20 красавiка 2024, Субота, 12:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Надзеі Крамля на Трампа-хаўрусніка не апраўдаюцца

34
Андрэй Саннікаў: Надзеі Крамля на Трампа-хаўрусніка не апраўдаюцца

Трамп мог ісці супраць канонаў падчас кампаніі, але цяпер павінен вярнуцца ў сістэму амерыканскай улады.

Пра гэта ў інтэрв'ю charter97.org заявіў лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Андрэй Саннікаў.

- Як вы пракаментуеце перамогу Дональда Трампа на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША, якая для многіх стала сенсацыйнай і нечаканай?

- Для многіх можа быць і нечаканай, але гэта трэба было прадбачыць. Перамога Дональда Трампа была лагічнай, зыходзячы з усяго ходу прэзідэнцкай кампаніі ў ЗША. Яна была нават прадказальнай, і толькі нечаканасць магла перашкодзіць Трампу стаць прэзідэнтам.

Але перш за ўсё я хачу павіншаваць вялікага сябра Беларусі Джона Маккейна з пераабраннем у Сенат ЗША ад штата Арызона. А таксама павіншаваць амерыканцаў з выбраннем прэзідэнта краіны. Пакуль мы можам толькі з зайздрасцю назіраць за тым, як гэта адбываецца ў дэмакратычных краінах, асабліва ў ЗША.

Што тычыцца абранага прэзідэнтам Дональда Трампа, то можна сказаць адназначна: падчас выбарчай кампаніі ён, будучы кандыдатам ад Рэспубліканскай партыі, ішоў супраць сістэмы. Мы памятаем, якія гэта выклікала супярэчнасці ў самой партыі. Цяпер ён вяртаецца ў сістэму, якая існуе ў ЗША. Перш за ўсё – у сістэму моцных уладаў, не толькі выканаўчай, але і заканадаўчай і судовай. І Дональд Трамп вымушаны будзе дзейнічаць у рамках гэтай сістэмы.

Безумоўна, ад асобы прэзідэнта ў ЗША многае залежыць, але дэмакратычныя і дзяржаўныя інстытуты там вельмі моцныя, і ніводзін прэзідэнт не рызыкне пайсці супраць усіх. Падчас перадвыбарнай кампаніі гэта магчыма, але калі становішся прэзідэнтам, сітуацыя мяняецца.

Тут можна ўспомніць Рональда Рэйгана, якога спачатку таксама не ўспрымалі рэспубліканцы. Падчас першага ягонага з'яўлення ў Кангрэсе ЗША хтосьці нават сказаў фразу: «Ты цяпер у вышэйшай лізе, хлопец».

Тое ж самае трэба будзе спазнаць і Трампу. Цяпер не павінна ўзнікаць ні занадта аптымістычных, ні, наадварот, занадта алармісцкіх высноў. Трэба сачыць за тым, што будзе адбывацца ў рэальнасці.

- Вы мяркуеце, што як прэзідэнт ад Рэспубліканскай партыі, Дональд Трамп вымушаны будзе вярнуць моцную і паслядоўную лінію ЗША ў дачыненні да Расеі і краін Усходняй Еўропы?

- Я гэтага не казаў. Ёсць пэўныя асцярогі (і яны прагучалі ў амерыканскай прэсе) аб сувязях чальцоў каманды Трампа з Расеяй і надзеямі Крамля здабыць у новым прэзідэнце свайго хаўрусніка. Я адразу хачу сказаць: надзеям Расеі не наканавана апраўдацца.

Аднак тут ёсць небяспека якіх-небудзь угодаў з Расеяй з боку ЗША. Вось гэта ўяўляе сабой самую вялікую небяспеку. Усё астатняе, што тычыцца замежнай палітыкі ЗША, я ўпэўнены, увойдзе ў сваё звычайнае рэчышча.

Я не чакаю нейкіх асаблівых пераменаў у палітыцы ЗША ў дачыненні да Беларусі. Але думаю, што Еўропа вымушаная будзе шукаць адказы на многія выклікі самастойна. Таму што лінія Трампа на тое, каб не падтрымліваць дарагіх праектаў за мяжой на шкоду амерыканскім інтарэсам, прымусіць Еўропу задумацца аб лідарстве ў нашым рэгіёне.

Можна ўспомніць яшчэ і перадвыбарчы лозунг Трампа: «Вярнуць Амерыцы веліч». Нейкімі непрадказальнымі дзеяннямі ён гэтага не даб'ецца. А Трамп ўсё ж звяртае вялікую ўвагу на грамадскае меркаванне.

- Ці зменіцца палітыка Белага Дома ў пытанні падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі?

- Я магу адно сказаць: ЗША безумоўна прызнаюць новага беларускага прэзідэнта, які будзе абраны на дэмакратычных і празрыстых выбарах.

Чакаць нейкай асаблівай увагі да нас не даводзіцца. Трамп ўступае на пасаду ў перыяд сур'ёзнага сусветнага палітычнага крызісу, крызісу заходняга свету. Само абранне Трампа, як раней і пастанова аб выхадзе Брытаніі з ЕЗ, паказвае глыбіню гэтага крызісу і тое, якія высновы цяпер трэба зрабіць.

Я думаю, што зрабіць такія высновы – не толькі задача Трампа. Гэта агулам задача дэмакратычнага свету.

Што тычыцца замежнай палітыкі, скажу шчыра: я не бачу вялікіх поспехаў прэзідэнта Барака Абамы, а бачу вельмі шмат правалаў ягонай адміністрацыі, у тым ліку і ў пытаннях дапамогі дэмакратыі ў свеце.

Таму тут рэспубліканцы, па-мойму, змогуць заняць больш паслядоўную лінію.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках