25 красавiка 2024, Чацвер, 23:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрт: Неабходнае выхаванне ў духу нацыянальнай ідэнтычнасці

9
Экспэрт: Неабходнае выхаванне ў духу нацыянальнай ідэнтычнасці

Гэта аўтаматычна будзе весці да росту дэмакратычных настрояў.

Ці сфармаваліся беларусы за 25 гадоў незалежнасці як нацыя і ці гатовыя супрацьстаяць знешнім пагрозам самаідэнтыфікацыі?

Пра гэта Заўтра тваёй краіны распавёў дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

– Адны краіны становяцца больш адкрытымі, іншыя — закрываюцца. Як на глабальныя і рэгіянальныя выклікі рэагуе Беларусь?

– На жаль, улада ніяк не рэагуе на выклікі, якія стаяць перад краінай. Цяпер, вядома, ёсць трэнд выдаць палітыку Беларусі як нейкую ўсвядомленую пазіцыю нейтралітэту, перамоўнай пляцоўкі, месцы сустрэч паміж Усходам і Захадам. Але гэта, хутчэй, міфалогія, якая ствараецца для атрымання пэўных выгод.

Беларусь знаходзіцца ў рэактыўнай фазе і прымае прапановы, якія спрыяюць утрыманню такой сітуацыі. Пры гэтым кіраўніцтва краіны імкнецца дыстанцыявацца ад тых працэсаў, якія відавочна нясуць негатыўны вынік. Напрыклад, мы не падтрымліваем расейскія санкцыі супраць Захаду. Гэта — разумна. Але ў той жа час мы не будуем асэнсаваныя праграмы развіцця нацыянальнай ідэнтычнасці.

– Як на самаідэнтыфікацыю беларусаў уплываюць магутныя плыні расейскай прапаганды?

– Ідэалогія «расейскага свету» і расейскі інфармацыйны кантэкст, у які мы трапляем, ствараюць дадатковыя бар'еры. Яны размываюць і без таго не вельмі моцную нацыянальную ідэнтычнасць.

Пры гэтым Беларусь усё ж стараецца абмяжоўваць негатыўны ўплыў расейскіх медыяканалаў. Прыклад – нядаўняе затрыманне людзей, якія распаўсюджвалі антыбеларускія ідэі ў радыкальных формах. Але гэтага — вельмі мала. Не стае праграмы, якая была б накіраваная на масавую грамадзянскую адукацыю.

Улады не могуць вырашыцца на такую праграму не толькі праз магчымую негатыўную рэакцыю «вялікага брата», але і таму, што гістарычна беларуская нацыянальная ідэнтычнасць моцна звязаная з прадэмакратычнымі, праеўрапейскімі ўстаноўкамі. Выхаванне ў духу беларускай культуры і нацыянальнай ідэнтычнасці аўтаматычна будзе весці да росту ў грамадстве настрояў, якія не вельмі пазітыўна ўспрымаюцца рэжымам. Гэта значыць, будуць узрастаць патрабаванні да культурнай аўтаноміі, а потым і палітычнай свабоды.

– Тым не менш улады робяць некаторыя крокі ў бок «мяккай беларусізацыі»?

– Я не бачу ў гэтым кірунку вялікіх крокаў ні наперад, ні назад. Тое, што вы называеце «мяккай беларусізацыяй», на самай справе, толькі непаслядоўныя крокі дзяржавы, якія прыадчыняюць пэўныя магчымасці. Улады разумеюць агульны сэнс працы: каб нацыянальная ідэнтычнасць умацоўвалася, трэба пашыраць культурную плынь, створаную беларусамі для беларусаў. Іншымі словамі, неабходна даць свабоду беларускай культуры. А калі з'явіцца магчымасць, гэтыя ініцыятывы будуць расці як грыбы, ахопліваючы ўсе большую колькасць людзей.

Але гэта супярэчыць логіцы паўсюднага кантролю. Што рабіць, калі працэсы выйдуць з-пад кантролю? Дзяржава не мае ўяўлення, як з імі спраўляцца.

– Што цяпер адбываецца ўнутры беларускага грамадства?

– У момант піка падзей ва Украіне беларускае грамадства падзялілася. Тады адчувалася відавочнае напружанне. Цяпер грамадскія настроі супакоілася, бо знізіўся градус узаемаадносін Кіева і Масквы.

Нельга скідаць з рахункаў і нашу «памяркоўнасць». У сукупнасці з вострым пачуццём свайго, тэрытарыяльнага, яна змушае нас пагаджаецца адзін з адным, мірна суіснаваць. Бо нават беларуская «прарасейскасць» — асаблівая. Яна не мае на ўвазе перадачу суверэнітэту наднацыянальным структурам або наўпрост Крамлю.

Беларусы хочуць жыць у сваёй краіне. За дваццаць гадоў яны адчулі, што незалежнасць – добра. Беларуская нацыя сфармавалася. Якіх бы поглядаў ні прытрымліваліся розныя групы грамадства, сваю дзяржаву і незалежнасць для іх значна важней. Цяпер трэба гэта ўтрымаць.

– Як утрымаць пачуццё нацыянальнай ідэнтычнасці?

– З аднаго боку, можна выкарыстоўваць машыну цэнтралізацыі ўлады для ўкаранення любых ідэй у грамадства. Але гэта небяспечны ход, таму што ў прадстаўленні нацыянальнай ідэнтычнасці і спосабах яе пабудовы галава чалавека, які сядзіць у кіраванні, так жа пустая, як і ў сярэдняга грамадзяніна. Такая пастанова будзе правальнай: крок наперад і два назад.

Ёсць і іншы шлях: хоць бы часткова вызваліць інфармацыйную і культурную сферы. Улады павінны дазволіць праявіцца ўсяму добраму, што ёсць у беларускай культуры. Трэба даць магчымасць маладым рэжысёрам здымаць добрае беларускае кіно, нацыянальным пісьменнікам – масава выдаваць кнігі, незалежным СМІ – свабодна распаўсюджваць інфармацыю. Тады інтарэс да сваёй культуры і мовы будзе расці.

Дарэчы, у грамадстве даўно ёсць запыт і на беларускую мову, і на культуру. Не ўсе беларусы цяпер гавораць на роднай мове, але масава яе любяць. Часткова праз налёт элітарнасці: у насельніцтва склаліся асацыяцыі, што беларуская мова – гэта культурна і якасна.

Важную ролю ў фармаванні і захаванні нацыянальнай ідэнтычнасці адыгрывае адукацыя, таму што яна фармуе будучыню пакалення. Неабходна мяняць змест цяперашніх падручнікаў па гісторыі. А без дзяржаўных рычагоў тут не абысціся.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках