Народны пратэст змяце Ярмошыну і Лукашэнку
60- Мікалай Статкевіч
- 29.11.2016, 14:06
- 34,925
Большасць беларусаў ненавідзяць дыктатара.
Так лідар беларускай апазіцыі, былы кандыдат у прэзідэнты і палітвязень Мікалай Статкевіч пракаментаваў заяву Лідзіі Ярмошынай аб магчымым правядзенні рэферэндуму ў пытанні падаўжэння паўнамоцтваў Лукашэнкі:
- Я не ўважаю спадарыню Ярмошыну за старшыню нармальнага Цэнтрвыбаркама. Я не ўважаю гэтую інстытуцыю за сапраўдную выбарчую камісію, як не ўважаю беларускія «выбары» за сапраўдныя выбары.
Адпаведнае і стаўленне да Ярмошынай. Я мяркую, што на знак падзякі за атрыманыя месцы ў «палаце прадстаўнікоў» і «савеце рэспублікі» кіраўніцтва ЛДП наважыла дагадзіць і выступіла з гэтай прапановай. Магчыма, гэта таксама і зандаж.
Я не веру, што гэтае пытанне будзе вынесенае на рэферэндум, бо цяпер Беларусь знаходзіцца ў вельмі цяжкім эканамічным становішчы, расце сацыяльная напружанасць.
І палітызаваць грамадства ў гэты час, тым больш прасоўваючы ідэю аб павелічэнні тэрміну паўнамоцтваў цяпер ужо відавочна непапулярнага кіраўніка, якога большасць беларусаў ужо ненавідзіць, - гэта вар'яцтва.
Яны на гэта не пойдуць. А калі пойдуць, то тут наступствы мала прадказальныя. Гэтая палітызацыя можа прывесці да вельмі шырокіх публічных праяваў незадаволенасці з невядомым для ўлады вынікам.
Нагадаем, што Ліберальна-дэмакратычная партыя прапанавала адначасова з «выбарамі» ў мясцовыя «саветы» ў 2018 годзе правесці рэферэндум аб змяненні Канстытуцыі. ЛДП прапаноўвае перайсці на прапарцыйна-мажарытарную сістэму выбараў, а таксама павялічыць тэрмін паўнамоцтваў членаў «савета рэспублікі», «дэпутатаў» «палаты прадстаўнікоў» і «дэпутатаў» мясцовых «саветаў» з чатырох да пяці гадоў, а прэзідэнта - з пяці да сямі гадоў.
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што рэферэндум аб павелічэнні тэрмінаў паўнамоцтваў «прэзідэнта» і «дэпутатаў» «палаты прадстаўнікоў» можа адбыцца, «калі на тое будзе воля кіраўніка дзяржавы».