19 красавiка 2024, Пятніца, 5:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віцебская пенсіянерка: Большасць «падачкі» ў 5% нават не заўважыць

21
Віцебская пенсіянерка: Большасць «падачкі» ў 5% нават не заўважыць
ФОТА: RUSSIANLOOK.COM

У Беларусі няўхільна павялічваецца рост пенсіянераў, з іх больш за палову працуе, таму што выжыць на пенсію магчымасці няма.

14 кастрычніка 2016 года дыктатар падпісаў указ аб павышэнні працоўных пенсій. І з 1 снежня пенсіянеры будуць атрымліваць на 5% больш. Ці «парадавала» гэтая навіна тых, хто больш двух дзесяткаў гадоў сумленна працаваў на карысць Беларусі, а сёння спрабуе выжыць на маленькую суму?

Алена Уладзіміраўна, удава 56 гадоў, толькі выйшла на пенсію, але ўжо зразумела, што будучыня яе чакае сумнае:

«Мой выхад на пенсію ў канцы 2015 года – гэта шлях у галечу. Цяпер мой рэальны даход не перавышае 325 рублёў. Павышэнне, якое нам зрабілі на 5%, імаверна, як «падарунак» да Новага года, не дапаможа мне пераадолець страх «заўтрашняга дня», - распавяла пенсіянерка vkurier.by.

Любоў Мікалаеўна, былы працаўнік «Вітміл» і тэлевізійнага завода, стаж 37 гадоў, пенсія 215 рублёў, на прыбаўку глядзіць без аптымізму:

«З нагоды 5% – гэта яшчэ віламі па вадзе пісана і невядома, колькі на самай справе грошай дадуць. У любым выпадку, з маёй пенсіяй гэта будзе мізэр, капейка. Асабліва ў параўнанні з тым, як усё хутка даражэе».

Цяжэй за ўсё выжываць пенсіянерам у невялікіх населеных пунктах. Калі ў абласным цэнтры хоць нейкую падпрацоўку можна знайсці, то ў маленькім гарадку ці мястэчку жыццё з выхадам на пенсію практычна спыняецца. І цэны ў райпо значна вышэйшыя, чым у гіпермаркетах або на рынках, дзе можна набыць неабходныя прадукты і трохі зэканоміць.

Марыя, 60 гадоў, пражывае з мужам у Дзісне:

«Мая пенсія зусім маленькая: 220 рублёў. З іх 80 аддаю за трохпакаёвую кватэру. Астатняе выдаткоўваю на прадукты. Мае дачка і сын жывуць у Віцебску, я часта езджу іх наведваць. У нашым мястэчку бутэлька сланечнікавага алею каштуе 2 рублі 80 капеек, а ў Віцебску я па акцыі набуду яго за 2 рублі. Але так вось за прадуктамі не наездзішся. А хочацца яшчэ і дачцэ дапамагчы, яна здымае кватэру, лішніх сродкаў, каб папесціць дзяцей, няма. Так што мне гэтая прыбаўка ў 5%? Абы што! Усяго толькі 11 рублёў, на якія хіба кілаграм мяса купіш. Ратуе толькі падсобная гаспадарка. І яшчэ крыўдна, што за 35 гадоў стажу такія капейкі атрымліваеш. Я працавала і швачкай, і паштальёнам, і сезонным рабочым, ніколі не шкадавала сіл і часу, каб дапамагчы іншым. А ў выніку – разбітае карыта!»

Вольга Дзмітрыеўна, пенсіянерка, 61 год, у мінулым выхавацелька дзіцячага саду, упэўненая, што разам з павышэннем пенсіі вырастуць і цэны:

«Так, я чула аб тым, што павышаюць пенсіі ў сярэднім на пяць працэнтаў. А толку? Цяпер мая пенсія – 280 рублёў, ну будзе яна амаль трыста, што гэта зменіць? Практыка паказвае, што, калі павышаецца пенсія, узрастаюць тарыфы, падаткі, базавая велічыня, кошты... Таму, упэўнена, што большасць пенсіянераў гэтай «падачкі» ад дзяржавы нават не заўважыць».

А вось маладая пенсіянерка Таццяна, 57 гадоў, на падачкі ад дзяржавы даўно не разлічвае:

«У мяне 30 гадоў стажу. Працавала і мадэльерам-канструктарам, і педагогам. Атрымала ад дзяржавы цэлых 270 рублёў! Проста пацеха! І вырашыла, што аб сваёй будучыні трэба клапаціцца самой. Балазе цяпер стае прапаноў ад кампаній, што займаюцца назапашвальнай сістэмай пенсій. У Віцебску ёсць, напрыклад, «Прыёрлайф», «Стравіта». А я цяпер знаходжуся ў адной з брокерскіх кампаній, якая займаецца сямейнымі інвестыцыямі. І прыбаўку, што падорыць дзяржава, на свой банкаўскі рахунак пакладу. Мы і нашы бацькі прывыклі жыць памаленьку, з невялікай пенсіі адкладваем грошы і дапамагаем дзецям. А моладзь сягоння фінансава непісьменная, крэдытаў набяруць, а потым не ведаюць, як расплаціцца. Трэба думаць пра будучыню!»

Іван Аляксеевіч, 69 гадоў, пенсіянер, у мінулым – інжынер, лічыць прыбаўку ў 5 % сапраўдным здзекам з пенсіянерамі:

«Сёння мая пенсія складае крыху больш за трыста рублёў. Нават калі яе падвысяць на 5 адсоткаў, то гэта ўсяго 15 рублёў. Што сёння можна купіць на гэтыя грошы? Кавалачак свініны на костцы са скурай на пару кілаграм? Гэта здзек з людзей такія кошты на прадукты. Добра, што мы жывем з жонкай, таксама пенсіянеркай. У нас ёсць хоць бы дзве пенсіі на дваіх. Нават не ўяўляю, як можна пражыць на адну, улічваючы, колькі трэба плаціць за кватэру. А яшчэ дзецям хочацца дапамагчы, і ўнукам смачненькае купіць. А як гэта зрабіць?»

Сярэдняя сума пенсіі сёння, паводле звестак Міністэрства працы, складае 291,43 рубля. Значыць, у снежні пенсіянеры атрымаюць у сярэднім на 14,6 рублёў больш. Толькі як выжыць, калі кошты на прадукты ўвесь час растуць?

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках