28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Памежнікі «абрэзалі» гароды ў жыхароў Гомельшчыны

3
Памежнікі «абрэзалі» гароды ў жыхароў Гомельшчыны

Дэмаркацыю беларуска-ўкраінскай мяжы на поўдні краіны праводзяць у літаральным сэнсе «па жывым».

На Гомельшчыне праходзіць дэмаркацыя беларуска-ўкраінскай мяжы. У выніку беларускую вёску Глыбоцкае і ўкраінскае сяло Ільмоўка падзяліла мяжа. Акрамя таго жыхарам Глыбоцкага яшчэ і абрэзалі гароды, якія падыходзяць да дэмаркацыйнай лініі, паведамляе «Белсат».

АНДРЭЙ, ЖЫХАР ВУЛ. УСХОДНЯЙ:

«Мы з бацькам нават гной паспелі прывезці, а той зямлёй ужо не маем права карыстацца».

Вуліца Усходняя – апошняя ў Глыбоцкім перад украінскай мяжой. У Андрэя з 23 сотак зямлі забралі палову – якраз тую, дзе раней пасадзілі бульбу, другі хлеб беларускага селяніна. Прычым гарод не падыходзіць непасрэдна да лініі мяжы. Наадварот – далей за ім ідзе яшчэ вялікі кавалак зямлі. Амаль на кіламетр.

АНДРЭЙ, ЖЫХАР ВУЛ. УСХОДНЯЙ:

«Калі ўчастка не будзе, гэта самі разумееце – гіблая справа. Самі ведаеце, якія цяпер заробкі. Для мяне ўчастак – гэта ўсё». У кожнага жыхара Глыбоцкага свая гісторыя з абразаннем надзелаў. У шматдзетнай маці Алы, жыхаркі вуліцы Леніна, зусім нечакана для яе, адабралі частку гароду.

АЛА, ШМАТДЗЕТНАЯ МАЦІ, ЖЫХАРКА ВУЛ. ЛЕНІНА:

«У мяне забралі гарод, які ўжо быў узараны. Можа, хай бы забіралі неўзараныя гароды, а нашы не чапалі б?»

Ала кажа, што ёй прапаноўвалі замену – на іншай вуліцы. Аднак яна цэлы дзень працуе на ферме і ў яе няма часу апрацоўваць агарод на іншым канцы пасёлка. У Маркавіцкім сельсавеце, да якога належыць Глыбоцкае, абяцалі кампенсацыі.

ВАЛЯНЦІНА СЛЮНЬКОВА, КІРАЎНІЦА СПРАВАЎ МАРКАВІЦКАГА СЕЛЬСАВЕТА:

«Тыя ўчасткі, на якіх пасеяная азіміна, дзе былі ўнесеныя арганічныя ўгнаенні, паводле гэтых участкаў будуць кампенсацыі грамадзянам. Павінен чалавек паказаць, куды яму ўносіць арганічныя ўгнаенні. Таму я думаю, што насельніцтва зусім не пацерпіць».

У той самы час дэмаркацыя дзяржаўнай мяжы Беларусі з Украінай прадаўжаецца. Пакуль толькі трэць мяжы ўпарадкаваная. Варта спадзявацца, што досвед Глыбоцкага навучыць улады быць больш уважлівымі да вяскоўцаў, якія жывуць у памежнай паласе.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках