28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новае дыханне Балта-Чарнаморскай ініцыятывы

15
Новае дыханне Балта-Чарнаморскай ініцыятывы

Ва Украіне ад пачатку вайны з Расеяй становіцца ўсё больш папулярнай ідэя стварэння Балта-Чарнаморскага Саюза.

За апошнія два гады гэты працэс намагаліся ажывіць і ўзначаліць Украінская рэспубліканская партыя, Кангрэс украінскіх нацыяналістаў і нават кіраўнік добраахвотніцкага батальёну «Азоў» Андрэй Білецкі. Менавіта дзякуючы ім за мінулыя два гады ва Ўкраіне створаныя ўжо пяць асобных аналагічных арганізацый, але з адной мэтай — аб’яднаць краіны, што знаходзяцца ў поясе Расеі ад Балтыйскага да Чорнага мора.

Днямі гэтая ідэя здабыла новы змест і новых ініцыятараў. У адрозненне ад усіх папярэдніх платформаў, да цяперашняй далучыліся былыя кіраўнікі краін Балта-Чарнаморскага рэгіёну — Станіслаў Шушкевіч (старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі (1991-1994), Лех Валенса (прэзідэнт Польшчы (1990-1995), Валдзіс Затлерс (прэзідэнт Латвіі (2007-2011), Леанід Краўчук (прэзідэнт Украіны (1991-1994), Леанід Кучма (прэзідэнт Украіны (1994-2004), Вітаўтас Ландзбергіс (старшыня Сейму Літвы (1992 г., 1996-2000), Пётр Лучынскі (прэзідэнт Малдовы (1996-2001), Арнольд Руйтэль (прэзідэнт Эстоніі (2001-2006), Віктар Юшчанка (прэзідэнт Украіны (2005-2010) і прадстаўнік Расеі Генадзь Бурбуліс (дзяржсакратар Расеі (1991-1992). Усе гэтыя палітыкі ўвайшлі ў склад рады старэйшын новай Балта-Чарнаморскай ініцыятывы.

Удзельнікі новай платформы аб’ядноўваюцца перад галоўнымі пагрозамі — імперскія амбіцыі Расеі і недахоп камунікацыі паміж краінамі рэгіёну. Чым новая арганізацыя будзе адрознівацца ад сваіх папярэдніц і якая мэта такога аб’яднання былых кіраўнікоў краін рэгіёну, «Радыё Свабода» запытала ініцыятарку працэсу, кіраўніцу новастворанага Міжнароднага цэнтру балтыйска-чарнаморскіх даследаванняў і кансэнсусных практык Ірыну Верашчук.

— Першае і галоўнае адрозненне, якое ўжо задэклараванае, — прысутнасць прадстаўніка ад Расейскай Федэрацыі. Гэта адважны крок, які мы старанна прадумалі, узважылі і прааналізавалі, бо ўсе папярэднія канцэпцыі Міжмор’я або Балта-Чарнаморскага Саюзу не прадугледжвалі партнёрства або любога дыялогу з дзяржавай, якую ўвесь час лічылі ворагам. Усё было накіравана на тое, каб стварыць вайсковы блок, які дазволіў бы абʼяднаць намаганні ў барацьбе са шматгадовай агрэсіўнай палітыкай Расейскай Федэрацыі. Але ўсе папярэднія ініцыятывы не сталі прадуктыўнымі ды не атрымалі якаснага вымярэння.

Мы, прааналізаваўшы ўсю гісторыю стварэння такіх балта-чарнаморскіх саюзаў, зразумелі, што нельга рухацца ў гэтай жа траекторыі і парадыгме, бо выклікі сёння надзвычай вялікія — мы перакананыя, што вайна, якая можа поўнамаштабна пачацца ў любы момант, можа закрануць ня толькі Ўкраіну. Так, сёння пакутуе Ўкраіна, але заўтра гэта можа быць і Польшча, і іншыя краіны, а Еўрапейскі Звяз і NATO не могуць забяспечыць і даць гарантыю такім, напрыклад, краінам, як Латвія ці Літва, у тым, што заўтра яны ня будуць анэксаваныя або акупаваныя. Таму мы ўзялі на сябе адказнасць і паспрабавалі выпрацаваць агульныя пазіцыі не супраць кагосьці, а за мір, за абʼяднанне, за супрацоўніцтва. Гэта будзе платформа, на якой можна будзе хоць бы выслухаць меркаванне гэтага боку. І гэта, я лічу, будзе эфектыўным. У нас ёсць план дзеянняў, і мы будзем прапаноўваць і дзяржавам Еўрапейскага Звязу, і ЗША, планы выхаду з глабальнага крызісу, які на сёння склаўся.

— Палітыкі, якія ў 90-ых гадах прасоўвалі гэтую ідэю на постсавецкай прасторы, могуць зараз запярэчыць прысутнасці расейскага прадстаўніка...

— Адзін з нашых старэйшын прэзідэнт Леанід Краўчук заўсёды казаў, што бяспека для суседзяў — бяспека для нас, і яшчэ тады падымаў гэтае пытанне. Тое ж можна сказаць і пра Леаніда Кучму, і пра Віктара Юшчанку, якія падчас свайго прэзідэнцтва падкрэслівалі важнасць абʼяднання дзяржаў Усходняй Еўропы — Грузіі, Малдовы, Беларусі, Украіны. Згадайце хаця б такое інтэграцыйнае ўтварэнне як ГУАМ. Гэтыя людзі зрабілі ўсё, каб ня здарылася канфліктаў, якіх хапала і тады яшчэ. Крызісы былі заўсёды і розныя. А менавіта выключнасць сённяшняй сітуацыі, якая на мяжы балансавання паміж вайной і мірам, то бок поўнамаштабнай вайной на кантыненце, прымушае сабрацца, прааналізаваць памылкі, якія былі здзейсненыя тымі прэзідэнтамі ў мірны час, калі не свісцелі кулі і не гінулі людзі штодня, і прапанаваць новыя падыходы свету, у тым ліку і ЗША, якія таксама шукаюць форму ўзаемаадносін з Усходняй Еўропай.

Мы ж бачым, што Еўропа не ёсць маналітнай і адзінадушнай — так, ёсць санкцыі, але не факт, што яны будуць падоўжаныя, то бок на геапалітычнай пляцоўцы ёсць гульцы, якія думаюць па-рознаму. І нам трэба прадбачыць і фармаваць палітыку, а не заставацца абʼектам палітычных гульняў. Вось мы і хочам паспрабаваць прапанаваць праграмы і ідэі. Ужо, напрыклад, прэзідэнт Парашэнка падтрымаў нашу ініцыятыву, прывітаў яе. Зараз мы выходзім на міжпарламенцкія слуханні, і на наступным тыдні ўжо будзе сфарміравана рабочая група менавіта па гэтым пытанні. Нашая ініцыятыва была ўспрынятая вельмі добра, і ўлада нас пачула.

— А што будзеце рабіць, каб вас пачулі афіцыйныя ўлады іншых краін рэгіёну, напрыклад, Беларусі?

— Заўсёды ёсць нейкія падводныя плыні і камяні. Але, тым ня менш, мы спадзяемся, што ўлады Беларусі вывучаць пытанне і прааналізуюць сітуацыю і нашы дакументы. Мы гатовыя да супрацоўніцтва з уладнымі інстытутамі і вельмі спадзяемся, што ўлады Рэспублікі Беларусь будуць адкрытымі гэтак жа, як наша ўлада, і зразумеюць усю важнасць пытання. Усе ж бачаць, што менскі працэс (па развязанні сітуацыі на Данбасе — РС) замаруджваецца. Зроблена вялікая праца, але яна аказваецца бесперспектыўнаю. Гэта значыць, трэба шукаць новыя формы, і я думаю, мы прапануем Рэспубліцы Беларусь з яе палітычным істэблішмэнтам новыя формы ўзаемадзеяння. Нам трэба сумесна шукаць выйсце з крызісаў без эмоцыяў. Гэта наша асноўная прынцыповая ідэя — без эмоцыяў, без крыўд, без усялякай нянавісці, пакінуўшы гістарычныя праблемы ў мінулым і гледзячы ў будучыню.

— Гэта будзе нейкі афіцыйны зварот да ўладаў краін рэгіёну?

— Так, мы накіруем наш праект звароту ўсім краінам, якія ўваходзяць у наш альянс.

— Якія менавіта дакументы вы распрацоўваеце?

— Гэта канцэпцыя, якую мы падзялілі на тры вялікія блокі, на тры кластары — эканамічны, гуманітарны і бяспекавы. Мы залучылі шырокія колы міжнародных экспертаў для такога партнерскага абʼяднання, пакуль партнёрскага. Мы спадзяемся, што потым гэта будзе мець нейкі палітычны выгляд, юрыдычна замацаваны. Мы хочам выпрацаваць такі пакет дакументаў, які будзе цікавы краінам і прэзідэнтам тых краін, якія сёння ёсць на геапалітычнай прасторы ад Балтыйскага да Чорнага мора, хоць мы кажам і пра рэгіён Каспійскага мора, у тым ліку і Азербайджан, дзе таксама ёсць гарачая кропка. І маем адтуль сігналы, што яны таксама хочуць браць удзел у нашай платформе.

— Спадарыня Ірына, вы казалі пра бесперспектыўнасць менскага працэсу. Ці азначае гэта, што вы будзеце спрабаваць перанесці перамоўны працэс на вашу пляцоўку?

— Не. Гэтым маюць займацца людзі, якія маюць на гэта паўнамоцтвы. Мы — грамадская арганізацыя, хоць і маем міждзяржаўны статус. Мы можам параіць, дапамагчы, прапанаваць новыя падыходы, якія затым могуць быць прапанаваныя ў афіцыйным парадку. Мы не будзем прапаноўваць мяняць пляцоўкі, але ў перспектыве, вядома, мы хочам стаць паўнавартасным партнерам ад грамадзянскай супольнасці тых людзей, якія ў сваіх краінах ведаюць і разумеюць важнасць моманту.

***

Ірына Верашчук скончыла Вайсковы інстытут пры Нацыянальным універсытэце «Львоўская палітэхніка» паводле спецыяльнасці «Міжнародная інфармацыя », а пазней — юрыдычны факультэт Львоўскага нацыянальнага ўніверсытэту імя І.Франка па спецыяльнасці «Правазнаўства». Працавала мэрам гораду Рава-Руска ў Львоўскай вобласці. Цяпер узначальвае Міжнародны цэнтр балтыйска-чарнаморскіх даследаванняў і кансэнсусных практык.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках