19 красавiка 2024, Пятніца, 10:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Давядзецца змагацца

5
Давядзецца змагацца
Уладзімір Някляеў

Хто хоча падмяніць Мікалая Статкевіча Дзмітрыевым.

24 лістапада — 20-я гадавіна рэферэндума 1996-га года. Юбілей дзяржаўнага перавароту.

Напярэдадні ў Мінск прыбыла прадстаўнічая дэлегацыя Еўразвязу, на сустрэчу з якой я збіраўся з Міколам Статкевічам, але пайшоў адзін, піша naviny.by.

Чаму?..

Найпершае, што зрабілі мы са Статкевічам, калі ён выйшаў з турмы, — прааналізавалі падзеі на Плошчы-2010 і падчас прэзідэнцкіх выбараў 2015 года. Калі факты і доказы, якія меў ён, склаліся з тым, што было вядома мне, на нашай агульнай прэсавай канферэнцыі прагучала заява адносна Андрэя Дзмітрыева. Пра ягоную сувязь са спецслужбамі.

“Тое разуменне чалавечай годнасці, якое я маю, не дазваляе мне сядзець за адным сталом са здраднікам”, — адказаў Статкевіч першаму дарадцу адной з амбасадаў на пытанне: “Чаму вы адмовіліся прыйсці на сустрэчу нашага амбасадара з беларускай апазіцыяй?” Пасля гэтага Дзмітрыева на сустрэчы, дзе прысутнічаў Статкевіч, не запрашалі.

Да апошняга часу...

На нядаўнюю сустрэчу апазіцыі з дэлегацыяй Камітэту палітыкі і бяспекі Рады Еўразвязу запрасілі і Статкевіча, і Дзмітрыева. Статкевіч падзякаваў за запрашэнне, сказаўшы, што на сустрэчы ў такім фармаце быць не можа. Тым не менш рашэнне па Дзмітрыеву адмененае не было, што выключала прысутнасць Статкевіча.

Безумоўна, каго і на якія сустрэчы запрашаць, вырашаюць арганізатары. Пра гэта й казаць не варта было б, калі б не прынцыповасць, сімптаматычнасць падмены аднаго ўдзельніка сустрэчы на іншага, што наўпрост звязана з правядзеннем цяперашняй палітыкі ЕС у адносінах з беларускім рэжымам, у якую ўключылася большасць апазіцыі. Да таго дружна пляжылі кампанію «Гавары праўду», а тут загукалі: «Мы за мірныя перамены! Мы за мірныя перамены!» — бо гэта тое, што называецца трэндам, а прасцей — уменнем трымаць нос па ветры.

І, круцячы носам, апазіцыя закруцілася амаль да страты галавы. Ці ва ўсякім разе — да страты паслядоўнасці, логікі дзеянняў. Ну ўзяць хоць бы тое, што, не прызнаючы легітымнасць прызначага Лукашэнкам «парламента», апазіцыя ў той жа час прызнае правамоцнымі дэпутатамі таго ж «парламента» двух сваіх прадстаўнікоў, прызначаных тым жа Лукашэнкам. І намагаецца падаць гэта палітыкам Еўразвязу, якім жаліцца і жаліцца на тое, што ў краіне няма сапраўдных выбараў, як свой электаральны поспех, перамогу, першыя крокі па дарозе да мірных перамен…

Бо гэтакі трэнд.

Пазіцыя Беларускага нацыянальнага кангрэсу ў цяперашні трэнд ніяк не ўпісваецца. І ўсе выступы прадстаўнікоў БНК на падобных сустрэчах — як шыла ў мыле. У мыльнай оперы пад назвай «дэмакратызацыя», якую ставіць Лукашэнка, прызначаючы апазіцыю ў кардэбалет.

Да чаго гэта прывяло? Да таго, што еўрапейскія палітыкі сустракаюцца і размаўляюць сёння з беларускай апазіцыяй толькі рытуальна. Каб не пакрыўдзіць. А рэальна — з уладай. З рэжымам.

І ў чарговы раз я пераканаўся ў тым на сустрэчы з кіраўніцтвам і чальцамі Камітэту палітыкі і бяспекі Рады Еўразвязу, на якую пайшоў як праз павагу да гэтай арганізацыі, высновы і рэкамендацыі якой шмат у чым вырашаюць накірункі ўсёй знешняй палітыкі ЕС, гэтак і праз неабходнасць давесці прынцыповую пазіцыю БНК. І пазіцыя гэтая была агучаная ў адказе на асноўнае пытанне чальцоў Камітэту:

— Рэформы, якія абяцае правесці беларуская ўлада, гэта рэальнасць, ці ілюзіі?

— Ілюзіі. Усе патрэбныя яму «рэформы» Лукашэнка правёў яшчэ 20 год таму, праз рэферэндум 1996 года, падгробшы ўсю уладу, разам з заканадаўчай і судовай, пад сябе. Ён прызначае парламент, а не парламент прызначае яго, ён судзіць, а не яго судзяць. І не збіраецца ён свае «рэформы» адмяняць. А сярод гэтых «рэформаў» проста няма месца ніякім новым. Найперш палітычным, без якіх немагчымыя эканамічныя. Таму рэальнымі яны могуць стаць толькі праз сыход рэжыму, чаго й мусіць дамагацца дэмакратычная беларуская апазіцыя, якая ўжо й забылася на тое, што найпершая яе палітычная мэта — прыход да ўлады.

Пытанне пра тое, магчымыя насамрэч рэформы, ці гэта ілюзія, карэннае. Ад адказу на яго залежыць тое, як выбудоўваць усю далейшую палітыку. Якімі метадамі дзейнічаць...

Я перакананы, што ні на якія істотныя рэформы Лукашэнка не здольны. Хоць тыя, хто верыць у такую магчымасць, гатовыя лічыць рэформай нават чарговую абіралаўку пенсіянераў, на якіх вырашыла ўлада сэканоміць.

А калі я памыляюся, калі раптам акажацца, што Лукашэнка здольны падняцца над сваімі страхамі, фобіямі, што ён гатовы паступіццца нечым сваім, асабістым дзеля краіны, народа, я першы папрашу ў яго прабачэння. Паэму напішу як пра дзяржаўнага дзеяча, якога не зразумеў. Але інтуіцыя — і палітычная, і паэтычная — падказвае мне, што такое творчае шчасце мець я наўрад ці буду.

Большасць апазіцыі не прымае тое, што прапануе БНК. Кіраўнікамі апазіцыйных структур адвергнутая ідэя аб'яднаўчага кангрэсу. І зусім не па ідэйных меркаваннях, а таму што Статкевіч у такім выпадку мог не толькі сутнасна, але і фармальна стаць лідэрам апазіцыі. А гэтага нікому не хочацца. Дый як, маўляў, такое можа быць, калі нашы партыі і рухі, нашы структуры большыя за ягоныя?..

Ну дык давайце падменім Статкевіча Дзмітрыевым. Там «структура» большая за ўсе вашы разам узятыя. Калі верыць Лукашэнку, 10 000 байцоў «нябачнага фронту», які ў Беларусі ўсім відаць.

Дарэчы, мне і перад Дзмітрыевым перапрасіцца (да якога напачатку амаль па-бацькоўску адносіўся), — капялюш не зваліцца. Калі выйдзе, што памыляўся, што ўсё ягоныя скокі з куратарамі — хітрая, як даводзіў мне адзін з кіраўнікоў кампаніі «Гавары праўду», гульня, скіраваная на падман рэжыму і на карысць дэмакратычнага руху. Але пакуль выглядае ўсё роўненька наадварот. Перпендыкулярна.

А ўвогуле — пра якія партыі размова ў краіне, дзе няма палітыкі? Хто і што пра іх ведае? Ведаюць асобаў. Ім давяраюць. І за імі йдуць.

У Радзе Беларускага нацыянальнага кангрэсу — першы кіраўнік незалежнай Беларусі. Чатыры кандыдаты ў прэзідэнты. Большасць беларускіх вязняў сумлення. Рэгіянальныя лідары. У руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць!», які ўваходзць у БНК, — нацыянальная эліта: вядомыя, уключна з нобелеўскаў лаўрэаткай Святланай Алексіевіч, літаратары, прэм'ер міністр Рэспублікі Беларусь Міхаіл Чыгір, мастакі, музыкі, якія асцерагаюцца, што палітыка «зменаў праз збліжэнне» не зменіць, а закансервуе рэжым, які канчаткова зжыве са свету беларускую мову, нацыянальную культуру, а ўрэшце — нацыянальную свядомасць.

Яны — не дзеці, ім не дастаткова вышыванак, стужак з нацыянальным арнаментам, яны адстойваюць паўнавартасную Беларусь. Яны гатовыя за яе змагацца. І можна не лічыцца з іх меркаваннем, з іх пазіцыяй, бо яны не ў трэндзе?..

Апазіцыя так раздрабілася, гэтак падзялілася, што ўжо не здольная нават (што раней не было праблемай) праводзіць сумесныя пратэстныя акцыі. То нейкія акцыі прызначаюццца, то іх адмяняюць. Клічуць людзей прыходзіць у розныя дні, у розныя месцы. Дык вось мы заклікаем (дзеля яднання) скончыць хоць з гэтым! Тут, а не за сталамі такімі круглымі, што за іх не зачапіцца, быць разам.

Дзяржаўны пераварот, здзейснены 20 год таму, служкі рэжыму (да прыкладу, Ярмошына) ужо называюць цалкам законным, канстытуцыйным! І ён можа стаць такім, і ўвогуле рэжым можа быць адбелены ў грамадстве, асабліва ў вачах моладзі, калі мы ўсімі сіламі не будзем пратэставаць супраць ягоных злачынстваў! Гэта наўпроставы абавязак дэмакратычнай апазіцыі.

24 лістапада мы ладзім такі пратэст на плошчы Свабоды ў Мінску а 18:00. І надалей гарантуем сваю прысутнасць і прысутнасць нашых актывістаў на ўсіх пратэстных акцыях, арганізаваных іншымі апазіцыйнымі структурамі. Нам проста неабходна разам рыхтаваць беларускае грамадства да актыўных дзеянняў, бо можа стацца так, што давядзецца змагацца не толькі за дэмакратыю ў Беларусі, але і бараніць саму Беларусь.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках