25 красавiка 2024, Чацвер, 22:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пастка для тунеядца

72
Пастка для тунеядца

Краіне пашчасціла. Выйсце з крызісу знойдзена.

Яшчэ нядаўна шмат каму тут здавалася, што наперадзе ў нашай ганарыстай і надзвычай своеасаблівай эканомікі толькі безнадзейная цемра і непазбежны правал. І калі ўсеагульны песімізм дасягнуў небяспечнай рысы, перад тэлекамерамі зноў з’явіўся правіцель. Сабраў некалькі цётак з бліжэйшага атачэння ды гатовых да адміністрацыйных подзвігаў мужычкоў з адпаведнага кіраўніцтва. Такая вось надзвычайная нарада. Мазгавы нібыта штурм. Аднак гэтым разам нічога штурмаваць не давялося.

Спакойна і ўпэўнена галоўнакамандуючы абвесціў уласны план прарыву. Ён зразумелы і бездакорны. Чыноўнікі, якія прысутнічалі ў той светлай залі, проста знямелі ад зайздрасці: як жа мы самі да гэтага не дадумаіся?..

А вось у тым і праблема, што не дадумаліся. Адно слова – атачэнне. Няма таго імпэту. Толькі ў вялікіх чыноў могуць узнікаць надзвычай каштоўныя і акрыляючыя ідэі. Кажуць, скончыліся грошы? І нават пазычыць ужо няма дзе? Гэта ўсё дробязі. Грошы ёсць заўсёды. Трэба толькі ведаць, дзе іх можна ўзяць.

І вось ужо ў цэнтры ўвагі ўсёй краіны і яе мудрага кіраўніцтва бюракратычная паперка ўзору 2015 года. Нібы жартуючы, высокі начальнік заўважае, што народ залішне афіцыйную назву дакумента нумар тры прыняць не пажадаў. І сфармуляваў на свой капыл – “Дэкрэт супраць тунеядцаў”. Нічога дзіўнага, вакол Драздоў жывуць заўзятыя жартаўнікі.

Аднак гэтым разам ён паблажлівы: “Не будем спорить с народом. Декрет был направлен на ликвидацию сложнейшей проблемы – социального иждивенчества. Решение этой проблемы виделось в стимулировании трудоспособных граждан, которые могут и должны работать, к легальной трудовой деятельности и обеспечению использования конституционной обязанности по участию в финансировании госрасходов”.

Як закручана! І хто яму ўсё гэта напісаў? Няўжо сам? Надзвычай глыбокадумна. У вядомай кінаверсіі прыгодаў Бураціна лісіца і кот-валацуга сфармулявалі тую ж думку нашмат прасцей: “Гоните ваши денежки!”

А сутнасць крэатыўнай задумы з новым прышэсцем старога дэкрэта сумневу не выклікае. Грошай, як вядома, чакаць аднекуль звонку не даводзіцца. Час не той. Лузераў фінансаваць ужо не наважыцца ніхто. Таму кіраўніцтву застаецца хіба што толькі драць сем скур з усіх, хто не паспеў схавацца. Правіцель упэўнены, што ў народа грошы ёсць. Вось толькі падзяліцца не спяшаецца ніхто. А таму ўлада распачынае ўсеабдымны шмон. Кампанія экспрапрыяцыі рана ці позна закране ўсіх. Небаракі-тунеядцы проста першымі трапілі пад руку. І гэты напамін пра стары дэкрэт – выразны сігнал да адкрыцця паляўнічага сезона.

Пасля кампаніі гэтай будуць іншыя, больш цынічныя і нахабныя. Чынавенская казуістыка дасягнула найвышэйшага ўзроўню. Кожную пастанову, кожны пункт яны могуць трактаваць як заўгодна. Абы на іх карысць. Мэта ўсё тая ж: абкласці цярплівых грамадзян гэтай краіны новымі паборамі.

А чаго з імі цырымоніцца? Жывуць у сацыяльна арыентаванай дзяржаве пры такой клапатлівай уладзе, карыстаюцца ўсялякімі выгодамі, стаяць у жыццерадасных чэргах у нашых дзіўных паліклінікі, ламаюць косці на нашых знакамітых ходніках, гуртуюцца ў шматгалосыя калектывы ў тутэйшых на здзіўленне камфортных аўтобусах і трамваях і за ўсё гэта не хочуць плаціць напоўніцу? Вось улада і напамінае ўсім далікатна і цярпліва, што шчасце жыць у такой краіне ды яшчэ з такім унікальным кіраўніцтвам каштуе вельмі дорага.

Не падабаецца камусьці? А ніхто нікога не ўтрымлівае. На ўсе бакі дарога. З’едуць гэтыя, з’явяцца іншыя – з усходу. Так ці інакш, а колькасць тых, з каго можна нешта ўзяць, не памяншаецца. Статыстыка пра тое сведчыць. Да таго ж не ўсё так кепска ў нашай квітнеючай краіне. І лухта гэта ўсё, нібы тут зусім ужо грошай няма. Правіцель без сродкаў – гэта ж нейкі абсурд. Грошы ёсць. Толькі не ўсім дазволена ведаць, куды яны потым бясследна знікаюць. У добрай гаспадарцы кожны рубель на ўліку.

А таму падатковай службе было даручана яшчэ ў кастрычніку забяспечыць паступленне ў казну адпаведных прыбыткаў. Патэнцыйным тунеядцам разаслалі паведамленні. Аднак у хуткім часе высветлілася, што далёка не ўсе тыя лісты шчасця прынясуць рэальныя грошы. У той мітусні не пашкадавалі нават нябожчыкаў. Пра цяжарных жанчын, пенсіянераў, студэнтаў і нават салдат тэрміновай службы, якія таксама трапілі ў спісы тунеядцаў, ужо нават і гаварыць не даводзіцца.

Здавалася б, пасля такога канфузу гэты дэкрэт варта было б закінуць куды падалей і болей пра тое не ўзгадваць. Але дзе там! Упартаму рэжыму тэрмінова патрабуюцца грошы. Аднак адмаўляцца ад каманднай эканомікі, якая калісьці вынесла вырак Савецкаму Саюзу, тут ніхто не наважыцца. А таму ўсе размовы патэнцыйных інвестараў пра неабходнасць і непазбежнасць рэформаў выклікаюць тут толькі тупую злосць. І застаецца ў выніку ўсё той жа даўно апрабаваны спосаб затыкання дзірак – паборы.

І зноў па ўсёй краіне разгорнуты сеткі. Расстаўлены пасткі для тунеядцаў. Нібы паганыя грыбы пасла дажджу растуць і памнажаюцца штрафы. У Віцебскай вобласці пачалі ўжо нават апісваць маёмасць тых, хто залічаны ў спісы тунеядцаў. Ідзе татальны шмон на памежных пераходах. Трасуць усіх – ад старога да малога. Улада сэрцам чуе: грошы дзесьці павінны быць. Калі не ў кішэнях, дык у шкарпэтках. І не варта задаваць недарэчныя пытанні і, тым болей, здзіўляцца.

Калісьці байцы надзвычайных атрадаў на чале са сваімі непахіснымі камісарамі нават у разрабаваных вёсках знаходзілі што-небудзь карыснае. Чакісты прыхаванае маглі дастаць нават з-пад зямлі. А новае пакаленне чым горшае?

І не варта наракаць. Атрымалі ўсё, чаго хацелі. Менавіта тую ўладу, якая ні на што не здольная. Прыстойных варыянтаў папаўнення казны яна не ведае. І ведаць не хоча. Учорашнія раёншчыкі няблага ўладкаваліся ў гэтым жыцці. Для іх запасаў хопіць. А што потым будзе з народам і краінай, хвалюе іх не надта. Дажыць бы да вечара і не пакрыўдзіць чым-небудзь правіцеля. Усё астатняе – не вартае ўвагі.

А час ідзе. Вось ужо і снежань рыхтуецца сысці. І наўрад ці так істотна, хто да каго навагодняй ноччу завітае – Санта Клаус, Святы Мікола або ўсё той жа Дзед Мароз. Але не варта забываць, што гэтым разам у мяшку са святочнымі падарункамі можа апынуцца і чарговы ліст шчасця.

Дзядуля ў чырвонай шапцы тут ні ў чым не вінаваты. Гэта мудры правіцель зноў узгадаў пра гаманкі сваіх рахманых суайчыннікаў. Калі злыя крэдыторы з краін невядомых і далёкіх болей грошай не даюць, іх заўсёды можна ўзяць дзе-небудзь паблізу. Браткі на пачатку дзевяностых вострую патрэбу тлумачылі прымітыўна і нахабна: дзяліцца трэба! А вось у нас усё элегантна і карэктна – “канстытуцыйны абавязак па ўдзелу ў фінансаванні дзяржвыдаткаў”. Або прасцей – наш грамадзянскі доўг.

Шкада толькі, што ніхто ўжо не памятае, гэта калі і колькі мы ў іх пазычалі? А можа, усё было якраз наадварот?

Уладзімір Халіп, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 72

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках