19 красавiка 2024, Пятніца, 3:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Не выпрабоўвайце беларусаў на трыванне: яны могуць і выбухнуць»

36
«Не выпрабоўвайце беларусаў на трыванне: яны могуць і выбухнуць»

Супрацоўнікі міліцыі настолькі перайшлі ўсе межы, што ў байкі іх верхавода Шуневіча ўжо ніхто не верыць.

Журналістка Адар'я Гуштын напісала ў «Фэйсбуку» допіс пра інтэрв'ю міністра ўнутраных спраў, якое той даў пасля аварыі пад Баранавічамі – п'яны начальнік мясцовай ДАІ збіў жанчыну. «Шуневічу спатрэбілася пяць дзён, каб знайсці смеласць хоць неяк пракаментаваць трагедыю публічна», - піша Адар'я.

«На адной з лекцый я пачула, што з савецкага часу ў Беларусі не змяніліся тры рэчы: міліцыя, КДБ і турмы. З гэтым можна, вядома, спрачацца. Але няма сумневаў: ні тады, ні цяпер беларуская міліцыя не ў стане публічна прызнаць свае памылкі, публічна выбачыцца. Гэта ўспрымаецца як слабасць, якую «афіцэр» не можа сабе дазволіць. Вось прафесійная помста ў рамках закона - без праблем, прызнаць памылку - не дачакаецеся.

Пяць дзён таму пад Баранавічамі адбылася страшная трагедыя. Аварыі, дзе паміраюць людзі, на жаль, не рэдкасць. Але аварыя, дзе п'яны начальнік ДАІ насмерць збівае жанчыну, здольная падняць на дыбкі ўсялякае грамадства, нават такое «талерантнае», як беларускае.

Чаго чакалі нармальныя людзі ад міністра ў гэтай сітуацыі? Ну, тыя, хто не ведае Шуневіча, чакалі гучных адставак. А рэалісты - хоць бы публічнага прабачэння перад сям'ёй ахвяры. Але Шуневічу спатрэбілася пяць дзён, каб знайсці смеласць хоць неяк пракаментаваць трагедыю публічна.

Што перашкаджала яму ці начальніку Берасцейскай міліцыі, або галоўнаму даішніку краіны ў нядзелю раніцай, адразу пасля ДТЗ, патэлефанаваць родным жанчыны, выказаць ім спачуванні і прабачэнні, дапамагчы, нарэшце, з пахаваннем?

І разам з тым выставіць на сайце прэс-рэліз, што кіраўніцтва міліцыі асуджае ўчынак калегі і не дапусціць, каб выпівакі траплялі ў шэрагі праваахоўнікаў.

Але ні навіны, ні выбачэнняў на сайце міністэрства і падначаленых яму няма па сёння. Гэтай аварыі няма нават у справаздачах! І гэта не можа быць супадзеннем ці збегам абставін. Таму што ДАІ заўсёды паведамляе аб смяротных аварыях. А ў гэтым выпадку каментары пайшлі пост-фактум, калі маўчаць ужо было немагчыма. Пост-фактум значыць, што спадзяваліся «замяць».

Вось на гэта і разлічваюць усе пярэваратні ў пагонах. Знойдуць – прыкрыюць.

Не змогуць прыкрыць - зробяць закрытым суд. Каб толькі ніхто не даведаўся, што Андрэй Валкавыцкі, які павінен заклікаць усіх выконваць правілы дарожнага руху, напіваецца да трох праміле і садзіцца за стырно.

Шуневічу далі ўстаноўку: у кожнай незразумелай сітуацыі гавары аб «інфармацыйнай вайне», а яшчэ лепш - аб каляровай рэвалюцыі. Праблема толькі ў тым, што супрацоўнікі міліцыі так перайшлі мяжу, што хутка ў гэтыя байкі перастануць верыць нават ветэраны.

Не ведаю, навошта міліцыя выпрабоўвае беларусаў на трыванне. Гісторыя паказвае: калі беларус маўчыць, гэта не значыць, што ён згаджаецца. Нашы людзі ўмеюць трываць. Але ці ўмеюць яны выбухаць?»

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках