19 красавiка 2024, Пятніца, 2:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БРСМ просіць льготы для сваіх «валанцёраў» пры паступленні ў ВНУ

36
БРСМ просіць льготы для сваіх «валанцёраў» пры паступленні ў ВНУ

Лукашэнкаўская арганізацыя хоча, каб паступленне ў ВНУ грунтавалася не на паспяховасці, а на прыналежнасці да «партыі».

Лукашэнкаўскі саюз моладзі разлічвае на льготы для валанцёраў арганізацыі пры паступленні ў ВНУ, паведаміла сакратар ЦК ГА «БРСМ» Вікторыя Мянанава 2 снежня ў Менску на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Сусветнаму дню валанцёраў (5 снежня), піша БелаПАН.

Паводле ейных слоў, БРСМ раней звярнуўся ў Мінадукацыі з прапановай даць льготы пры паступленні ў ВНУ на спецыяльнасці сацыяльнай накіраванасці валанцёрам, якія маюць асабістую кніжку валанцёра. Такіх людзей у Беларусі амаль пяць тысяч, а ўсяго ў добраахвотніцкім руху БРСМ занята прыкладна 34 тысячы чалавек.

«З нашай інфармацыі, прапановы, унесеныя ў праект указа прэзідэнта, які зацвярджае правілы паступлення ў ВНУ», — сказала Мянанава.

Начальніца ўправы ў справах моладзі Міністэрства адукацыі Наталля Пшанічная пацвердзіла, што ўстанова рыхтуе праект указа кіраўніка дзяржавы аб правілах паступлення ў ВНУ, але ў новых правілах, згодна з якімі абітурыенты будуць паступаць у 2017 годзе, ільгот для валанцёраў БРСМ не будзе.

Як раней паведамлялася, актуальная рэдакцыя правілаў прыёму ў ВНУ дзейнічае з 2014 года, калі ў краіне скасавалі паасобны конкурс для выпускнікоў сельскіх і гарадскіх устаноў адукацыі. Цяпер БРСМ, фактычна, ініцыюе ўвядзенне новай льготы, якая будзе грунтавацца не на паспяховасці, а на прыналежнасці да пэўнай грамадскай арганізацыі і ўдзеле ў яе праектах.

Намесніца генеральнага сакратара Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Іна Лемяшэўская выказала меркаванне, што ў выпадку разгляду пытання пра ільготы валанцёрам пры паступленні ў ВНУ трэба дадаць і прадстаўнікоў іншых арганізацый.

«На мой погляд, — сказала яна, — калі мы гаворым аб сацыяльнай значнасці дзейнасці валанцёраў, то не павінны абмяжоўвацца прэферэнцыямі чальцам нейкай адной арганізацыі. Для ўсіх валанцёраў трэба таксама разгледзець пытанне аб захаванні заробку на асноўным месцы працы, калі валанцёр дапамагае людзям падчас надзвычайных сітуацый. Усялякія нарматыўныя дакументы, якія закранаюць гэтую дзейнасць, трэба шырока абмяркоўваць на ўзроўні розных устаноў і грамадскіх арганізацый».

Разам з тым Лемяшэўская адзначыла, што для любой арганізацыі вельмі адказна арганізаваць улік валанцёраў і выдачу дакументаў, якія пацвярджаюць удзел у дзейнасці руху.

Раней charter97.org паведамляў аб тым, як «валанцёры» БРСМ вядуць «барацьбу» супраць незалежных СМІ.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках