20 красавiка 2024, Субота, 12:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывіст адраджае палескую вёску пад бел-чырвона-белым сцягам

1
Актывіст адраджае палескую вёску пад бел-чырвона-белым сцягам
ФОТА: SN-PLUS.COM

Пад Добрушам у доме з нацыянальнай сімволікай настаўнік гісторыі і геаграфіі стварыў ініцыятыву «Кругагляд».

Гэтай вясной была трыццатая гадавіна катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Дата круглая, трагічная, але мінула яна амаль незаўважанай. Аднак у Добрушскім раёне дала старт вялікай грамадскай ініцыятыве, пішуць «Свободные новости».

Справа ў тым, што тут сёння жывуць многія перасяленцы з паўднёвых раёнаў Гомельшчыны. Іх родныя вёскі часцяком у зоне. Куды дабіраюцца звычайна толькі на Радаўніцу - прыбраць магілы, ушанаваць памяць родных... А пасля зноў туды, дзе іх прынялі пасля выбуху.

Быццам бы Добруш і недалёка, але ўсё адно - іншы ўклад, іншыя песні, традыцыі... Але ж брагінцы прывыклі да сваіх! Моладзі прасцей ужыцца ў новую атмасферу, а вось тым, каму пара на пенсію, ніяк не забыцца пра родныя абрады, фальклор, асаблівую - паляшуцкую, працу па дрэве, з глінай, палатном...

Гэта не проста жыве ў памяці, а вярэдзіць душу. Таму і збіраюцца часта разам: спяваюць, танчаць, успамінаюць. Але падчас «юбілейных» вячорак і нарадзілася ідэя: а што, калі сабраць пад адным дахам тое, чым жыве сэрца, што звязвае з закінутымі роднымі месцамі - гэта і гарлачы, вывезеныя некалі з-пад Брагіна альбо Хойнікаў, і ручнікі з «тамтэйшымі» арнаментамі, і ўспаміны аб родных вёсках?

Ініцыятарам стаў Адам Варанец. Настаўнік гісторыі ды геаграфіі, неспакойнай душы чалавек, руплівец роднага Палесся, актывіст Аб'яднанай грамадзянскай партыі.

Ён з тых, хто не лезе за словам у кішэню і гарой за праўду. Таму вымушаны быў стала шукаць працу. Але праблемы толькі загартавалі. Вось і ўдалечыні ад роднага дома стварыў з землякамі ў аграгарадку Уць ініцыятыву «Кругагляд».

- Мы нацэленыя на сталую выставу пра лёсы загінулых ад Чарнобыля вёсак. Пытанне не проста ў захаванні памяці пра нашыя дамы - гаворка пра тое, што нельга аддаць забыццю цэлыя пласты матэрыяльнай і духоўнай культуры самабытнага палескага рэгіёна. Важна захаваць сфармаванае стагоддзямі, перадаць нашым дзецям - а гэта і песні, фальклор, гэта і ўменне ткаць «па-нашаму» і «па-нашаму» працаваць з дрэвам, будаваць дамы, ляпіць розныя вырабы...

- І з чаго наважылі пачаць?

- З простага: сабраць фатаграфіі, стварыць калекцыю з рознага бытавога начыння, запісаць на магнітафон і відэа тых, хто спявае паляшуцкія песні, успамінае аб своеасаблівых векавых традыцыях.

- А «разыначка»?

- Ёю павінен стаць зборнік успамінаў пра тое, што здарылася 30 гадоў таму...

Тое, што гэтая «прастата» - уяўная, разумее і сам Адам Адамавіч, і ягоныя паплечнікі - Ганна Пятроўна і Васіль Васільевіч Смусенкі, дзясяткі іншых жыхароў былых брагінскіх вёсак Мікулічы і Астрагляды, якія ўсяго ў 20 кіламетрах ад саркафага...Яны абвясцілі праз «сарафаннае радыё» і мясцовую прэсу аб пачатку збору экспанатаў для выставы, запрасілі землякоў запісваць успаміны. Дарэчы, родныя Астрагляды Варанца эвакуявалі ў Добрушскі раён толькі праз пяць месяцаў пасля выбуху. Людзям дазволілі ўзяць з сабой маёмасць, а тым, якія жылі бліжэй на пяць кіламетраў ад станцыі, давялося кінуць у радыяцыйных дамах усё нажытае...

Журналісты пацікавіліся, як адгукнуліся людзі на прапанову «акумуляваць» памяць?

- Энтузіязму стае, ідэя падабаецца. Не бачу вялікіх праблем у зборы гафту, посуду, калаўротаў...А вось сабраць бабуль і запісаць іх песні, танцы - куды больш складана. Няпроста і з «мемуарамі»: калі слухаеш нашых аб падзеях той чорнай пары, да глыбіні душы апавяданні прабіраюць...А вось пісаць - ідзі знайдзі майстроў! Адзінкі могуць.

- Надзея на валанцёраў?

- Так. Шукаем тых, хто можа працаваць з апаратурай і словам. Мне гэтая справа знаёмая не з чутак - гадоў дваццаць быў уласным карэспандэнтам Брагінскай раёнкі, нават у яе штаце давялося папрацаваць. Так што ведаю тых, хто зможа дапамагчы добрай справе. Ужо некалькі журналістаў патэлефанавалі, прапанавалі свае паслугі. Але зразумелая справа - спіс энтузіястаў адкрыты.

- А давайце назавем вашых прафесійных памочнікаў-добраахвотнікаў?

- Перш за ўсё хачу падзякаваць журналістам Кастусю Жукоўскаму і Ларысе Шчыраковай: іх за праўду мясцовыя ўлады не любяць, але звычайныя людзі ў гомельскай глыбінцы паважаюць за смеласць і грамадзянскасць. Дамаўляемся ў найбліжэйшы час праехацца да нашых землякоў, якія аселі ў вёсках Перарост, Крупец, Леніна...Так што ідэя зусім не безнадзейная!

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках