24 красавiка 2024, Серада, 6:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сенатары-рэспубліканцы: Пуцін адкажа асабіста за ўсё

1
Сенатары-рэспубліканцы: Пуцін адкажа асабіста за ўсё

Нягледзячы на пазіцыю Трампа, сенатары-рэспубліканцы гатовыя распачаць шырокую праверку ў дачыненні да Расеі.

"Вядучыя сенатары-рэспубліканцы рыхтуюцца пачаць скаардынаваную і шырокую праверку меркаванага ўмяшання Расеі ў ход амерыканскіх выбараў, а таксама патэнцыйных кіберпагроз Расеі для амерыканскіх узброеных сіл", - паведамляе карэспандэнт The Washington Post Карун Дземірджан (пераклад - inopressa.ru).

"Такі актыўны падыход штурхае іх да наўпроставага сутыкнення з абраным прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, які заніжае магчымасць таго, што Расея адыграла хоць найменшую ролю ў прэзідэнцкіх выбарах, і запэўнівае, што ўзлом электроннай пошты Нацыянальнага камітэта Дэмакратычнай партыі быў учынены, магчыма, "нейкім хлопцам, якія сядзяць у сябе дома ў Нью-Джэрсі". Разрыў можа стаць больш прыкметным пасля таго, як Трамп уступіць на пасаду прэзідэнта і пачне фармаваць замежную палітыку. Ён ужо паказваў, што Злучаным Штатам варта "ладзіць" з Расеяй, бо ў іх шмат агульных стратэгічных мэтаў", - гаворыцца ў артыкуле.

Некаторыя з патэнцыйных хаўруснікаў-рэспубліканцаў Трампа не згодныя з ягоным заклікам ладзіць з Расеяй, падкрэслівае аўтар. Сенатар МакКейн, старшыня камітэта ў справах узброеных сіл, рыхтуе праверку магчымых кібератак Расеі ў кампутарныя сістэмы амерыканскіх узбраенняў. "Ён сказаў, што абмяркоўваў гэтую тэму са старшынём спецкамітэта ў справах выведкі Рычардам Бёрам, з якім будзе "цесна супрацоўнічаць" пры расследаванні меркаванага ўмяшання Расеі ў выбары ў ЗША, кіберпагрозамі ўзброеным сілам і іншым інстытутам", - гаворыцца ў артыкуле.

Боб Коркер, старшыня сенацкага камітэта ў замежных справах, таксама сказаў, што налета мае намер правесці пасяджэнне, прысвечанае меркаваным хакерскім нападам Расеі. Коркер - адзін з кандыдатаў у дзяржсакратары у камандзе Трампа, нагадвае Дземірджан.

Сярод рэспубліканцаў мацней за ўсіх заклікаюць да праверкі МакКейн і сенатар Ліндсі Грэм.

"Яны будуць рабіць тут усё больш, пакуль не адплацяць за гэта", - сказаў Грэм, маючы на ўвазе Расею. Ён мае намер налета ўнесці законапраекты і правесці серыю слуханняў аб "ліхтугах Расеі ва ўсім свеце", у тым ліку аб ўмяшанні ў выбары ў ЗША.

"Я пераследую Расею ўсімі спосабамі, якімі можна пераследаваць Расею. Я мяркую, што гэтая краіна - адзін з самых дэстабілізуючых фактараў уплыву на сусветнай арэне. Я мяркую, што яна ўмяшалася ў нашы выбары, і хачу, каб за гэты расплаціўся асабіста Пуцін", - сказаў Грэм у інтэрв'ю CNN.

Са свайго боку, Трамп у інтэрв'ю Time, апублікаваным на гэтым тыдні, "аспрэчыў заявы адміністрацыі Абамы аб умяшанні Расеі ў ход выбараў", піша выданне.

"Я не веру, што яны ўмяшаліся, - сказаў Трамп. - Гэта магла быць Расея. І гэта мог быць Кітай. І гэта мог быць нейкі хлопец, які сядзіць у сябе дома ў Нью-Джэрсі".

Аўтар артыкула адзначае: "Пасля абрання Трампа кангрэсмэны-рэспубліканцы прагаласавалі за аднаўленне жорсткага курсу ЗША супраць глабальных задум Расеі (Палата прадстаўнікоў прыняла пастанову аб накладанні санкцый на ўсіх, хто падтрымлівае сірыйскі ўрад падчас грамадзянскай вайны; у гэтую катэгорыю ўваходзяць перш за ўсё Расея і Іран). У пастанове аб гадавым абаронным бюджэце ёсць фармулёўка аб пастаўках смяротных сродкаў вядзення вайны на мільёны даляраў Украіне, дзе афіцыйны Кіеў вядзе адкрытыя баявыя дзеянні з сепаратыстамі, якіх падтрымлівае Расея".

Але многія дэмакраты незадаволеныя тым, што рэспубліканцы не ўжываюць больш аператыўных і канкрэтных захадаў супраць Расеі пасля таго, як адміністрацыя Абамы афіцыйна абвінаваціла Маскву ва ўмяшанні ў выбары.

"Дэмакраты паспрабуюць ужыць усю сваю ўладу для таго, каб меркаваныя дзеянні Расеі на выбарах і ў іншых сферах не засталіся па-за ўвагай", - піша Дземірджан.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках