28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі: «Сітуацыя з правамі чалавека застаецца замарожанай»

4
Алесь Бяляцкі: «Сітуацыя з правамі чалавека застаецца замарожанай»
АЛЕСЬ БЯЛЯЦКІ

Сёння — Міжнародны дзень правоў чалавека.

У сферы правоў чалавека ў Беларусі за апошні год адбыліся некаторыя станоўчыя змены, аднак праблема іх захавання па-ранейшаму актуальная. Такое меркаванне БелаПАН выказалі беларускія праваабаронцы з нагоды Міжнароднага дня правоў чалавека, які адзначаецца 10 снежня.

«Сітуацыя з правамі чалавека застаецца замарожанай. З тых часоў, як летась улады выпусцілі палітвязняў, ніякіх істотных змен не адбываецца. Улады працягваюць кантраляваць грамадскую актыўнасць. Пры гэтым жорсткія практыкі кантролю замянілі на больш мяккія — гэта вельмі прыкметна па адміністрацыйных працэсах у дачыненні да палітычных актывістаў, што звычайна заканчваюцца штрафамі», — адзначыў кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна», пазбаўленага рэгістрацыі ў 2003 годзе, Алесь Бяляцкі.

Праваабаронца звярнуў увагу, што ціск на палітычна актыўных грамадзян доўжыцца. «Напрыклад, колькасць пакараных за правядзенне мірных сходаў сёлета, паводле нашых падлікаў, павялічылася ўтрая. Штрафы сумаю 300-500 даляраў б'юць па кішэні», — дадаў праваабаронца.

Такім чынам, мяркуе Бяляцкі, улады працягваюць абмяжоўваць грамадскую актыўнасць грамадзян, і ніякіх станоўчых зменаў у цэлым тут не адбываецца. Экспэрт звярнуў увагу на тое, што трансфармацыі, якія адсутнічаюць на заканадаўчым узроўні. «Сітуацыя не выпраўляецца. Гэта значыць, што ў любы момант пры змене палітычнай кан'юнктуры мы зноў можам вярнуцца ў жорсткае супрацьстаянне грамадзянскай супольнасці і ўладаў. Гэта нас турбуе, перыяд пэўнай лібералізацыі мы ўжо перажывалі ў 2007-2008 гадах, але мы памятаем, чым усё скончылася пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года», — падкрэсліў ён.

Бяляцкі скептычна ставіцца да прыняцця Беларуссю ў кастрычніку Нацыянальнага плана ў правах чалавека. «Пакуль ацэньваць план рана. Дзясяткі, калі не сотні, пастаноў урада не выконваліся або спускаліся на тармазах. Тут павінна быць палітычная воля для змены агульнага палітычнага клімату ў краіне, а яе на сёння няма», — мяркуе праваабаронца.

З'яўленне «як пазітыўных, так і сумных нюансаў» ў сферы выканання правоў чалавека ў 2016 годзе ў Беларусі адзначыў старшыня РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» Алег Гулак.

«Сум у тым, што нейкага сістэмнага пералому на практыцы няма. Станоўчым момантам пры гэтым стала з'яўленне Нацыянальнага плана правоў чалавека, які надаў сферы больш-менш акрэслены кірунак. Важна, што Беларусь акрэсліла гэтыя намаганні, а не працягнула дэманстраваць свой асаблівы шлях з усімі вынікаючымі з гэтага наступствамі», — сказаў праваабаронца.

Гулак падкрэсліў, што, нягледзячы на іх змякчэнне, рэпрэсіўныя практыкі ў дачыненні да грамадзян, якія ўдзельнічаюць у мірных сходах, працягваюцца. «Гэта кажа пра адсутнасць сістэмных зменаў ва ўспрыманні ўладамі права на мірныя сходы», — дадаў ён.

Пры гэтым старшыня БХК мяркуе, што ў некаторай лібералізацыі судовай практыкі ў дачыненні да апазіцыйных актывістаў не варта перабольшваць ролю скасавання санкцый ЕЗ. «Цяжка сказаць, што ў гэтым выпадку з'яўляецца прычынай, а што следствам. Гатоўнасць пайсці насустрач прадэманстравалі і афіцыйныя ўлады, і ЕЗ, сваю ролю адыгралі геапалітычныя і эканамічныя фактары», — падкрэсліў Гулак.

Міжнародны дзень правоў чалавека прымеркаваны да гадавіны прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Гэты дакумент быў прыняты Генеральнай асамблеяй ААН 10 снежня 1948 года і стала агульнай нормай, ў дасягнення якой павінны імкнуцца народы ўсіх краін. Дэкларацыя абвяшчае правы асобы, грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды — роўнасць усіх перад законам, права кожнага на свабоду і асабістую недатыкальнасць, свабоду сумлення і іншыя. Усе людзі, згодна з дэкларацыяй, маюць роўныя правы незалежна ад іх асобасных адрозненняў і розніцы ў палітычных сістэмах іх краін.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках