29 сакавiка 2024, Пятніца, 5:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Вашкевіч: Крылатыя гусары - гэта частка беларускай гісторыі

4
Андрэй Вашкевіч: Крылатыя гусары - гэта частка беларускай гісторыі

Гэтыя воіны ў часы Польскай Кароны і ВКЛ разам перамагалі ў бітвах.

Блізу 50-ці гістарычных рэстаўратараў з'ехаліся з усёй Польшчы, каб ушанаваць памяць караля Стэфана Баторыя.

На адны выхадныя ў гарадзенскіх замках ажыло 16-е стагоддзе. Рэканструктары з Польшчы прывезлі з сабой шляхецкія і вайсковыя строі, у якіх узнавілі жыццё ваяўнічай шляхты Рэчы Паспалітай. Адным з самых яскравых гістарычных строяў выявіўся «крылаты гусар». Гэтыя воіны ў часы Польскай Кароны і ВКЛ былі сапраўднай вайсковай элітай, паведамляе «Белсат».

«Гусары - гэта частка і беларускай гісторыі, - тлумачыць адзін з арганізатараў імпрэзы, гісторык Андрэй Вашкевіч. - Таксама, як і польскай гісторыі. Усе мы жылі ў складзе Рэчы Паспалітай. І самая заможная беларуская шляхта таксама ішла ў гусары. І разам яны перамагалі ў бітвах. Успомніць хоць бы бітву пад Кірхгольмам у 1605-м годзе, дзе гусары разбілі ў некалькі разоў большае войска швэдаў. Што цікава, кароль Ян Хадкевіч, перамогшы, разам з войскам прыйшоў потым у Горадню, і тут, у Старым замку, нейкі час яны размяшчаліся. Гэта наша агульная гісторыя».

У Горадні такая імпрэза праводзіцца ўпершыню. Нагодай, каб зрабіць такую рэканструкцыю, стала 430-ці годдзе з дня смерці Стэфана Баторыя, які ў снежні 1586 года сканаў менавіта ў Горадні, калі рыхтаваў чарговы паход на Маскву. І менавіта тут недаверлівыя прыдворныя наважыліся на першае ва Усходняй Еўропе анатамічнае ўскрыццё цела караля, каб праверыць, ці была ягоная смерць натуральнай смерцю...

«Стэфан Баторый быў адным з самых найлепшых кіраўнікоў у гісторыі Рэчы Паспалітай. Раней ягоную смерць мы ўшаноўвалі ў Кракаве, але цяпер бязвізавы рэжым дазволіў нам зрабіць гэта тут. У яго любым горадзе, з якога ён ладзіў паходы, каб вяртаць землі. І я думаю, што беларусы таксама павінны шанаваць Стэфана Баторыя як выдатнага караля. Таму што, калі б тады ён не вярнуў ад Івана IV Жахлівага Полацкія і Віцебскія зямлі, то было б пад пытаннем, належалі б Беларусі сёння Полацк і Віцебск», - мяркуе Барташ Седляр, рэстаўратар гусарскай харугвы гетмана Станіслава Жалкеўскага».

У Горадню рэканструктары прыехалі з Варшавы, Кракава, Любліна, Лодзі, Катавіцэ, Вроцлава і іншых гарадоў. Чатыры гадзіны прастаялі на мяжы, але засталіся задаволеныя цёплым прыёмам і сонечным надвор'ем.

«Вядома, лягчэй арганізаваць такую імпрэзу ў краінах Еўразвязу, дзе няма межаў, дзе зброю можна спакойна перавезці і гэтак далей. Але тут нам удалося зрабіць вялікую рэч, навязаць супрацоўніцтва з польскімі і беларускімі ўстановамі. Вядома, мы не маем ўплыву на палітыку і дыпламатыю, але мы хацелі б, каб гэта быў такі праменьчык пазітыўнага, добрага святла для далейшага супрацоўніцтва Польшчы і Беларусі, пацяплення стасункаў. Як мы ведаем, паміж палякамі і беларусамі гэтыя стасункі вельмі добрыя. Нашы народы блізкія, мы суседзі», - дадае Барташ Седляр.

Цягам выходных наведвальнікі Старога і Новага замкаў у Горадні змогуць убачыць, як выглядала шляхта і элітнае войска былой Рэчы Паспалітай. У нядзелю 4 снежня а 12-й гадзіне адбудзецца ўрачыстае шэсце ў гонар караля Стэфана Баторыя ад замкаў да месца ягонага спачыну, ужо неіснай Фары Вітаўта на Савецкай плошчы. Пасля шэсця ў Фарным касцёле адбудзецца памінальная служба ў памяць караля.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках