20 красавiка 2024, Субота, 17:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Канфідэнцыйны польскі дакумент на тэму Расеі паступіў у NATO

1
Канфідэнцыйны польскі дакумент на тэму Расеі паступіў у NATO

Умовы вядзення дыялогу з расейцамі, як мяркуе Польшча, павінны быць адназначнымі.

Польшча перадала ў NATO канфідэнцыйны дакумент на тэму Расеі, паведаміў кіраўнік польскай дыпламатыі Вітольд Вашчыкоўскі. Гэта, як патлумачыў міністр, свайго роду, інструкцыя для кіраўніка Альянсу.

Журналістцы RMF FM удалося азнаёміцца з тэкстам.

Сам Вашчыкоўскі не захацеў раскрываць змест гэтага канфідэнцыйнага дакумента. Ён прысвечаны таму, як весці дыялог з Расеяй, і прысутнасці якіх тэм у перамовах з ёй мы павінны патрабаваць, патлумачыў ён журналістцы RMF FM. Як высветліла Катажына Шыманьска-Баржынон, гэта так званы non-paper на трох старонках. Польшча разважае ў дакуменце аб магчымасцях дыялогу з Масквой, паказвае, чаго не варта рабіць, і якіх тэм не варта падымаць у кантактах з Расеяй, а таксама вылучае прапановы, якім чынам можна паглыбіць веды пра РФ.

Варшава перасцерагае, што ў перамовах з Расеяй не варта закранаць тэмы, паводле якіх сярод краін Альянсу няма кансенсусу. Гаворка ідзе аб тым, каб Масква не змагла скарыстацца рознагалоссем паміж хаўруснікамі. Умовы вядзення дыялогу з расейцамі, як мяркуе Польшча, павінны быць адназначнымі: ён можа тычыцца выключна Украіны, Афганістана, зніжэння рызык і павелічэння празрыстасці. Іншымі словамі, як паказвае Варшава, шанцаў на вяртанне да шырокага рэпертуару тэм, як у перыяд, які папярэднічаў расейскаму ўварванню на Украіну, няма.

«Не варта штучна пашыраць парадак дня», — абвяшчае дакумент. Акрамя таго, у ім адзначаецца, што перамовы з Расеяй можна весці толькі на тым узроўні, які быў пазначаны, на ўзроўні амбасадараў.

«Таксама, — працягваюць аўтары дакумента, — кожны раз неабходна задаваць пытанне, што робіць Расея для завяршэння канфлікту ва Украіне». Акрамя гэтага, як лічаць польскія дыпламаты, павінна падымацца пытанне аб некантралюемай вайсковай прысутнасці расейцаў на ўсходзе Украіны. Перад сустрэчай у рамках Рады Расея — NATO варта запрасіць прадстаўнікоў АБСЕ, каб атрымаць ад іх дадатковыя звесткі на тэму ўвасабленне ў жыццё менскіх пагадненняў.

NATO, пішуць польскія дыпламаты, павінна паглыбіць свае веды аб Расеі, бо цяперака розныя краіны трактуюць яе дзеянні па-рознаму. Збліжэнне пунктаў гледжання, як сказаў адзін з дыпламатаў Альянсу журналістцы RMF FM, усё ж адбываецца. З ягонай інфармацыі, падчас вячэры кіраўнікоў дыпламатыі краін-сябраў NATO, якая была ў аўторак і прысвячалася расейскай тэматыцы, такія краіны, як Галандыя ці Італія, пагадзіліся з тым, што прапагандысцкія крокі Расеі выклікаюць занепакоенасць. Гібрыдная вайна, якую вядзе Масква, — гэта ўжо не табуяваная тэма, дадаў наш суразмоўца. Іншы, у сваю чаргу, адзначыў, што акрамя Польшчы практычна ніхто не гарэў жаданнем закранаць падчас вячэры праблему Украіны.

Дакумент таксама звяртае ўвагу на неабходнасць палепшыць каардынацыю (гаворка ідзе нават аб поўным узгадненні пазіцый) паміж NATO і прадстаўнікамі АБСЕ ў Вене. Вашчыкоўскі паведаміў, што некалькі іншых краін таксама склалі свае дакументы на тэму Расеі. Некалькі тыдняў таму гэта зрабіла Вялікабрытанія. Ёсць яшчэ французскі дакумент, які, як распавёў кіраўнік польскага МЗС, «падыходзіць да гэтых пытанняў трохі інакш». Адначасова Вашчыкоўскі падкрэсліў, што польскі дакумент ужо атрымаў падтрымку. Можна казаць нават аб «польскім наступе» ў NATO, сказаў іншы дыпламат, які высока ацаніў польскі тэкст і вітаў тое, што Польшча дае Альянсу парады, як размаўляць з Расеяй. Калі польская пазіцыя зводзілася б выключна да адмаўлення, Варшаву хутка перасталі б слухаць.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках