25 красавiка 2024, Чацвер, 17:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менскія ўлады прымушаюць людзей працаваць на гарадскіх звалках

17
Менскія ўлады прымушаюць людзей працаваць на гарадскіх звалках
ФОТА: ONLINER.BY

У Беларусі прадаўжаюць актыўна выкарыстоўваць прымусовую працу.

Сталічныя ўлады развязваюць праблему кампенсацыі абавязанымі асобамі выдаткаў на ўтрыманне адабраных у іх дзяцей праз прымусовую дастаўку нядбайных бацькоў на гарадскія звалкі для гатункавання адыходаў.

Чыноўнікі выказваюць упэўненасць у эфектыўнасці выкарыстання працы пад пагрозай пакарання, нягледзячы на тое, што яна забароненая міжнароднымі дамовамі, якія ратыфікавала Беларусь, піша ПЦ Вясна.

З кастрычніка гэтага года ГУУС Менгарвыканкам прыступіў да выканання распараджэння, накіраванага на развязанне праблемы кампенсацыі выдаткаў на ўтрыманне дзяцей так званымі абавязанымі асобамі. Сама ініцыятыва належыць Менгарвыканкаму, паведамляе сайт ГУУС.

Паняцце "абавязаныя асобы", нагадаем, уведзенае прэзідэнцкім Дэкрэтам № 18. Да гэтай катэгорыі адносяць грамадзянаў, абавязаных кампенсаваць дзяржаве выдаткі ва ўтрыманні сваіх дзяцей у пэўных выпадках: пры адабранні ў іх дзяцей (паводле пастановы камісіі ў справах няпоўнагадовых або суда, без пазбаўлення бацькоўскіх правоў), пазбаўленні іх бацькоўскіх правоў альбо падчас іх знаходжання ў лекава-працоўных прафілакторыях, следчых ізалятарах, папраўчых установах. У выпадку нявыплаты выдаткаў на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, бацькі ў судовым парадку падпадаюць пад прымусовую працу, а за адмову ад яе ім пагражае не толькі адміністрацыйная, але і крымінальная адказнасць.

Кіраўнік управы аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Менгарвыканкама Аляксандр Купчэня апавёў, што пытанне абмяркоўвалася на нарадзе ў намесніка старшыні Менгарвыканкама Ігара Карпенкі і ў выніку "прыйшлі да таго, што ў горадзе Менску нам неабходна вызначыць прадпрыемства, на якім прымусова працавалі б абавязаныя грамадзяне".

"У дачыненні да такіх асобаў мы маем права скласці адміністрацыйны пратакол і на тэрмін да 15 сутак змясціць у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў для адбывання адміністрацыйнага арышту. Але з умовай абавязковага выкарыстання ў працы", – падкрэсліў міліцэйскі кіраўнік.

У якасці партнёра ў рэалізацыі задумы гарадскіх уладаў выступіла камунальнае прадпрыемства "Экарэс", з якім у ГУУС Менгарвыканкама падпісанае адпаведнае пагадненне.

«Паводле графіка адміністрацыі раёнаў вылучаюць аўтобус, на якім “ухілісты” ў суправаджэнні супрацоўніка інспекцыі ў справах няпоўнагадовых дастаўляюцца на гэтае прадпрыемства, дзе яны і працуюць. Гэтым мы ставім сабе самую галоўную мэту – прымусіць гэтых грамадзянаў працаваць, – падкрэсліў Аляксандр Купчэня і ў канцы дадаў: – Мы ўпэўненыя, што гэтая ініцыятыва ў канчатковым выніку прынясе свае вынікі».

Праваабаронцы неаднаразова як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні звярталі ўвагу на практыку выкарыстання элементаў прымусовай працы ў Беларусі, у тым ліку ў сувязі з рэалізацыяй Дэкрэта № 18. Экспэрты заўсёды падкрэслівалі, што прымус да працы абавязаных асобаў – гэта класічная прымусовая праца паводле класіфікацыі міжнародных нормаў у галіне правоў чалавека, паколькі прадугледжваецца пакаранне, гэта значыць – праца пад пагрозай пакарання.

«Ёсць рэкамендацыі беларускай дзяржаве, прынятыя Камітэтам у эканамічных, сацыяльных і культурных правах ААН у выніку разгляду ўрадавай справаздачы пра выкананне адпаведнага пакта і супольнай альтэрнатыўнай справаздачы "Вясны" і Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека, у якой мы якраз апісвалі сітуацыю з катэгорыяй так званых абавязаных асобаў. І сутнасць рэкамендацый Камітэта складалася якраз у тым, каб урад не ўжываў рэпрэсіўныя меры да гэтых катэгорый грамадзянаў, пазначаных у кантэксце Дэкрэта № 18 і сістэмы ЛПП, а выкарыстоўвала іншыя метады іх сацыяльнай рэадаптацыі, якія не мелі б рэпрэсіўнага характару», – кажа прадстаўнік ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронца мае на ўвазе даклад FIDH і ПЦ "Вясна" "Паўсюдныя парушэнні працоўных правоў і прымусовая праца ў Беларусі", які ў 2013 годзе быў пададзены ў Камітэт у эканамічных, сацыяльных і культурных правах ААН і рэкамендацыі з якога шмат у чым паўтараюцца ў высновах Камітэта. Беларусь павінна адмовіцца ад выкарыстання прымусовай працы і забяспечыць належную абарону правоў працоўных – такой была адна з асноўных рэкамендацый Камітэта. І асобна экспэрты ААН заклікалі Беларусь "адмяніць прымусовую працу ў якасці пакарання для асобаў, пазбаўленых бацькоўскіх правоў" ("абавязаных асобаў"). Варта нагадаць, што Міжнародны пакт у грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаваны Беларуссю, таксама забараняе прымусовую працу.

Акрамя таго, Валянцін Стэфановіч нагадвае, што праблема абмяркоўвалася і на апошніх слуханнях Камітэта ў нормах і стандартах МАП, куды FIDH і ПЦ "Вясна" папярэдне падавалі свой даклад. Камітэт МАП таксама настойліва заклікаў урад Беларусі гарантаваць, каб у тым ліку Дэкрэт Прэзідэнта № 18 быў прыведзены ў поўную адпаведнасць з канвенцыямі гэтай міжнароднай арганізацыі.

Відавочна, што праблема выкарыстання прымусовай працы заключаецца ў шырокай плоскасці невыканання ўрадам міжнародных абавязальніцтваў, якія Беларусь узяла на сябе добраахвотна. Нягледзячы на пастаянныя заклікі з боку экспэртаў сістэмы ААН, Беларусь не прыслухоўваецца да рэкамендацый аўтарытэтных міжнародных арганізацый.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках