24 красавiка 2024, Серада, 15:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Party-zan фільм» выходзіць з падполля

2
«Party-zan фільм» выходзіць з падполля

Адзіны беларускі фільм будзе змагацца за гледача ў навагоднім пракаце Беларусі.

Народная камедыя «PARTY-ZAN ФІЛЬМ» стане першым у гісторыі айчынным фільмам, які выходзіць у шырокі навагодні пракат. Пра гэта паведаміў charter97.org рэжысёр і сцэнарыст фільма Андрэй Курэйчык. Прэм'ера ў кінатэатрах прызначана на 29 снежня, так што на навагоднія святы беларусы змогуць выбіраць паміж традыцыйнымі навагоднімі расейскімі франшызамі, замежнымі блокбастарамі і беларускай камедыяй.

«Думаю, калі выбіраць, з чаго пасмяяцца: з чужой рэальнасці ці з нашай, беларускай – выбар відавочны, - перакананы Андрэй Курэйчык. – Тым больш, не так часта нам даецца такая магчымасць у кінатэатрах. Я ведаю, як рабіць камедыі. А беларускае жыццё дае невычэрпныя магчымасці для іроніі».

Андрэй Курэйчык з'яўляецца аўтарам сцэнарыя некалькіх паспяховых навагодніх камедый: «Елкі» (працяг якіх будзе і сёлета), «SOS, Дзед Мароз!», «Любоў-морква» 1 і 2. Апошнія гады Курэйчык разам з прадусарам і кампазітарам Дзмітрыем Фрыгам і беларускай камандай «Без Буслоў Артс» паслядоўна стварае беларускія нацыянальныя кінапраекты. «Вышэй за неба» і «ГараШ» сталі прыкметнымі падзеямі айчыннага кінематографа, паставіўшы глядацкія і пракатныя рэкорды.

«Я ведаю, як рабіць паспяховыя камедыі, але мне важна, каб мы выйшлі ў пракат менавіта як беларускае кіно, - кажа рэжысёр. - Даказаць, што мы дастаткова разумная, моцная і незалежная нацыя і можам смяяцца з сябе, любіць сваіх артыстаў і музыкаў, і што мы маем свой паспяховы кінематограф».

«PARTY-ZAN ФІЛЬМ» – унікальны незалежны беларускі кінапраект, зняты без капейкі дзяржаўнага фінансавання. Камедыя здымалася за кошт дапамогі сяброў, партнёраў і ўкладаў прадусарскай групы.

«Гэты фільм адбыўся дзякуючы аб'яднанню намаганняў больш чым 20 партнёрскіх праграм і арганізацый, - распавядае PR-дырэктар праекта Кацярына Саладуха. - Асаблівая падзяка нашаму генеральнаму партнёру ЗАТ «БСБ Банк», без якога немагчыма было б зняць гэты фільм, як задумвалася, таксама кампаніі «First Rental» і Сяргею Якубоўскаму, якія падалі прафесійнае здымачнае абсталяванне. Вялікую дапамогу аказалі і простыя людзі, валанцёры. Мы вельмі ўдзячныя кожнай кампаніі і кожнаму чалавеку, якія дапамаглі беларускаму кіно».

Фільм распавядае пра няўдачлівых маладых сяброў – правінцыйнага бізнэсоўца Лёху і таленавітага праграміста Дзяніса, якія пускаюцца ў прыгоды дзеля рэалізацыі сваёй беларускай мары – лёгка зарабіць вялікую суму грошай. Здаецца, што лёс ім усміхаецца: нечаканы кантракт на здымкі вайсковага блокбастара для расейцаў з «зоркамі» Данілам Казлоўскім, Гошам Куцэнкам і Рэнатай Літвінавай у галоўных ролях, знаёмства з выдатнай берасцейкай Мартай, любоўная інтрыга і статус «беларускіх кінапрадусараў». Але беларуская мара зрываецца ў самы нечаканы момант, і тады даводзіцца дзейнічаць «па-тутэйшаму»...

Галоўнымі «зоркамі» кінакамедыі сталі маладыя акторы Аляксандр Тарасаў, Аляксандр Душачкін і Аліса Аўчыннік. У акторскі ансамбль трапілі і ўжо вядомыя беларускія акторы: бліскучая Эвеліна Сакура, Аляксандр Яфрэмаў, Аляксандр Гусеў, Генадзь Гатоўчыц, Сяргей Уласаў, Юрый Зінчанка, Сяргей Тоўсцікаў, Юрый Навумаў і многія іншыя. Ужо традыцыйна ў праекце Андрэя Курэйчыка ўзяў удзел лідар гурту «Нейра Дзюбель» Аляксандр Кулінковіч (згуляўшы ролю адстаўнога кіраўніка службы бяспекі найбуйнейшай беларускай IT-кампаніі).

У саўндтрэк фільма акрамя музыкі Дзмітрыя Фрыгі ўвайшлі кампазіцыі пераможцаў музычнага конкурсу, які абвяшчаў «PARTY-ZAN ФІЛЬМ»: беларускіх гуртоў «Все Crazy», «SuperBullz», «Нейра Дзюбель», «Recha», кампазіцыі Тодара Вайцюшкевіча і многія іншыя.

«Мы вельмі хочам, каб наш фільм, стаў яркай і святочнай падзеяй у нацыянальным кінематографе, - распавядае кампазітар і сапрадусар праекта Дзмітрый Фрыга. - Таму і далі яму такую назву (ад слова «party» – свята, вечарынка). Для гэтага падабралася музыка, якая дапамагла нам. І музыка таксама выключна наша, беларуская».

Паглядзець беларускую камедыю «PARTY-ZAN ФІЛЬМ» можна будзе ў кінатэатрах сеткі «SilverScreen», кінатэатрах «Беларусь», «Аўрора», «Мір», «Камсамолец» і «Фалькон-клуб» з 29 снежня, а таксама ў студзені ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. На прэм'ерных паказах гледачоў чакаюць сустрэчы з творчай групай, а таксама прызы і падарункі ад сяброў і партнёраў фільма, кампаній «Царскае Золата», «Белвінгруп», «Байкард», «SilverScreen» і многіх іншых.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках