25 красавiка 2024, Чацвер, 6:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менчукі абаранілі Цнянку ад уладаў

6
Менчукі абаранілі Цнянку ад уладаў
Фота: onliner.by

Пасля пратэстаў жыхароў Зялёнага Лугу будоўлю ФАКа на Цнянцы замарозілі.

Пасля пратэстаў жыхароў будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу каля Цнянскага вадасховішча ў Менску закансерваванае, паведаміў БелаПАН каардынатар грамадскай кампаніі «Генплан - для менчукоў!» Дзяніс Кобрусеў.

Як вынікае з адказаў камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкама і РУП «Галоўдзяржбудэкспэртыза» на запыт ініцыятыўнай групы мясцовых жыхароў, будаўніцтва не проста прыпыненае, а закансерваванае і прыпыненае дзеянне дзяржэкспэртызы.

«Вось і задаюць жыхары Зялёнага Лугу пытанне - навошта трэба было так спяшацца з будаўніцтвам гэтага ФАКа, высякаць дрэвы, рыць катлаван, калі стаіць ён цяпер закансерваваны на нявызначаны тэрмін і нікому не патрэбны? Навошта гэты аб'ект вынеслі ў складзе праекта дэталёвага планавання на грамадскае абмеркаванне, калі кінутая будпляцоўка ФАКа зеўрае ранай на беразе Цнянскага вадасховішча? Незразумела і з якой прычыны будаўніцтва закансерваванае: ці ў забудоўшчыка скончыліся сродкі, або чакаюць пастановы ўладаў? Каму гэта выгадна і хто за гэта адкажа?» - заўважыў актывіст.

Фота: blizko.by/realt.by

Ён нагадаў, што цяпер заканчваецца арганізаванае адміністрацыяй Савецкага раёна грамадскае абмеркаванне горадабудаўнічага праекта дэталёвага планавання (ПДП) тэрыторыі жылой сядзібнай забудовы вёскі Цна (унясенне змяненняў з уключэннем тэрыторыі ў межах вуліц Шырокая - Падольская - Кальцова - Собінава - 4-ы завулак Кальцова - заходняя мяжа жылой зоны - паўночная мяжа зоны - 1-ы завулак Кальцова). Праектам прадугледжанае размяшчэнне фізкультурна-аздараўленчага комплексу з тэніснымі кортамі ў раёне вуліц Мірашнічэнкі - Варапаеўскай у ландшафтна-рэкрэацыйнай зоне. «Хоць ПДП яшчэ толькі ў пачатку свайго шляху ва ўзгадненні ды зацвярджэнні, аднак пляцоўку для ФАКа пачалі расчышчаць значна раней - яшчэ ў красавіку 2016 года, чым выклікалі гнеў і абурэнне мясцовых жыхароў», - адзначыў Кобрусеў.

Фота: blizko.by/realt.by

Увесну гэтага года менчукі сабралі 3 500 подпісаў супраць размяшчэння ФАКа ў водаахоўнай зоне Цнянскага вадасховішча і перадалі іх у Менгарвыканкам, Камітэт дзяржаўнага кантролю і Адміністрацыю прэзідэнта, але «тады меркаванне людзей было праігнараванае і праз месяц пачалася будоўля». Аднак у ліпені інспекцыяй дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам Менска было вынесенае прадпісанне аб прыпыненні самавольнага будаўніцтва. З таго моманту будоўля была спыненая, з яе прыбралі будаўнічы кран.

Фота: blizko.by/realt.by

Жыхары Зялёнага Лугу спрабавалі даведацца ў камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва аб прычыне прыпынення раней выдадзенага ім задання, а заадно і актуальную структуру гэтага аб'екта, бо цягам паўгода ў праекце ФАКа з'явіліся пакоі для рэлаксацыі і яшчэ адзін бар. Таксама стала вядома, што забудоўшчык хацеў унесці ў першапачатковы праект змены, дадаўшы туды гасцявы дом. «Аднак на незразумелую прычыну камітэт усяляк утойвае інфармацыю і прапануе пытанні наконт ФАКа адрасаваць забудоўшчыку – ЗАТ «Эрыя», - адзначыў каардынатар грамадскага руху.

Фота: bsn.by

«Грамадскае абмеркаванне яшчэ не скончанае, аднак супраць зацвярджэння і рэалізацыі ПДП выказваюць сваё меркаванне не толькі жыхары Зялёнага Лугу, але і неабыякавыя да далейшага лёсу Цнянскага вадасховішча жыхары іншых раёнаў сталіцы. Пры гэтым абурэнне менчукоў і найбольшую колькасць пытанняў выклікае менавіта ФАК», - падкрэсліў актывіст.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках