26 красавiка 2024, Пятніца, 0:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як змяніўся заробак даяркі пасля агалоскі ў СМІ?

49
Як змяніўся заробак даяркі пасля агалоскі ў СМІ?
АРХІЎНАЕ ФОТА TUT.BY

Высветлілася, што яшчэ аднаму рабочаму налічылі 40 рублёў заробку.

Без адпачынкаў і выхадных, з 5-й раніцы і да позняга вечара, у гразі, у спякоту і мароз. Адной з найбольш складаных у сельскай гаспадарцы лічыцца праца даяркі. Але, як высвятляецца, найменш аплачваемай. Нават у самы плённы летні час, паведамляе «Белсат».

«Малака было шмат, я не скажу колькі, але бочкі мы поўныя вазілі з поля, заробак выходзіў блізу Br 2 млн, Br 1,8 млн., дзесьці так», – распавядае Жанна Рудак, даярка ААТ «Сельцы».

$42 – за месяц без выходных

Восенню і зімой, нягледзячы на працу без выходных, заробкі меншыя, але каб настолькі! 82 рублі!!! Або $42. Прычым частку заробка выплацілі не грашыма, а рыбнымі кансервамі.

Кансервы хутка з'елі, але чым далей карміць дзяцей, шматдзетная маці не ведала. Тады адзін з сыноў паехаў шукаць праўду ў сталіцу – у адміністрацыю Лукашэнкі.

«Зайшоў у прыёмную, сказалі: у нас такім не займаюцца. Трэба было ехаць у Віцебск, але ў Віцебск ехаць у мяне грошай не стае», – успамінае Аляксандр Рудак.

Інтэрнэт даведаўся, начальства пачало варушыцца

Ад безвыходнасці хлопец размясціў разліковы ліст маці ў сацыяльнай сетцы. Медыйны рэзананс быў такі, што кіраўніцтва калгаса адразу паабяцала зрабіць... пераразлік заробкаў.

«Мы будзем карэктаваць заробкі, памыліліся. Заробкі за кастрычнік ва ўсіх былі нізкія – мы няправільна падлічылі выручку. А фонд на заробак у нас залежыць ад таго, колькі прадпрыемства зарабіла за месяц», – тлумачыць Юрый Бадун, выканаўца абавязку кіраўніка ААТ «Сельцы».

Бухгалтар: «Нічога не скажу!»

Журналісты хацелі высветліць, як кіраўніцтва і бухгалтэрыя магло адразу не заўважыць памылкі, налічваючы работнікам заробкі па Br 80, а некаторым і ўдвая менш гэтага. Але, супрацоўніца бухгалтэрыі адмовілася размаўляць з журналістамі.

Больш таго, нават работнікам забаранілі размаўляць з журналістамі.

«Сказалі каментароў ніякіх не даваць!», – прызнаецца адна з даярак.

Некаторыя зарабілі па $20!

Тым часам работнікам выдалі новыя... не, не заробак, а разліковыя лісты. У папярэднім месяцы рабочаму, які ў кастрычніку адпрацаваў 332 гадзіны (гэта 31 дзень па 10 гадзін працы) налічылі Br 40 заробку. Цяпер жа, пасля пераразліку, дадалі да заробку мільён.

У іншых калгасах – аналагічная сітуацыя

Не да жартаў работнікам іншых калгасаў. Як нам распавялі жыхары, такая сітуацыя – ва ўсіх гаспадарках Глыбоччыны, але распавядаць аб сабе людзі баяцца.

«Баяцца, што як у нас дом, напрыклад, калі не адпрацаваў 10 гадоў, могуць забраць. У многіх дзеці, шматдзетных сем'яў шмат. Усе баяцца стаць беспрацоўнымі. Звольніцца з'ехаць у горад – там таксама працы няма», – тлумачыць Аляксандр Рудак.

Як кажуць сяляне, галоўнае зіму перазімаваць, летам жа ягады, грыбы і агароды – шмат працы на сваёй гаспадарцы і ў калгаснай, толькі вось з апошняй як з казла малака.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках