19 красавiка 2024, Пятніца, 13:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менскай вобласці забаранілі выходзіць на лёд

21
У Менскай вобласці забаранілі выходзіць на лёд

На тэрыторыі Менскай вобласці загадам Менаблвыканкама ўведзеная забарона выхаду на лёд.

Толькі за суткі, 9 снежня ў рэгіёне патанулі 6 чалавек, яшчэ некалькіх паспелі выратаваць, сёння, 10 снежня, шукаюць яшчэ аднаго — на возеры Мароські ў Маладзечанскім раёне знойдзены вялікі правал на лёдзе і скрыня з рыбацкімі прыладамі, піша tut.by.

Паводле звестак МНС і Таварыства выратавання на вадзе, усе загінулыя і выратаваныя — рыбакі: як мянчукі, так і мясцовыя жыхары.

У Любанскім раёне ўчора пад тонкі лёд праваліліся тры чалавекі. Двое змаглі выбрацца самастойна, трэці — 54-гадовы рыбак — патануў.

Каля вёскі Сухлічы Клецкага раёна пад лёд праваліліся мужчына і жанчына: 55-гадовага рыбака выратаваць не ўдалося, ён патануў, жанчына з сур'ёзным пераахаладжэннем у рэанімацыі.

У Дзяржынскім раёне каля вёскі Паланевічы патанулі двое рыбакоў.

Паблізу вёскі Волма таго ж раёна супрацоўнікі АСВОД толькі сёння, праз суткі, знайшлі і дасталі з вады цела дваіх патанулых рыбакоў. Адзін з выратаваных мужчын з сур'ёзным пераахаладжэннем цяпер у рэанімацыі.

У МНС нагадваюць: у перыяд адлігі рэкі і азёры асабліва небяспечныя, бо з перападамі тэмператур змяняецца не толькі таўшчыня лёду, але і яго структура. Лёд блакітнага адцення — самы трывалы. Бяспечным для вагі чалавека ўважаецца лёд таўшчынёй не менш 7 см. Лёд, які мае адценні шэрага, матава-белага або жоўтага колеру, з'яўляецца ненадзейным, ён абвальваецца без папераджальнага патрэсквання. Самы ж тонкі лёд, як правіла, у месцах упадання ў рэчышча рэк ручаёў, у месцах змены кірунку плыні рэк, ля абрывістых берагоў, а таксама пад тоўстым пластом снегу і ў месцах росту кустоў і дрэў у вадзе.

Калі вы праваліліся пад лёд, галоўнае — не паддавацца паніцы. Пакуль паміж слаямі адзення застаецца паветра, вы зможаце трымацца на плыву. Каб выбрацца з палонкі, налягайце грудзьмі на лёд і шырока расстаўце рукі, тым самым вы павялічыце плошчу апоры і паменшыце ціск на беражок лёду. Выбраўшыся з вады, уставаць катэгарычна забаронена, бо застаецца небяспека зноў праваліцца пад лёд, — варта адкаціцца далей і паўзком дабірацца да берага.

Калі вы раптам сталі відавочцам здарэння, то ў першую чаргу ацаніце абстаноўку і падумайце: ці зможаце вы самі дапамагчы чалавеку або лепш паклікаць яшчэ каго-небудзь на дапамогу. Таму што пры няправільных дзеяннях ёсць пагроза самому папасці ў бяду. Для надання дапамогі ўзбройцеся палкай альбо вяроўкай, падпаўзіце да месца праломіны лёду за 3-4 м і падайце пацярпеламу другі канец наяўнага сродку выратавання. Пасля выцягвання чалавека з вады яго неабходна адразу ж адвесці ў цёплае месца і выклікаць хуткую дапамогу. У выпадку, калі вам неабходная дапамога ратавальнікаў, неадкладна тэлефануйце на тэлефон 101 або 112.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках