24 красавiка 2024, Серада, 22:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка шантажуе Пуціна

81
Лукашэнка шантажуе Пуціна

Дыктатар выстаўляе ўмовы прыняцця Мытнага кодэкса Еўразійскага эканамічнага саюза.

9 снежня Лукашэнка правёў нараду аб праекце дамовы аб Мытным кодэксе ЕАЭС, паведаміла прэс-служба дыктатара.

Як адзначыў дыктатар, Беларусь з'яўляецца экспартна арыентаванай краінай, аднак многае і імпартуе.

"Мытны кодэкс - як раз той дакумент, які перш за ўсё рэгулюе гэтыя дачыненні. Мы заўсёды кажам, што экспарт для нас жыццёва важны. Ён прыносіць у краіну валюту і забяспечвае жыццё нашых людзей", - сказаў ён.

"Таму гэты дакумент павінен быць абсалютна вывераным. І пасля яго ўваходжання ў дзеянне ніводзін грамадзянін Беларусі, і я ў тым ліку, не павінны задаць пытанне ўраду, якое перш за ўсё выпрацоўвала і ўзгаднялі гэты дакумент, што ж мы маем насамрэч і чаму дзесьці стала горш, чым было, - мяркуе беларускі дыктатар. - Якім бы Мытны кодэкс ні быў кампрамісным (не выключаю, што дзесьці магчымыя кампрамісы), але пагаршаць тую сацыяльна-эканамічную сітуацыю, якая існуе ў Беларусі, нам ні ў якім разе нельга".

"Усё павінна быць прадумана, выверана ў міністэрствах, установах, аблвыканкамах. Калі трэба, у гар-, райвыканкамах. Трэба прыцягнуць усіх спецыялістаў, аж да апазіцыйна настроеных, як мы іх часта называем. Давесці да іх гэтыя палажэнні, да грамадзян нашай краіны. Неадкладна, каб яны маглі адрэагаваць і сказаць, што нам выгадна, а што не", - заявіў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што разгляданы дакумент з'яўляецца вельмі сур'ёзным для краіны.

"Я звяртаю такую ўвагу на новы Мытны кодэкс, бо ў нас былі пытанні да той сістэмы, якая сёння існуе са старым Мытным кодэксам. І я не аднойчы цяперашняму прэм'ер-міністру задаваў пытанні, бо ён у нас быў кіраўніком перамоўнай групы ад Беларусі. Таму ўсё павінна быць улічанае", - дадаў Лукашэнка.

Адпаведны дакумент, паводле ягоных слоў, плануецца падпісаць на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета 26 снежня ў Санкт-Пецярбургу. Лукашэнка адзначыў, што да прыняцця ім пастановы ад Беларусі хацеў бы пачуць меркаванні адказных службовых асобаў і асабліва тых, хто паставіць свой подпіс у якасці візы пад праектам дамовы. "А гэта ўсе члены ўрада і вышэйшыя службовыя асобы", - удакладніў ён.

"І ўсе адкажуць, дзе б хто потым ні працаваў, калі толькі ў выніку ўжывання гэтага кодэкса на практыцы мы ўбачым нейкія недахопы, - заявіў дыктатар. - Кожны нясе персанальную адказнасць. Гэта вельмі сур'ёзная рэч".

Лукашэнка канстатаваў, што амаль два гады эканоміка Беларусі функцыянуе ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. "Вынікі вядомыя. Я ўжо не адзін раз пра гэта казаў. Падзенне тавараабарачэння ў саюзе - блізу 40% летась, сёлета - блізу 15%. Вось вынік", - заўважыў ён.

Лукашэнка адзначыў, што, нягледзячы на новыя для Беларусі эканамічныя магчымасці, краіна жыве ў варунках жорсткага глабальнага канкурэнтнага асяроддзя, і неабходна супрацьстаяць узніклым выклікам і пагрозам. "Таму прыняцце Мытнага кодэкса з'яўляецца важным этапам развіцця і ўмацавання інтэграцыйных працэсаў. Але ў інтарэсах нашай краіны", - сказаў ён. Ён нагадаў, што ў лістападзе даваў даручэнне сваёй адміністрацыі і Камітэту дзяржкантролю супольна з экспэртамі і навукоўцамі прапрацаваць новы Мытны кодэкс і зрабіць наконт яго высновы.

"Цяпер неабходна даць яму аб'ектыўную ацэнку, узважыць усе за і супраць. Пралічыць наступствы, а таксама магчымыя рызыкі ў сувязі з прыняццем гэтага дакумента. Нягледзячы на станоўчыя водгукі дзяржаўных органаў, навуковых арганізацый, у мяне ўзнікае шэраг пытанняў з пункту гледжання захавання ў пададзеным дакуменце нацыянальных інтарэсаў ", - заявіў Лукашэнка.

Лукашэнка, напрыклад, пацікавіўся, ці ўлічаныя ў новым кодэксе раней дасягнутыя інтэграцыйныя дамоўленасці, ці адказвае дакумент новай геапалітычнай сітуацыі ў асноўных партнёраў у саюзе. "І, самае галоўнае, ці ўлічвае ён тыя памылкі, якія былі дапушчаныя і якія непрымальныя для нас перш за ўсё з фінансавага пункту гледжання?" - спытаў ён.

Беларускі дыктатар таксама запатрабаваў далажыць, наколькі праект кодэкса будзе спрыяць развіццю інвестыцыйнага клімату, павышэнню транзітнай прывабнасці Беларусі, абароне айчынных вытворцаў, ці будзе гарантаваная эканамічная бяспека краіны. "Нарэшце, ці будзем мы прымаць пастановы наконт гэтых эканамічных праблем у Беларусі, ці за нас будзе хтосьці прымаць?" - заявіў Лукашэнка.

У сувязі з гэтым ён нагадаў пра сітуацыю ў Еўразвязе, у дачыненні да якога часта можна чуць крытыку, што тыя ці іншыя важныя для эканомікі пастановы прымаюцца ў Брусэлі, а самі краіны практычна нічога не вызначаюць. "І гэтая хваля пайшла ўжо па Еўропе. Дык вось, каб мы не ператварыліся ў такіх іншых назіральнікаў у гэтым працэсе", - сказаў ён.

Лукашэнка пацікавіўся, ці не з'яўляецца заўчасным вынясенне асобных пастаноў у сферы мытнага рэгулявання з нацыянальнага заканадаўства на наднацыянальны ўзровень. "Як дакладвае ўрад, падчас перамоўнага працэсу Беларусі ўпершыню ўдалося дабіцца згоды краін ЕАЭС з нашай прапановай аб паэтапным зніжэнні нормаў бязмытнага ўвозу тавараў фізічнымі асобамі, - адзначыў ён. - Аднак у пададзеным праекце кодэкса, як мне дакладваюць, гэтыя дамоўленасці не замацаваныя. Паўстае пытанне, якія гарантыі, што пасля падпісання дакумента бакі не зменяць сваю пазіцыю і будуць выконваць дасягнутыя пагадненні?"

Дыктатар таксама пацікавіўся, што Беларусь атрымлівае ад увазных мытных падаткаў у ЕАЭС з улікам змяненняў. "Калі мы нешта выйграем - добра, але калі саступім, як я зразумеў з вашага дакладу, тады навошта нам такі саюз?" - сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да міністра фінансаў Беларусі Уладзіміра Амарына.

Напісаць каментар 81

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках