18 красавiка 2024, Чацвер, 17:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хворыя і памерлыя таксама заплацяць падатак на дармаедства

48
Хворыя і памерлыя таксама заплацяць падатак на дармаедства

Хворую на анкалогію жыхарку вёскі Лукамер Святлану Велясевіч дзяржава прымушае плаціць падатак на дармаедства.

Жанчына не разумее, за што павінна аддаваць грошы, якіх і без таго не стае на самыя асноўныя патрэбы.

«Я не працую ўжо восем гадоў. У мяне была саркома. Пяць гадоў я была на групе. Потым не паехала на камісію, бо не было грошай, каб паехаць. Зімой заробкі мізэрныя, а мне трэба было ехаць у лютым. Тры гады я трымаю сваю гаспадарку, харчуемся, дзякуючы гароду», - прызнаецца Святлана Велясевіч у інтэрв'ю Белсату.

Вырошчваеш бульбу? Плаці падатак!

Жанчына была перакананая, што вядзенне хатняй гаспадаркі вызваляе яе ад падатку. Але чыноўнікі мяркуюць інакш.

«Я паехала ў сельсавет, а мне там сказалі, што я не трапляю пад катэгорыю людзей, якіх вызвалілі ад падатку, бо ў мяне не дваццаць пяць сотак, толькі васемнаццаць», - распавядае Святлана.

Хто служыць у войску, той - дармаед

А гэта іншая гісторыя ў тым жа Бярозаўскім раёне ў вёсцы Кабакі. Ліст «шчасця» атрымаў сын мясцовага дэпутата сельсавета Валерыя Білібухі. Здзіўленне было вялікае, бо Вадзім Білібуха летась вярнуўся з войска і год як працуе ў мясцовым лясніцтве.

«Што атрымліваецца? Дзяржава забрала майго сына ў войска, забрала ягоныя паўтара года працоўнага стажу, а цяпер запісалі ў дармаеды? Што такое дзеецца ў гэтай дзяржаве?», - абураецца дэпутат сельсавета Валерый Білібуха.

Мерцвякі-валацугі - рэальнасць?

У сваю чаргу ў вёску Малышы прыйшлі паведамленні аб спагнанні падатку з тых, хто ўжо ніколі не зможа заплаціць.

«Усіх лістоў «шчасця» памерлым прыйшло пяць. Атрымліваецца, што нават нябожчыкі павінны плаціць?», - кажа Білібуха.

Чыноўнікі супакойваюць

Падатковая інспекцыя Бярозаўскага раёна аб памылках кажа неахвотна. Аднак чыноўнікі запэўніваюць, што гатовыя выслухаць кожнага, у каго ёсць прэтэнзіі.

«Калі грамадзянін атрымаў паведамленне і ў яго ёсць падставы для вызвалення ад збору або памяншэнні ягонай сумы, ён павінен цягам трыццаці дзён звярнуцца ў падатковую інспекцыю, падаць неабходныя дакументы. На падставе гэтых дакументаў збор можа быць перагледжаны», - запэўнівае Вольга Клімашэвіч з падатковай інспекцыі Бярозаўскага раёна.

Што рабіць, калі дакументаў няма?

Дзе ўзяць такія «неабходныя дакументы» тым, у каго іх няма. Некалькі месяцаў таму СМІ распавядалі пра лёс жыхароў Краснапольскага раёна на Магілёўшчыне. Жыхары большасці вёсак вельмі даўно застаюцца без працы, бо знайсці яе тут немагчыма. Цэнтры занятасці таксама разводзяць рукамі. Людзі жывуць у беднасці. Пры гэтым некаторыя атрымалі паведамленні аб спагнанні некалькіх мільёнаў падатку за дармаедства. Дапамагчы разарваць замкнёнае кола яны прасілі дыктатара.

«Сказалі, што працы няма, плаціць няведама за што не жадаю. Дапамажыце мне! Дайце мне хоць якую працу!», - патрабаваў Мікалай Канаплянік, жыхар вёскі Раманька.

Такіх людзей у Беларусі могуць быць тысячы. Пакуль іх голас застаецца не пачутым у кабінетах чыноўнікаў. Прэзідэнцкі ўказ аб прадухiленнi дармаедства быў падпісаны летась. Дакумент прадугледжвае падатковыя зборы плошчы ў суме 20 базавых адзінак з кожнага, хто не ўдзельнічае ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках