20 красавiка 2024, Субота, 17:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Брытанія рыхтуецца прыняць свой «закон Магніцкага»

2
Брытанія рыхтуецца прыняць свой «закон Магніцкага»

Закон дазволіць замарожваць актывы ў Вялікабрытаніі замежных грамадзян, прычынных да парушэння правоў чалавека ва ўсялякай краіне.

Група брытанскіх парламентарыяў вынесла на галасаванне ў Палаце супольнасцяў папраўку да законапраекта аб фінансавых злачынствах, падобную да амэрыканскага «закону Магніцкага». Так званая папраўка Магніцкага дазволіць уладам замарожваць актывы ў Вялікабрытаніі замежных грамадзян, прычынных да злосных парушэнняў правоў чалавека ва ўсякай краіне або тых, якія нажываюцца на такіх парушэннях, паведамляе Financial Times (пераклад - Newsru.com).

Свой «закон Магніцкага» могуць прыняць і ў Канадзе - пераконваць Атаву ў патрэбе зрабіць гэта будзе крытык рэжыму прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна Гары Каспараў, піша The Globe and Mail.

«Папраўка Магніцкага», названая паводле імя памерлага ў расейскай турме юрыста Сяргея Магніцкага, уключаная ў праект брытанскага закона аб крымінальных фінансах, які закліканы ўтаймаваць адмыванне грошай і фінансаванне тэрарызму, гаворыцца ў артыкуле ў FT. Законапраект, сярод іншага, прадугледжвае пакаранне, напрыклад, для тых, хто рабіў «захады адплаты» да выкрывальнікаў, журналістаў або актывістаў-праваабаронцаў пасля выяўлення імі фактаў карупцыі.

Аўтар папраўкі дэпутат-кансэрватар Дамінік Рааб, якога цытуе InoPressa, растлумачыў, што «тыя, чые рукі ў крыві ад самых жахлівых парушэнняў правоў чалавека, не павінны мець магчымасцяў для перапампоўвання сваіх брудных грошай у Вялікабрытанію».

Газэта адзначае, што «папраўка Магніцкага» не прадугледжвае забароны на ўезд у Вялікабрытанію, але заткне некаторыя юрыдычныя шчыліны для маштабнага адмывання грошай у краіне.

У той жа час адзначаецца, што ініцыятыва можа стварыць супярэчнасці ў стасунках Брытаніі з Расеяй, пра ахвоту наладжваць якія надоечы заявіла прэм'ер-міністарка краіны Тэрэза Мэй.

На думку газэты «Коммерсант», у папраўкі ёсць добрыя шанцы на прыняцце, бо стваралася яна прадстаўнікамі адразу некалькіх палітычных партый, а сярод яе прыхільнікаў ёсць чальцы парламента ад лейбарыстаў, ліберал-дэмакратаў, зялёных, Партыі незалежнасці Злучанага Каралеўства і некаторых рэгіянальных партый.

Цяпер у амэрыканскім Кангрэсе на заключнай стадыі знаходзіцца абмеркаванне так званага глабальнага «закона Магніцкага». Законапраект з такой жа назвай разглядаецца і ў парламенце Канады.

Лібералы прэм'ер-міністра Джасціна Трудо абяцалі прыняць такі закон, аднак, увайшоўшы ва ўрад, адступіліся, спалохаўшыся, што ён перашкодзіць аднаўленню дыпламатычнага ўзаемадзеяння з Расеяй, гаворыцца ў артыкуле ў Globe and Mail, які падае InoPressa. Зрэшты, цяпер канадскія парламентарыі праводзяць слуханні аб яго паўторным разглядзе.

На гэтым тыдні пераконваць Канаду прыняць свой «закон Магніцкага» будзе расейскі шахматыст і апазіцыянер Гары Каспараў. «Мы чуем аргумент, што законы Магніцкага перашкаджаюць нашаму дыялогу. Нічога такоўскага. Поўная лухта. Слабасць заўсёды правакуе дыктатараў на вялікую агрэсію», - сказаў Каспараў. Ён выказаў меркаванне, што «кожная саступка робіць Пуціна больш агрэсіўным».

Як заявіў Каспараў, спадзяванняў на скіданне пуцінскага рэжыму знутры мала, ніякай дэмакратыі ў краіне няма. Са слоў апазіцыянера, перспектыва, што «закон Магніцкага» абмяжуе свабоду расейскіх клептакратаў, страшыць Пуціна, бо прэцэдэнт можа быць выкарыстаны для высокапастаўленых асоб: калі ён не здолее абараніць лаяльных людзей, то ягоная ўлада пахіснецца.

Супрацоўнік фонду Hermitage Capital, партнёр брытанскай юрыдычнай фірмы Firestone Duncan Ltd. Сяргей Магніцкі памёр у маскоўскім следчым ізалятары 16 лістапада 2009 года. Ён быў арыштаваны паводле абвінавачвання ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Калегі Магніцкага Уільям Браўдэр і кіраўнік Firestone Джэмісан Фаерстоўн заявілі, што Магніцкага арыштавалі пасля таго, як той выявіў карупцыйныя схемы, да якіх былі датычныя некаторыя чыноўнікі і супрацоўнікі МУС.

«Акт Магніцкага» быў прыняты Кангрэсам ЗША і падпісаны прэзідэнтам Баракам Абамам у снежні 2012 года. Першапачаткова ён быў накіраваны найперш супраць асоб, падазраваных у прычыннасці да смерці Сяргея Магніцкага. Дакумент прадугледжвае ўжыванне санкцый у дачыненні да шэрагу расейскіх службовых асоб. Пад санкцыямі маюцца на ўвазе візавыя абмежаванні на ўезд у ЗША і замарожванне фінансавых актываў у амэрыканскіх банках.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках