29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пры чым тут Трамп?

39
Пры чым тут Трамп?
АНДРЭЙ САННІКАЎ

Рэчаіснасць перакруціла ўсё мудрагелістыя ўяўленні мудрацоў.

Не раз даводзілася пісаць і гаварыць пра супольнасць «здзіўленых» экспэртаў, што расце і мацуецца. Гэта тыя, хто ў свой час шчыра здзівіўся распаду Савецкаму Саюза. Як яны маглі? Бо мы ж усё прааналізавалі і такую бліскучую прамову Бушу-старэйшаму падрыхтавалі супраць распаду. (Гэтую прамову потым праз яе недарэчнасць назавуць «катлета па-кіеўску»). У першых «здзіўленых» з'явіліся вучні і нашчадкі, якія працягваюць выпускаць новыя «ахі» і «охі» з нагоды нарастаючых, насуперак іх аналізу, сусветных і лакальных катастроф.

І неяк усё так склалася, што здзіўленне і стала трэндам і мэйнстрымам у аналітыцы (гэта я па-іхняму). І ў гэту «здзіўленую» супольнасць сталі імкліва ўлівацца палітыкі, журналісты, цэлыя выданні, творчыя асобы, грамадскія дзеячы, нават праваабаронцы. А потым і наогул дзіўнае адбылося: вось гэта вось здзіўленне, чытай некампетэнтнасць, і сталі лічыць палітыкай.

Глядзі-ка, не хочуць у былым «саўку» гэтыя злодзеі ва ўладзе ніякіх выбараў, дзіўна! Няўжо не разумеюць, што фальсіфікацыі - гэта нядобра? Ой, глядзіце, у Чачні зноў вайна! І чаго гэтым чачэнцам не стае? Не наша гэта справа. Крэмль бамбіць Грузію, Абхазію з Паўднёвай Асеціяй адцяпаў - хто б мог падумаць? А што гэта раптам арабы ўзбунтаваліся? Мы ж у іх дыктатараў такія грошы ўбухалі, прасілі правесці рэформы і ўсталяваць дэмакратыю. Нікому давяраць нельга. А ўкраінцам чаго не ставала? Мы ж з Януковічам аб усім дамовіліся. Ён абяцаў у Еўразвяз уступіць з дапамогай Пуціна. Ну вось ужо ніяк не падумалі б, што Пуцін ва Украіну палезе. І чаго ён дагэтуль не супакоіцца, мы ж яму нашы крэветкі забаранілі пастаўляць? А ў Сірыі яны што робяць? Сам Абама ім чырвоныя лініі маляваў, а яны бамбяць. А што гэта яшчэ за Брэксіт такі?

Добра б яны ціха мірна паміж сабой, дык не ж, менавіта «здзіўленыя» сталі камандаваць сусветнай палітыкай. Гэта нічога, што рэальнасць ніяк не жадала адпавядаць іх уяўленням аб ёй. Уяўленне ў іх трывалае, глядзяць на свет яны ўпэўнена і свята вераць у глабалізацыю. Вось бяда толькі, што не ў тую глабалізацыю, якая на самай справе адбываецца, а ў глабалізацыю сваіх поглядаў. Цвёрдай веры ва ўласную бязгрэшнасць ніяк не перашкаджае імклівая глабалізацыя карупцыі, арганізаванай злачыннасці, тэрарызму, наркатрафіку і іншых дробных з'яў, якім няма месца ў іх светлай будучыні.

А як шчыра дзівіліся нашы замежныя сябры 19 снежня 2010 года з нагоды падзей у Менску. Чаго яны там узбунтаваліся? Нас Лукашэнка цвёрда запэўніў, што яго падтрымлівае 100% насельніцтва, што ніякіх бунтаў не будзе, што выбары ён шчыра прысвоіць? А яшчэ казаў, што на вуліцу ніхто не выйдзе. Адкуль гэтыя тысячы ўзяліся ў цэнтры горада, у мароз, пад страхам смерці? Яны ж слабыя, раз’яднаныя, без шматтомнай эканамічнай праграмы. Дзіўна!

І вось гэта здзіўленне ў поўным аб'ёме дакацілася да Вашынгтона, да былога цэнтра сусветнай палітыкі. Увесь амерыканскі бамонд раптам наважыў, што можна не звяртаць увагу на рэальнасць, пасмяяцца над бесперспектыўным Трампам і падтрымаць перспектыўную Хілары. Яна ж бароніць ліберальныя каштоўнасці. У разуменні «здзіўленых», вядома ж. А гэта разуменне непарушнае, і не варта звяртаць увагі на такія прыкрыя непаразуменні, як іміграцыя, тым больш, што ёй ну ніяк не змогуць скарыстацца тэрарысты. Або вось яшчэ выдумалі карумпаванасць улады. Такога проста не можа быць у самым сэрцы дэмакратычнага свету! А міжрасавыя рознагалоссі спыніліся яшчэ ў 60-е, са скасаваннем сегрэгацыі.

І тут 9 лістапада - на табе! Шок! Рэчаіснасць чарговым разам перакуліла ўсе забаўныя пабудовы мудрацоў, якія спрабавалі яе па-свойму тлумачыць, а не сур'ёзна вывучаць і рэагаваць.

Мне гэта моцна нагадвае савецкую гісторыю, калі, уступіўшы ў эпоху застою, партыйныя босы абвясцілі яе «перыядам развітога сацыялізму».

Якім прэзідэнтам будзе Трамп, нам яшчэ трэба будзе даведацца. А вось праблемы, якія яшчэ больш агалілі амерыканскія выбары, ужо тут, з намі, і яны працягваюць імкліва расці і абвастрацца, пагражаючы нам усім.

Вельмі хочацца, каб Амерыка з Еўропай, якія сапраўды здольныя абараняць каштоўнасці, перасталі здзіўляцца, што ўсё пайшло неяк не так. Перасталі лічыць, што няма ніякай сувязі паміж даспелым крахам іх палітыкі і іх жа «рэальнай палітыкай», якая дапускае ўгоды з Пуціным, Асадам, Кастра, Лукашэнкам, Аліевым і далей паводле спісу. Вельмі хацелася б убачыць рэалізм, а не «рэальную палітыку» яшчэ да выбараў у Нямеччыне і Францыі. Але для гэтага, мабыць, патрэбныя новыя лідары.

Андрэй Саннікаў, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках