28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Горадні ўшанавалі памяць караля Сьцяпана Батуры

4

З нагоды 430-й гадавіны сьмерці караля польскага, вялікага князя літоўскага адбылося шэсьце гусарскай харугвы імя гетмана Жалкеўскага.

4 сьнежня ў Горадні адзначылі 430 гадавіну сьмерці Сьцяпана Батуры, караля польскага, вялікага князя літоўскага. Ён памёр у 1586 годзе ў сваёй гарадзенскай рэзыдэнцыі, паведамляе «Радыё Свабода».

Фото: svaboda.org

З нагоды падзеі адбылося шэсьце гусарскай харугвы імя гетмана Станіслава Жалкеўскага, якая прыбыла з Польшчы. Гусары ўдзельнічалі ў набажэнстве памяці караля ў Катэдральным касьцёле, фундатарам якога ён некалі быў.

Фото: svaboda.org

Урачыстае шэсьце ў гонар Сьцяпана Батуры пачалося з выхаду з брамы Новага замка. Гусары прайшлі па гістарычнай вуліцы Замкавай да месца, дзе стаяла Фара Вітаўта —касьцёл, дзе кароль некалі маліўся. Захавалася сьведчаньне нямецкага падарожніка, які назіраў за нядзельным выездам Сьцяпана Батуры са свайго замка менавіта па Замкавай вуліцы на набажэнства.

Фото: svaboda.org

Сёньня на месцы храма існуе памятны знак (касьцёл быў узарваны ў 1961 годзе). Гусары сшыхтаваліся насупраць яго, адзін зь іх усклаў вянок. Затым яны рушылі да катэдральнага касьцёлу імя Францішка Ксавэрыя. Гусары ўзьняліся па высокіх усходах у храм. Яны ўдзельнічалі ў імшы, якую Аляксандар Кашкевіч, біскуп гарадзенскі, правёў памяці караля.

Фото: svaboda.org

Біскуп прывітаў прысутных на некалькіх мовах, нагадаўшы, што каралю ўдалося паяднаць у Рэчы Паспалітай людзей розных культур і веравызнаньняў. Аляксандар Кашкевіч зазначыў, што горад ганарыцца тым, што ў ім жыў вядомы манарх. Сьвятар распавёў, што Сьцяпан Батура любіў картаграфію, любіў чытаць, любіў вайсковую справу і паляваньне. Ён вельмі спрыяў езуітам у распаўсюдзе адукацыі. Дзякуючы яму ў Горадні ўзьнік езуіцкі калегіюм, пры якім пазьней быў пабудаваны вялікі храм, сёньняшні катэдральны касьцёл.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках