25 красавiка 2024, Чацвер, 19:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маладыя беларусы патрабуюць зачыніць БРСМ і скасаваць прымусовае размеркаванне

10
Маладыя беларусы патрабуюць зачыніць БРСМ і скасаваць прымусовае размеркаванне

Беларускай сістэме адукацыі неабходныя рэформы.

Пасля далучэння Беларусі да Балонскага працэсу істотных змен у сістэме адукацыі краіны не адбылося, канстатуецца ў рэзалюцыі, прынятай 3 снежня ў Менску дэлегатамі IV з'езда «Маладых хрысціянскіх дэмакратаў» (МХД) — моладзевага крыла аргкамітэту ў стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», піша БелаПАН.

«Сёння ў Беларусі студэнцкае самакіраванне мае дэкаратыўны характар без рэальных паўнамоцтваў. Акадэмічныя свабоды адсутнічаюць, рэктары па-ранейшаму прызначаюцца ўладамі для выканаўчай функцыі. Ва ўніверсітэтах працуюць ідэалагічныя аддзелы, падпарадкаваныя БРСМ. Якасць беларускай адукацыі ўвесь час зніжаецца, а кошт навучання — павялічваецца», — падкрэслілі дэлегаты з'езду.

МХД у гэтай сітуацыі заклікалі ўлады правесці шэраг рэальных рэформаў у галіне адукацыі. На іх думку, неабходна ўвесці сістэму выбараў рэктараў ВНУ і абавязаць іх даваць справаздачы акадэмічнай супольнасці і партнёрам навучальных устаноў.

Таксама ў Беларусі неабходна адмовіцца ад практыкі падпісання кароткатэрміновых працоўных кантрактаў з выкладчыкамі, забяспечыць рэальнае прадстаўніцтва студэнтаў у органах кіравання ВНУ і замацаваць іх права на стварэнне органаў самакіравання.

Ад сістэмы прымусовага размеркавання маладых спецыялістаў неабходна адмовіцца на карысць размеркавання выключна з добраахвотнай згоды выпускнікоў, вольнага выбару месца працы і ўстанаўлення сістэмы квот што да працоўных месцаў для выпускнікоў незалежна ад таго, навучаліся яны на платнай аснове або на бюджэце.

У Беларусі неабходна стварыць незалежны нацыянальны фонд падтрымкі студэнцкай мабільнасці, каб не менш за 20% беларускіх студэнтаў мелі магчымасць далучыцца да праграм акадэмічнага абмену з універсітэтамі краін Еўропы, ЗША і іншых дзяржаў.

Якасць навучання ў ВНУ Беларусі трэба паляпшаць за кошт арыентацыі яе на «патрабаванні працадаўцаў». Студэнт павінен мець права індывідуальна падыходзіць да фармавання сваёй адукацыйнай праграмы з улікам асаблівасцяў будучага месца працы. ВНУ павінны бясплатна забяспечваць студэнтаў дадатковымі дакументамі, якія неабходныя для прызнання беларускага дыплома ў Еўропе.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках