28 сакавiка 2024, Чацвер, 13:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму каталіцкага святара ўлады баяцца больш, чым чатырох тысяч вагонаў войска РФ?

7
Чаму каталіцкага святара ўлады баяцца больш, чым чатырох тысяч вагонаў войска РФ?

Пытанне, якое на першы погляд можа здацца абсурдным і дзіўным, на самай справе мае права прагучаць.

Пра гэта ў выданні «Крыніца» піша каталіцкі святар з Расонаў Вячаслаў Барок.

Са справай уезду ў наступным годзе ў нашу краіну больш за чатыры тысячы вагонаў са зброяй, вайсковай тэхнікай і салдатамі расейскага войска больш-менш усё зразумела. Афіцыйна маюць прайсці сумесныя вучэнні. Неафіцыйна, кожны думаючы і ведаючы сваю гісторыю беларус цудоўна разумее, няма чаго расейскаму войску рабіць у Беларусі, ды тым больш аж у такой колькасці. Ні да чаго добрага гэта не давядзе. Тым не менш, калі расейскі бок падае інфармацыю, што такое адбудзецца, то, думаю, беларускі афіцыйны бок гэта ўжо ўзгадніў альбо ўзгадніць пазней. Ва ўсялякім выпадку, не было пакуль ніякай афіцыйнай рэакцыі з боку нашай беларускай улады, што перакідванне расейскага войска ў Беларусь не ёсць непажаданым. А значыць, ёсць маўклівая згода. І ў гэтым ніхто не бачыць пагрозы нацыянальнай небяспецы краіны.

А з езуітам справа выглядае інакш. Ёсць пэўны езуіт, грамадзянін Расеі, які жыве ў Віцебску, мае від сталага жыхарства ў Беларусі, жыве тут год, а вось атрымаць узгадненне на рэлігійную дзейнасць ад свецкіх улад ніяк не можа.

Узнікае пытанне: чым жа ён, адзін езуіт, можа нашкодзіць нашай краіне, калі пачне ў касцёле праводзіць службу? Я на гэтае пытанне не маю адказу.

На маю думку, сам факт, што свецкая ўлада вырашае, каму можна служыць у Касцёле, а каму не, ужо з’яўляецца парушэннем міжнародных нормаў і ўмяшальніцтвам ва ўнутраныя справы Касцёла. Безумоўна, я не супраць, калі адпаведныя службы адсочваюць дзейнасць святара (хм… а робіцца гэта добра і без маёй згоды), ну і калі ёсць парушэнні дзяржаўных законаў і наступствам гэтага з’яўляецца ўзнікненне нацыянальнай небяспекі, то можна і трэба прыпыніць такую дзейнасць. Але вось так без усялякіх прычын не ўзгадніць рэлігійную дзейнасць святара, то гэта, прабачце, і ёсць беззаконне.

Канешне, можна меркаваць, што кампетэнтныя службы ведаюць, што робяць… Можа і ведаюць, аднак, у мяне ёсць пытанне: ці тыя кампетэнтныя, прымаючы вось такія рашэнні, сапраўды думаюць пра наш агульны дом — Беларусь? Наўрадці… бо як інакш…

Наогул, дзіўныя рэчы адбываюцца на нашых вачах апошнімі днямі. Ланцужок падзеяў выглядае неяк так. Запавядаецца інвазія расейскага войска ў наступным годзе, ужо сёлета праводзіцца інфармацыйная вайна. У Менск прыязджае Салаўёў — «вястун» расейскага міра. Прыхільнік расейскага міра бацюшка РПЦ з-пад Менска робіць прамоўшн свастыкі. На «навуковай» канферэнцыі, зладжанай праваслаўнай Царквой у гонар Мураўёва, ухваляецца забойства васьмі каталіцкіх святароў яшчэ іншым праваслаўным бацюшкам…

І заўважце на ўсё гэта ідэолагі і адказныя ў справах рэлігій маўчаць… цішыня… ўсё цудоўна.

А з’явіўся езуіт з Расеі — нельга!!!

Вось і складваецца ўражанне, што нават чатыры вагонаў расейскага войска, бацюшка са свастыкай і праваслаўныя псеўданавукоўцы расейскага міра — гэта ўсё не так страшна і небяспечна для Беларусі, як той адзін езуіт у Віцебску.

Напрыканцы дадам, а ці не забыліся тыя высокія і кампетэнтныя чыноўнікі, што адказныя за ўзгадненні святароў, што Папа Францішак — таксама езуіт… а яго ж таксама запрасілі ў Беларусь і то сам Прэзідэнт. Але ж, пэўна, Папа зараз не прыедзе, бо яго дзейнасць не ўзгадняць адпаведныя службы.

Складваецца ўражанне, што не ўсе кампетэнтныя чыноўнікі на карысць Беларусі працуюць, чаго пра езуіта з Віцебска сказаць не магу. Ён працуе.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках