19 красавiка 2024, Пятніца, 9:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэжым слабее і яго сілы на зыходзе

55
Рэжым слабее і яго сілы на зыходзе
Мікалай Статкевіч

24 лістапада на плошчы Свабоды збяруцца беларусы, якія жадаюць вярнуць сабе скрадзеную 20 гадоў таму ўладу.

Пра гэта ў «Фэйсбуку» напісаў лідар беларускай апазіцыі, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч.

20 гадоў таму ў беларускага народа скралі ўладу. Крадзеж учыніў чалавек, якому народ даверыў галоўную дзяржаўную пасаду. Калі хто-небудзь думае, што галоўны адмоўны вынік таго злачынства - гэта эканамічны тупік і беднасць, то ён глыбока памыляецца.

Ва ўсякім грамадстве дастаткова супярэчнасцяў. Дэмакратыя дазваляе дамаўляцца ў спрэчных пытаннях. Механізм пошуку ўзаемаразумення вядомы. Людзі з рознымі поглядамі і інтарэсамі абіраюць сваіх прадстаўнікоў у парламент. Там іх дэпутаты шляхам дыскусій і галасаванняў шукаюць кампрамісы, якія хаця б у нейкай ступені задаволілі ўсе асноўныя групы грамадства.

Часам пошук кампрамісаў даецца цяжка. Узнікаюць спрэчкі, а ў паўднёвых краінах нават і бойкі паміж асабліва эмацыйнымі дэпутатамі, якія заўзята змагаюцца за інтарэсы тых, хто даў ім іх пасаду - іх выбаршчыкаў.

Беларуская тэлевізія з задавальненнем паказвае нам такія канфлікты - маўляў, глядзіце, што робіцца пры гэтай дэмакратыі. А ў нас стабільнасць і парадак.

На могілках таксама ўсё ціха і стабільна. Толькі там не жывуць.

Гэтая тэлевізійная прапаганда хоча адцягнуць нашу ўвагу ад таго, што ў Беларусі няма парламента. Таму што нельга ж назваць «парламентам» тэатр прызначаных марыянетак. Ды і рэальных паўнамоцтваў наш «парламент» не мае, бо ўказ Лукашэнкі вышэйшы за прынятыя парламентам законаў.

Таму нават калі прызначаныя іх гаспадаром «дэпутаты» захацелі б абараніць інтарэсы выбаршчыкаў, іх законы можна лёгка перакрэсліць указам дыктатара.

Такое становішча рэчаў існуе з 24 лістапада 1996 года, калі ў выніку толькі кансультатыўнага рэферэндуму Канстытуцыя краіны была незаконна змененая так, што ўся ўлада папала ў рукі аднаго чалавека. Я ўжо маўчу пра тое, як адбываўся той «рэфэрэндум».

У беларускага народа 20 гадоў таму забралі механізм пошуку ўзаемаразумення паміж рознымі групамі грамадства. А такое паразуменне трэба не толькі паміж рознымі сацыяльнымі групамі - прадпрымальнікамі, рабочымі, службоўцамі, сялянамі, пенсіянерамі. Яно трэба і паміж людзьмі розных палітычных поглядаў.

Напрыклад, больш за 90% беларусаў хочуць жыць у сваёй незалежнай дзяржаве. Але адны з іх бачаць будучыню Беларусі ў Еўразвязе, іншыя - у саюзе з Расеяй, а трэція - за межамі ўсякіх звязаў. У нармальнай дэмакратычнай краіне кірунак замежнапалітычнага развіцця дзяржавы выбірае парламент. Дэпутаты, якія прадстаўляюць інтарэсы выбаршчыкаў з рознымі поглядамі, шукаюць і знаходзяць кампраміс.

У нас такую пляцоўку для пошуку кампрамісу скралі 20 гадоў таму. Цяпер, калі грамадства прыдушанае рэжымам, нібыта, усё вонкава спакойна. Але рэжым відавочна слабее і яго час ужо на зыходзе. Што будзе, калі «сарве разьбу»? Як нам пазбегнуць грамадзянскіх канфліктаў?

А ёсць жа і пэўны адсотак нашых суграмадзян, якія не бачаць Беларусь незалежнай. Сярод іх некаторыя ўжо і паваявалі за далучэнне Данбаса да Расеі. Зброю ім таксама ёсць каму падкінуць. А там - хай толькі пачнецца. Загарыцца - не патушыш. Што робіць вайна з краінай, і якімі становяцца людзі на вайне, вядома многім. Паглядзіце на Украіну.

Каб у нас гэтага не было, беларусы павінны навучыцца дамаўляцца паміж сабой. Для гэтага трэба вярнуць сабе скрадзенае - нармальна абраны народам сапраўдны парламент, дзе толькі прадстаўнікі народа будуць вызначаць, куды рухацца і як жыць краіне. Хай лепш яны там сварацца або нават паб'юцца, чым народ пачне сам у сябе страляць на вуліцах.

Геапалітычны выбар краіны не павінен развязвацца на плошчах - гэта справа паўнамоцнага парламента, абранага на сумленных выбарах. Каб не дапусціць грамадзянскіх канфліктаў, беларусам трэба вярнуць сабе такі парламент, вярнуць сабе скрадзеную 20 гадоў таму ўладу.

Дыктатуры прыводзяць да войнаў.

24 лістапада а 18.00 на пл. Свабоды ў Менску пачнецца мітынг з нагоды 20-годдзя антыканстытуцыйнага перавароту. Мы ніколі не змірымся з захопам улады адным чалавекам.

Улада - народу!

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках