28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Створаная вайсковая камісія Беларускага нацыянальнага кангрэсу

44
Створаная вайсковая камісія Беларускага нацыянальнага кангрэсу
фота: Тактычная група "Беларусь"

Патрэбныя энэргічныя захады, каб зрабіць беларускае войска здольным абараняць Незалежнасць.

Беларускі нацыянальны кангрэс (БНК) распрацуе для беларускага войска прапановы «для падвышэння псіхалагічнай і маральнай гатоўнасці супрацьстаяць пагрозам замежнай агрэсіі з кожнага кірунку». Пра гэта БелаПАН паведаміў сябра рады кангрэсу, кандыдат ў прэзыдэнты Мікалай Статкевіч.

Паводле ягоных слоў, на сённяшнім пасяджэнні рады БНК была разгледжаная сітуацыя пра пагрозы незалежнасці Беларусі.

«Прынятая адпаведная заява, у якой гаворыцца, што маральны і псіхалагічны стан беларускага войска не адпавядае існым пагрозам незалежнасці. Патрэбныя энэргічныя захады, каб зрабіць беларускае войска здольным абараняць незалежнасць з усіх кірункаў», — сказаў палітык.

На пасяджэнні, паведаміў Статкевіч, была прынятая пастанова аб стварэнні вайсковай камісіі БНК. Яе галоўнай мэтай ён назваў «захаванне і ўмацаванне незалежнасці Беларусі».

Задачамі камісіі, са слоў палітыка, з'яўляецца «аналіз пагроз, распрацоўка для кіраўніцтва вайсковых структур дзейнай улады прапаноў для падвышэння псіхалагічнай і маральнай гатоўнасці войска для магчымасці даць адпор усялякай агрэсіі з кожнага кірунку, а таксама правядзенне работы для падрыхтоўкі грамадзян да абароны незалежнасці краіны».

«Улічваючы складанасць сітуацыі ў Беларусі, рада БНК даручыла кіраўніцтву вайсковай камісіі неадкладна прыступіць да выканання яе задач. Мы ўжо азнаёміліся з чарнавікамі прапаноў да Міністэрства абароны, якія дапамаглі б псіхалагічна і маральна падрыхтаваць войска да магчымай агрэсіі», — сказаў Статкевіч.

Ён таксама паведаміў, што на наступным пасяджэнні будзе разгледжаная прапанова для пашырэння складу камісіі. «Магчыма, мы запросім да працы ў ёй усіх патрыятычна настроеных грамадзян Беларусі», — паведаміў Статкевіч.

Нагадаем, БНП створаны з ініцыятывы групы вядомых грамадскіх дзеячаў Беларусі ў мэтах кансалідацыі апазіцыі. У яго аргкамітэт увайшлі палітыкі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Станіслаў Шушкевіч, Зміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў, Генадзь Фядыніч, Міхаіл Пастухоў.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках