць пасля абеду

Калісьці офіс МТС на Рэвалюцыйнай, 24, быў першым цэнтрам продажаў аператара ў Беларусі. Цяпер праз шчыльнае будаўніцтва ў гэтым квартале яго перанеслі на больш бачнае месца - Нямігу, 5. Куды мы і адправіліся адразу пасля i-Store.

«Завязуць пасля абеду,- распавёў нам супрацоўнік крамы. - Гэтымі смартфонамі цікавяцца, але пакуль іх няма, заходзьце пазней».

Пазней мы даведаліся, што а 12.00 iPhone 7 былі толькі ў адным, цэнтральным офісе продажаў МТС - на пл. Незалежнасці, 95, а таксама ў інтэрнэт-краме аператара.

CafeConnect: «Не можам задаволіць попыт»

Яшчэ адзін аўтарызаваны рэсэлер Apple - CafeConnect - размясціўся ў будынку насупраць офіса МТС. Ён жа стаў апошнім пунктам нашага падарожжа.

«Не можам задаволіць попыт пакупнікоў», - распавялі нам у краме. Усе атрыманыя CafeConnect ад дыстрыбутара iPhone былі раскупленыя ў першы ж дзень, і пры гэтым «папярэдні заказ быў выкананы менш як на 20%», паведаміў прадстаўнік рэсэлера.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках