19 красавiка 2024, Пятніца, 8:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міхаіла Жамчужнага абвінавацілі ў спробе ўцёкаў з турмы

4
Міхаіла Жамчужнага абвінавацілі ў спробе ўцёкаў з турмы
МІХАІЛ ЖАМЧУЖНЫ
ФОТА: RFE / RL

Палітвязень адбыў у ШІЗА пяць сутак

З ліста палітвязня Міхаіла Жамчужнага праваабаронцы Таццяне Равяцы стала вядома, што засцярогі адносна ягонага магчымага змяшчэння ў ШІЗА спраўдзіліся – з 21 да 26 лістапада ён правёў у штрафным ізалятары пяць сутак. Афіцыйнай падставай для пакарання адміністрацыя калоніі назвала "спробу ўцёкаў", піша ПЦ Вясна.

Пакаранне было звязанае з падзеямі, якія адбыліся ноччу 16 лістапада. У барак, дзе спаў Міхаіл Жамчужны, зайшлі два супрацоўнікі ВК №14 і ўбачылі на ніжнім ярусе ягоных нараў сумку з рэчамі, што належала асуджанаму, які вызваліўся і пры вызваленні пакінуў свае рэчы іншым зняволеным. Аднак супрацоўнікі калоніі надумалі выкарыстаць гэтую сітуацыю, каб абвінаваціць Жамчужнага ў парушэнні, а дакладней – у "спробе ўцёкаў", хоць прыналежнасць сумкі і рэчаў палітвязню не пацвердзілася.

Пастанову пра накіраванне ў ШІЗА Міхаілу Жамчужнаму агучвалі тры падпалкоўнікі і кіраўнік калоніі. Пры гэтым, адыходзячы ад падставы для пакарання, зафіксаванай дакументальна, на словах было сказана, што палітвязень павінен спыніць абскарджанне ў судах вынесеных спагнанняў. Паводле словаў Міхаіла Жамчужнага, ён адказаў, што ў сувязі з узростам і тэрмінам зняволення ён ведае, што "заехаў у адзін канец" і не збіраецца нікуды бегчы. Дадаў нават з гумарам, што ў калоніі яму "нават падабаецца: рэгулярнае харчаванне, бясплатнае медабслугоўванне". "Яны ўтрох ад нечаканасці нават ўсталі", – піша Міхаіл Жамчужны.

У ШІЗА Міхаіл Жамчужны, паводле ягоных словаў, патрапіў упершыню ў жыцці, хоць да гэтага цалкам адбыў 5 гадоў пазбаўлення волі. Ён адзначае, што ўмовы ўтрымання пакінулі пазітыўнае ўражанне: будынак новы, чысты, санвузел у добрым стане, ацяпленне працуе, відэакамераў няма.

У лісце палітвязень паведаміў пра спробы адміністрацыі настроіць супраць яго іншых вязняў: пакуль ён знаходзіўся ў ШІЗА, аператыўнікі праз адмыслова навучаных асуджаных распаўсюджвалі ў калоніі чуткі, быццам ён скандаліст і піша ў інтэрнэце інфармацыю пра жыццё зняволеных.

"Але яны не падумалі пра той факт, што я свае лісты даю чытаць іншым асуджаным і ўзгадняю з імі ўсю інфармацыю, якая ідзе на волю. Зняволеныя рэзка асудзілі гэтыя інтрыгі, паведамілі мне пра крыніцы і спынілі гэтую прапаганду", – адзначае Жамчужны.

Падчас ізаляцыі Жамчужны даведаўся, што на 25 лістапада было прызначанае судовае пасяджэнне ў судзе Барысаўскага раёна. Але якая скарга разглядалася – не паведамлялася, таму на гэты момант невядома, паводле якой скаргі на ўмовы ўтрымання была прынятая пастанова суда і з якім вынікам.

У сваім лісце Жамчужны таксама паведаміў, што з 29 лістапада ён, верагодна, зноў апынецца ў ШІЗА – на гэты раз разам з іншым зняволеным, з якім яны нібыта гучна размаўлялі ў сектары, хоць ні ў УВК, ні ў ПВР такога парушэння як "гучныя гутаркі" няма. Магчыма, менавіта там ён цяпер і знаходзіцца.

Нагадаем, заснавальнік "Платформа інавэйшн" Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія ў крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч. 5 арт. 16, ст. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага раскрыццё звестак, якія складаюць службовую тайну; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку – паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках