20 красавiка 2024, Субота, 9:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гусары часоў Стэфана Баторыя пабывалі ў Гарадзенскім замку

15
Гусары часоў Стэфана Баторыя пабывалі ў Гарадзенскім замку

Блізу 50-ці гістарычных рэстаўратараў з’ехаліся з усёй Польшчы, каб ушанаваць памяць караля Стэфана Баторыя.

На адны выходныя ў гарадзенскіх замках ажыло 16-е стагоддзе. Рэстаўратары з Польшчы прывезлі з сабой шляхецкія і вайсковыя строі, у якіх аднавілі жыццё ваяўнічай шляхты Рэчы Паспалітай. Адным з самых яскравых гістарычных касцюмаў стаў «крылаты гусар», ваяры якога ў часы Польскай Кароны І ВКЛ былі сапраўднай вайсковай элітай, паведамляе «Белсат».

«Гусары гэта частка і беларускай гісторыі, – тлумачыць адзін з арганізатараў мерапрыемства, гісторык Андрэй Вашкевіч. – Таксама, як і польскай гісторыі. Усе мы жылі ў складзе Рэчы Паспалітай. І самая заможная беларуская шляхта таксама ішла ў гусары. І разам яны перамагалі ў бітвах. Хаця б, прыгадаць бітву пад Кіргольмам у 1605-м годзе, дзе гусары разбілі ў некалькі разоў большае войска шведаў. Што цікава, кароль Ян Хадкевіч, які перамог, разам з войскам прыйшоў пасля ў Горадню і тут, у Старым замку, нейкі час яны размяшчаліся. Гэта наша агульная гісторыя».

У Горадні такое мерапрыемства праводзіцца ўпершыню. Нагодай, каб зрабіць такую рэканструкцыю стала 430-годдзе з дня смерці Стэфана Баторыя, які ў снежні 1586 года памёр менавіта ў Горадні, калі рыхтаваў чарговы паход на Маскву. І менавіта тут недаверлівыя прыдворныя вырашыліся на першае ва Усходняй Еўропе анатамічнае ўскрыццё цела караля, каб праверыць, ці была яго смерць натуральным сконам.

«Стэфан Баторый быў адным з найлепшых уладароў у гісторыі Рэчы Паспалітай. Раней яго смерць мы ўшаноўвалі ў Кракаве, але зараз бязвізавы рэжым дазволіў нам зрабіць гэта тут. У яго любімым горадзе, у якім ён рабіў паходы, каб вяртаць землі. І я думаю, што беларусы таксама павінны шанаваць Стэфана Баторыя, як выбітнага караля. Бо калі б тады ён не вярнуў ад Івана IV Жахлівага Полацкія і Віцебскія землі, то было б пад пытаннем, ці сёння Полацк і Віцебск належалі б Беларусі» – мяркуе Бартош Седляр, рэканструктар Гусарскай харугвы гетмана Станіслава Жалкеўскага».

У Горадню рэканструктары прыехалі з Варшавы, Кракава, Любліна, Лодзі, Катавіцаў, Вроцлава ды іншых гарадоў. Чатыры гадзіны прастаялі на мяжы, аднак засталіся задаволеныя цёплым прыёмам і сонечным надвор’ем.

Цягам выходных наведнікі Старога і Новага замкаў у Горадні змогуць убачыць, як выглядала шляхта і элітнае войска былой Рэчы Паспалітай. У нядзелю 4 снежня а 12-й гадзіне адбудзецца ўрачыстае шэсце ў гонар караля Стэфана Баторыя ад замкаў да месца ягонай смерці, ужо неіснуючай Фары Вітаўта на Савецкай плошчы. Пасля шэсця ў Фарным касцёле адбудзецца памінальная служба ў памяць караля.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках