19 красавiка 2024, Пятніца, 8:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч: Гісторыя зноў дае шанец беларусам

28
Станіслаў Шушкевіч: Гісторыя зноў дае шанец беларусам
СТАНІСЛАЎ ШУШКЕВІЧ
ФОТА: KP.BY

25 гадоў таму, 8 снежня 1991 года былі падпісаны Белавежскія пагадненні.

Дамова паміж Беларуссю, Украінай і Расеяй, падпісаная ў Віскулях, азначала спыненне існавання СССР як «суб'екта міжнароднага права і геапалітычнай рэальнасці» і заяўляла аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД).

Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі, які падпісаў Белавежскія пагадненні ад імя нашай краіны, распавёў сайту charter97.org пра значэнне тых падзей і для сучаснасці.

- Сёння вельмі важная дата: гадавіна падпісання Белавежскіх пагадненняў. Вы - непасрэдны ўдзельнік тых падзей. Як, на ваш погляд, такое стала магчымым і што стала галоўнай прычынай распаду імперыі?

- Савецкі Саюз распаўся яшчэ пасля жнівеньскага путчу. Я ў гэтым упэўнены, таму што дзяржавы распадаюцца, калі перастаюць быць кіраванымі. І такія распадзенні імперый шырока вядомыя, у Еўропе гэта было 9-е стагоддзе.

Мы ў Віскулях толькі канстатавалі распад СССР. Гэта значыць, мы не развалілі Саюз, ён ужо разваліўся дагэтуль, бо быў некіраваным. А мы знайшлі мужнасць сказаць, што гэта адбылося, і падпісаць адпаведны дакумент. І захавалі тую ступень аб'яднання былых савецкіх рэспублік, якую можна было захаваць.

- Вы з Краўчуком і Бурбулісам нядаўна былі ў Злучаных Штатах, выступалі на тэму Белавежскіх пагадненняў і развалу СССР. Наколькі гэтая тэма папулярная і актуальная ў ЗША, якая да яе цяпер увага?

- Ведаеце, найбольш папулярная там зараз тэма – Дональд Трамп. І параўноўваць з папулярнасцю гэтай тэмы наўрад ці штосьці магчыма. Мы былі там, калі ён сам быў здзіўлены сваёй перамогай і вынікамі галасавання, і ўся Амерыка казала пра гэта.

І ў такой сітуацыі (асабіста я ганаруся гэтым), з кім мы толькі ні сустракаліся, дзе ў нас ні праходзілі мерапрыемствы – у нас заўсёды была перапоўненая аўдыторыя. І часта гэта была вялікая аўдыторыя. Напрыклад, у Гарвардскім універсітэце студэнты вымушаныя былі слухаць з калідора, таму што месцаў не ставала. І былі добрыя пытанні і добрыя рэмаркі, і ўсё ўспрымалася вельмі цёпла. Так што я думаю, можна сказаць, што ў ЗША гэтая тэма ўспрымалася з вялікай увагай.

- Вы ўспомнілі новага прэзідэнта ЗША Трампа. Некаторыя аналітыкі праводзяць паралелі паміж Трампам і Рэйганам, а таксама з абвалам цэнаў нафты ў 80-х і цяпер, з уводам савецкіх войскаў у Афганістан і расейскіх у Сірыю... ці Будзе новая палітыка ЗША ў дачыненні да РФ больш жорсткай, як палітыка Рэйгана напярэдадні развалу СССР?

- Па-першае, я не з'яўляюся прыхільнікам жорсткай палітыкі ў дачыненні да Расеі. Таму што за памылкі расейскай улады будзе пакутаваць расейскі народ. Але мне здаецца, што новы прэзідэнт ЗША – вельмі дасведчаны чалавек. І мне здаецца, што прагназаваць і прадказваць, што ён будзе рабіць, зараз вельмі цяжка. Я не бяруся каментаваць і прадказваць. Лічу, што трэба пачакаць, што ён будзе рабіць.

Я сустракаўся ў ЗША са шматлікімі сенатарамі, кангрэсменамі, і яны ўсе выказвалі розныя меркаванні. Ніхто і нічога не можа сказаць, і рэспубліканцы ў тым ліку.

- Давайце абстрагуемся ад Трампа і перанясемся ў наш рэгіён. Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка агучыў нядаўна думку, што СССР яшчэ існуе і толькі будзе развальвацца, маючы на ўвазе імперскія памкненні Пуціна.

- СССР існуе, і ў першую чаргу ў галовах людзей. Прэзідэнт Украіны правільна кажа. Я ў гэтым таксама ўпэўнены.

- Трэба ўспомніць тое, што больш за палову нядаўна апытаных расейцаў шкадуюць пра развал СССР...

- Калі слухаць увесь час адну і тую ж прапаганду, то інакш і быць не можа. Калі паслухаць Дзмітрыя Кісялёва – то гэта прамое ўказанне ісці па фашысцкай дарозе.

- Ці атрымаецца ў кіраўніцтва РФ, рупарам якога і з'яўляецца Кісялёў, аднавіць савецкую імперыю?

- Кіраваць такім чынам, каб забяспечыць дабрабыт сваіх грамадзян, расейскія ўлады не могуць. Для іх гэта занадта цяжка. Затое лёгка казаць, што «нас усе труцяць», «нас усе атакуюць», «дрэнныя амерыканцы», «дрэнная Еўропа», «мы павінны аб'яднацца». Расейцы могуць аб'яднацца, толькі калі ім прызначаць знешняга ворага, а ён ужо прызначаны. Так што могуць быць непрыемнасці, але спадзяюся іх не будзе.

- І аднавіць імперыю не атрымаецца?

- Я думаю, гэта немагчыма, але яны да гэтага імкнуцца. Таму што інакш яны кіраваць не могуць. Яны любяць панаваць, але не ўмеюць кіраваць для дабрабыту сваіх грамадзян.

- Акрамя міжнародных фактараў, якую ролю ў развале СССР адыграў сацыяльны фактар – згаданае вамі «няўменне забяспечыць дабрабыт»?

- Вялікую ролю. І цяпер у нас працягваецца планавая эканоміка, так што чакаць чаго-небудзь добрага не варта. Эканамічныя паказчыкі такія, што яны вяртаюць да сітуацыі распаду СССР.

- А якую ролю адыграў у развале імперыі нацыянальны фактар?

- Я пакуль што не адчуваю яго моцнага ўплыву. У нас ёсць шмат нацыянальна арыентаваных патрыётаў, якія добра працуюць для самавызначэння беларусаў, але Расея задзейнічала тут вялікі супраціў.

Дастаткова ўспомніць такія структуры, як РНЕ, «казакі», прадстаўнікі якіх упэўненыя, што ёсць адзін «вялікі расейскі народ», а не Беларусь ці Украіна.

Але галоўная праблема імперцаў, паўтаруся, у тым, што яны зусім не клапоцяцца пра дабрабыт людзей, а клапоцяцца аб тым, як панаваць. І нічога даўгавечнага ў іх не атрымаецца.

- Але Беларусь усё роўна ўжо іншая ў параўнанні з 1991-м годам. Людзі стаміліся ад дыктатара Лукашэнкі. Эканамічная сітуацыя нават горшая, чым пры развале СССР. Значная частка насельніцтва выступае за еўрапейскі шлях развіцця краіны.

- Я згодны. І цяпер важна не ўпусціць шанец, які нам дае гісторыя.

- Што б вы пажадалі беларусам у гэты гістарычны дзень?

- Я б хацеў пажадаць ім пакончыць з той спадчынай Савецкага Саюза, якая генеравала іх страх, якая пазбаўляла свабоды думкі, свабоды слова, свабоды сустрэч, свабоды мітынгаў. Беларусы ў значнай ступені жывуць у Савецкім Саюзе. Я б пажадаў ім як мага хутчэй з гэта выкараскацца.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках