26 красавiка 2024, Пятніца, 2:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лешак Шарэпка: Поле для манеўру Лукашэнкі значна звузілася

3
Лешак Шарэпка: Поле для манеўру Лукашэнкі значна звузілася
Лешак Шарэпка

Пасол Польшчы ў Беларусі ў 2010-2015 гадах заявіў, што поле манеўру дыктатара вельмі абмежаванае.

Аб беларускамоўных у Беларусі, сайце Цэнтрвыбаркама і планах Расеі захапіць Беларусь «Белсат» пагутарыў з паслом Польшчы ў Беларусі ў 2010-2015 гадах Лешакам Шарэпкам.

- Перад тым, як прыехаць у Беларусь, вы былі першым сакратаром польскага пасольства ў Маскве - і ведаеце Расею вельмі добра. Ці ўспрымае яна Беларусь сур'ёзна?

- Думаю, Беларусь з'яўляецца для Расеі своеасаблівым малодшым братам, да якога трэба ставіцца з вялікай дозай цярпення і паблажлівасці. У Беларусі - вельмі цікавае геапалітычнае месца, яе значэнне для Расеі вельмі вялікае, яна не можа ігнараваць Беларусь.

- У апошнія тыдні расейскія СМІ аднавілі атаку на Беларусь - спачатку на незалежных гісторыкаў, потым - на афіцыйныя ўлады. Як вы ўспрымаеце чарговы раўнд гэтай атакі?

- Не ведаю, ці можна назваць гэта атакай - гэта змена інфармацыйнага поля: Расея імкнецца да большага ўплыву на палітыку Беларусі. З 2014 года сітуацыя на ўсход ад Польшчы дыяметральна змянілася. Мы разумеем важнасць падзеяў ва Украіне, бо гэта вызначае падзеі на тэрыторыі ўсяго былога СССР. Мы бачым, што кіраўніцтва Крамля хоча ў большай ступені кантраляваць палітыку сваіх суседзяў.

Апошнім часам поле для манеўру беларускага прэзідэнта значна звузілася. Гэтая атака або ўсякія праявы крытыкі з боку расейскіх СМІ ў дачыненні да Беларусі сведчаць пра спробу яшчэ больш звузіць межы дзеянняў Лукашэнкі.

- Апошнім часам меркаванні экспэртаў падзяліліся. Палова мяркуе, што Лукашэнка - даволі суверэнны ў сваіх пастановах: ён не прызнаў Крым і спрабуе лавіраваць у нафтагазавых пытаннях з Масквой. Другая палова кажа, што Лукашэнка - марыянетка Крамля, які гандлюе беларускай незалежнасцю. Хто з іх мае рацыю?

- Мяркую, праўда дзесьці пасярэдзіне. Тут пытанне - у якіх сферах ёсць магчымасць дзеянняў для Лукашэнкі.

- Што Лукашэнка можа сабе дазволіць сёння?

- Мяркую, у стратэгічных пытаннях - дачыненнях з Захадам, ваенныя справы - ягонае поле манеўру вельмі абмежаванае, ва ўнутранай палітыцы ён мае вялікае поле для дзеянняў, бо для Масквы важна каб у Беларусі была стабільнасць. Калі дзеянні Лукашэнкі ідуць у кірунку захавання стабільнасці, то Маскве гэта не замінае.

- Апошнім часам многія палохаюць беларусаў паўторам украінскага сцэнару. Магчыма, Пуціну да выбараў 2018 года спатрэбіцца маленькая пераможная вайна. Наколькі рэальная з вашага пункту гледжання такая радыкальная змена стаўлення да Беларусі, анэксія і ўзяцце Беларусі пад татальны кантроль?

- Не думаю, што такая пастанова была прынятая напярэдадні выбараў у Расеі. Але гэта справа залежыць ад паводзінаў Лукашэнкі, развіцця сітуацыі ў Еўропе. Калі гэта развіццё не будзе такім, як яго сабе ўяўляе Расея, Крамлю будзе патрэбен нейкі поспех - анэксія Беларусі магла б стаць такім поспехам, якога можна было дасягнуць невялікімі сродкамі.

- Якое значэнне ў захаванні незалежнасці Беларусі мае беларуская мова?

- Думаю, яна мае ключавое значэнне - гэта адзін з тых фактараў, які вызначае беларускую нацыянальную свядомасць. А без гэтага ў нашым рэгіёне ў сучаснай геапалітычнай сітуацыі будзе вельмі цяжка захаваць суверэннасць і ўласную ідэнтычнасць.

- Пасля падзей ва Украіне многія кажуць, што мова не адыгрывае важнай ролі: на Майдан выйшла шмат расейскамоўных, па-расейску размаўляюць мноства добраахвотнікаў...

- Мне здаецца, сітуацыя ва Украіне адрозніваецца ад беларускай - нацыянальная свядомасць украінцаў развітая нашмат больш, чым у беларусаў. Украінцы маюць уласны П'емонт - Галіцыю на захадзе, з моцнай нацыянальнай самасвядомасцю. У беларусаў гэтага няма, вы доўгі час знаходзіліся пад вельмі моцным уплывам Расеі. Расейская мова доўгі час - і да сёння - застаецца формай сацыяльнага авансу для мноства людзей. На вёсцы яны размаўляюць па-беларуску, пераязджаючы ў горад - павінны пераходзіць на расейскую. І гэта вельмі небяспечна, бо нацыянальнае можа растварыцца ў гэтым расейскім моры.

Мы бачым, што расейскую і беларускую мовы не трактуюць ў Беларусі раўнапраўна: многія міністэрствы, установы, Цэнтрвыбаркам не паклапаціліся пра тое, каб весці свае сайты на дзвюх мовах. Гэта сведчыць аб тым, што яны прыніжаюць ролю беларускай мовы.

Памятаеце вядомае выказванне Лукашэнкі, што «ў таго, хто не ведае расейскую мову - няма розуму, у таго, хто не ведае беларускую - няма душы»? Для прэзідэнта мовы павінны быць раўнапраўныя, але беларускую ў Беларусі стала дыскрымінуюць. На маю думку, этнічных беларусаў, якія ўжываюць беларускую мову, трактуюць як меншасць ва ўласнай краіне.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках