23 красавiка 2024, aўторак, 17:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анджэй Пісальнік: Праўладны саюз палякаў - марыянетка беларускіх спецслужбаў

4
Анджэй Пісальнік: Праўладны саюз палякаў - марыянетка беларускіх спецслужбаў
АНДЖЭЙ ПІСАЛЬНІК

Саюз палякаў Беларусі не збіраецца садзіцца за стол перамоваў з марыянеткамі ўладаў.

Маршалак польскага Сейму Станіслаў Карчэўскі падчас афіцыйнага візіту ў нашу краіну выказаў надзею, што ў найбліжэйшы час праблемныя пытанні, якія тычацца Саюза палякаў Беларусі, будуць развязаныя. Але пакуль што саюзаў палякаў па-ранейшаму два, паведамляе «Белсат».

У студзені 2009 года прадстаўнікі непрызнанага ўладамі Беларусі Саюза палякаў абаранялі «Польскія дамы» ва ўсёй нашай краіне перад сваімі нечаканымі «пераемнікамі». Больш за 10 гадоў таму арганізацыя раскалолася на дзве – на неафіцыйную ў Беларусі, але з падтрымкай Польшчы, і на прызнаную ўладамі нашай краіны, але не прызнаную за заходняй мяжой.

«Мы не сядаем з імі, з Лысым і ягонымі памочнікамі, за стол перамоваў, бо мы не ўважаем іх за самастойных людзей. Мы мяркуем, што яны з'яўляюцца марыянеткамі беларускіх уладаў і канкрэтна беларускіх спецслужбаў», – падкрэсліў прэс-сакратар неафіцыйнага СПБ Анджэй Пісальнік.

Менавіта акцыяй спецслужбаў называюць яны падзеі 2005 года. Тады на з'ездзе саюза старшынёй абралі Анжэліку Борыс. Але Міністэрства юстыцыі з вынікам не пагадзілася і прымусіла правесці перавыбары. Са словаў праваабаронцаў, яны прайшлі ў варунках ціску ўладаў на дэлегатаў. Кіраўніком праўладнай арганізацыі стаў Юзэф Лучнік, а саюз Анжэлікі Борыс выявіўся па-за законам.

На сваёй зямлі беларускія палякі зазналі арышты, фінансавыя пераследы, суды.

Паводле звестак апошняга перапісу насельніцтва ў Беларусі жыве блізу 300 тысяч прадстаўнікоў польскай меншасці.

Нагадаем, што сёння ў Горадні прайшоў з'езд СПБ, на якім было пастанавілі, што Анжэліка Борыс ачоліць Саюз палякаў Беларусі ў найбліжэйшыя чатыры гады.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках