24 красавiка 2024, Серада, 6:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Два кубкі і пыласмок важнейшыя для Лукашэнкі, чым інвестыцыі ў эканоміку»

18
«Два кубкі і пыласмок важнейшыя для Лукашэнкі, чым інвестыцыі ў эканоміку»

Дыктатар не ў стане зразумець, што захаванне правоў чалавека наўпрост адбіваецца на эканоміцы краіны.

Правы чалавека не ідуць «у дадатак» да эканамічнага росту, а з'яўляюцца ягоным неад'емным складнікам і нават прычынай. Як справавой мовай абгрунтаваць неабходнасць забеспячэння базавых правоў і свабодаў? «Беларускі часопіс» разбіраўся разам з Беларускім хельсінкскім камітэтам (БХК).

У канцэпту правоў чалавека ў Беларусі спецыфічная рэпутацыя. Для чыноўніка праваабаронца – гэта ўвогуле чужы персанаж, які жыве ў Брусэлі і адтуль толькі і крытыкуе усё і ўсіх у Беларусі за парушэнні: ад выбараў да барацьбы з дармаедамі.

Адзін з галоўных стэрэатыпаў улады: забяспечваць правы чалавека вельмі дорага і гэта могуць сабе дазволіць толькі багатыя дзяржавы накшталт Швэцыі. Як паказвае даследаванне «Эканоміка правоў чалавека», праведзенае дацкім інстытутам правоў чалавека і прапанаванае ў перакладзе з рэдактурай БХК, сувязь тут наўпрост супрацьлеглая. Забеспячэнне правоў чалавека станоўча адбіваецца на эканоміцы і павялічвае ВУП.

Парушаць правы чалавека таксама «выгодна» – можна ажно два кубкі канфіскаваць

Звычайна абмеркаванне будучых эканамічных рэформаў і размовы пра забеспячэнне правоў чалавека вядуцца ў паралельных рэальнасцях, якія не вельмі перасякаюцца. На практыцы ж рэфармаванай краіне даводзіцца сутыкацца з гэтымі пытаннямі адначасова і неяк іх спалучаць.

Застаецца зразумець, як звязаныя правы чалавека з эканамічным ростам і што з іх першаснае: эканоміка ў росце сама пасля забяспечыць ПЧ або трэба клапаціцца пра ПЧ, каб расла эканоміка?

Зрэшты, сёння ў Беларусі і тут «асаблівы шлях»: эканамічныя прэферэнцыі забяспечваюцца вельмі сумнеўнымі з пункту гледжання рэалізацыі правоў чалавека спосабамі. Напрыклад, замест забеспячэння права на свабоду сходаў можна за такія сходы актывістаў штрафаваць – за паўтара года атрымаецца больш за $ 50 000. Праўда, прыбыткі гэтыя гіпатэтычныя, бо з палітыкаў і актывістаў асабліва ўзяць няма чаго, два кубкі і пыласмок. Ад правоў чалавека, мяркуючы паводле дацкага даследавання, карысці значна больш.

Зрэшты, наіўна меркаваць, быццам правы чалавека – гэта такая чароўная таблетка, ад якой эканоміка адразу стане здаровай і расквітнелай. Аўтары даследавання выводзяць доўгія формулы, мяркуючы з якіх гаворка ідзе пра рост на дзясятыя дзелі адсотка. Але прынцыповы момант тут не ў канкрэтных лічбах.

Па-першае, нават невялікі рост – гэта рост, а не страта. Правамі чалавека эканоміку нельга падняць з каленяў, але і непасільнай ношай яны не становяцца, а ўсё ж дапамагаюць расці. Па-другое, рост, заснаваны на рэалізацыі правоў чалавека, выглядае больш даўгавечным і стратэгічным.

Устойлівыя інстытуты для доўгатэрміновага росту

Прамой, утульнай залежнасці паміж правамі чалавека і эканамічным ростам не існуе. Нельга вырасці ў якім-небудзь ПЧ-рэйтынгу, як Беларусь расце ў Doing Business, і ад гэтага рэзка атрымаць прыбаўку да ВУП. Хутчэй наадварот: добра вядомыя прыклады хуткага аўтарытарнага росту. Забеспячэнне ж правоў чалавека дзейнічае на перспектыву і звязанае з будаўніцтвам трывалых інстытутаў улады і ўстойлівым развіццём.

Добрыя інстытуты абараняюць ад захопу ўлады элітай, прывабліваюць інвестыцыі, дапамагаюць змагацца з карупцыяй. І ў іх аснове ляжаць якраз вытворныя ад правоў чалавека.

Даследаванне 35 зменных чыннікаў у 73 краінах у перыяд з 1960 да 2000 года ў якасці адной з чатырох базавых варункаў эканамічнага росту называе якраз інстытуцыйныя і кіраўніцкія чыннікі, выкарыстоўваючы ў якасці паказніка ступень ажыццяўлення палітычных правоў і грамадзянскіх свабодаў грамадзянаў. Бо гэтыя сігналы – першы індыкатар умацавання вяршэнства права ў цэлым, без якога ніякага эканамічнага росту не відаць. І ў цэлым можна чакана назіраць наўпростыя карэляцыі паміж эфектыўнасцю дзяржкіравання, кантролем над карупцыяй і вяршэнствам права.

Ды і іншыя агульныя прынцыпы правоў чалавека – удзел грамадзянаў, падсправаздачнасць і празрыстасць дзяржавы – патрэбныя для эфектыўнай працы інстытутаў і з чыста эканамічнага пункту гледжання. Калі ж гаворка ідзе пра чыннікі, які ўплываюць на больш доўгатэрміновы рост, то дацкія даследнікі вылучаюць зноў жа тры ключавыя свабоды ў правах чалавека: свабода слова, свабода асацыяцый і свабодныя выбары.

Правы чалавека як спорт

Ці магчымы кампраміс паміж забеспячэннем правоў чалавека і эканамічным ростам на карысць апошняга? Гэта пытанне пра тое, ці магчымы Сінгапур і, шырэй, Кітай. Але наколькі доўгатэрміновы такі шлях аўтарытарнай мадэрнізацыі?

У доўгатэрміновай перспектыве выбудоўванне ўстойлівых інстытутаў усё адно неабходнае (а гэтыя інстытуты, як мы памятаем, непасрэдна завязаныя на правы чалавека). Сітуатыўныя чыннікі – накшталт спрыяльнай кан'юнктуры коштаў на рэсурсы або моцнага нацыянальнага лідара – з часам самі сыходзяць.

Сістэма касцянее і становіцца прыгнятальнай для вольных стасункаў паміж людзьмі, бізнэсам, грамадскімі структурамі, здушваецца ініцыятыва. Багаты сярэдняй клас патрабуе якаснай сацыяльнай мадэлі, уплыву на дзяржаву і прыняцце пастановаў. Усе гэтыя чыннікі робяць забеспячэнне правоў чалавека проста неабходным для эфектыўнай эканомікі і развіцця грамадства.

Такі інструментальны падыход можа бянтэжыць: калі правы чалавека разглядаюцца як інструмент для ўстойлівага эканамічнага росту, а не проста як каштоўныя самі ў сабе. Зрэшты, эканамічныя эфекты ад забеспячэння правоў чалавека ані не прымяншаюць іх базавай каштоўнасці. Аднак гэта спосаб растлумачыць важнасць рэалізацыі правоў чалавека нават для тых, хто пакуль не вельмі разумее, навошта гэтыя правы чалавека патрэбныя.

Гаворачы мовай спартоўцаў, аўтарытарная мадэрнізацыя – гэта стэроіды: хуткі вынік, але ненадоўга, наперадзе хутчэй чакаюць праблемы. А забеспячэнне правоў чалавека – гэта натуральныя трэніроўкі, кажа дацкі даследнік Ханс-Ота Сана: «Мы не вядзем размову пра хуткія пастановы з хуткім вынікам. Намаганні акупляюцца толькі ў перспектыве, але акупляюцца непазбежна».

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках