18 красавiка 2024, Чацвер, 20:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Да чаго можа прывесці масавае перасяленне беспрацоўных?

59
Да чаго можа прывесці масавае перасяленне беспрацоўных?

Мінпрацы выступіла з чарговай недарэчнай ініцыятывай.

Да масавага перамяшчэння народа ў сельскую мясцовасць новая кампанія ўрада не прывядзе: беспрацоўе ў вёсцы значна вастрэйшае, а ўзровень жыцця ў горадзе і вёсцы – несупастаўны.

Мінпрацы зацвердзіла Інструкцыю аб парадку і ўмовах надання садзейнічання ў перасяленні беспрацоўных і сямей у сувязі з пераездам у іншую мясцовасць на новае месца жыхарства і работы з выплатай грашовых сродкаў, паведамляе БелТА.

Сутнасць інструкцыі палягае ў тым, што калі беспрацоўнага працаўладкоўваюць у іншай мясцовасці, то яго разам з сямейнікамі перасяляюць на новае месца жыхарства.

Калі ў беспрацоўнага ёсць сямейнікі, якія дасягнулі васемнаццаці гадоў, то іх перасяленне можа ажыццяўляцца выключна пры наяўнасці пісьмовай згоды ад гэтай асобы. Калі ў беспрацоўнага маюцца сямейнікі, малодшыя за васемнаццаць гадоў, то іх перасяленне ажыццяўляецца пры ўмове, што ёсць пісьмовая згода бацькоў, усынавіцеляў або папячыцеляў.

Калі пытанне аб працаўладкаванні і перасяленні развязваецца паспяхова, то орган працы, занятасці і сацыяльнай абароны афармляе дамову аб перасяленні. Пасля гэтага яму выплачваецца сума ў памеры 7-кратнай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму. Калі ж беспрацоўнага працаўладкоўваюць у малое, сярэдняе гарадское паселішча, у сельскую мясцовасць альбо ж у горад-спадарожнік, то яму выплачваецца дадатковая сума, якая складае 2-кратную велічыню БПМ.

Інструкцыя выклікае суцэльныя пытанні. Аб якім перасяленні ідзе гаворка – добраахвотным або прымусовым? Куды збіраюцца перасяляць беспрацоўных? З якой мэтай, нарэшце?

«Дэградацыя вёскі становіцца ўсё больш маштабнай»

БДГ звярнулася па тлумачэнні да старшыні Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафзвязаў (БКДП) Аляксандра Ярашука.

— Адразу ўзнікае пытанне: гаворка ідзе аб добраахвотным перасяленні дзеля працаўладкавання альбо аб прымусовым?

— Я дрэнна сабе ўяўляю, як можна прымусова прымусіць каго-небудзь з беспрацоўных перасяліцца на новае месца жыхарства. Пры ўсіх, мякка скажам, своеасаблівасцях нашай дзяржавы, думаецца, што да гэтага справа не дойдзе, і дакумент прадугледжвае добраахвотнае перасяленне беспрацоўных.

— Якая мэта перасялення беспрацоўных? Улады разлічваюць на тое, што менчукі пададуцца ў пошуках працы «ў малое, сярэдняе гарадское паселішча, у сельскую мясцовасць альбо ж у горад-спадарожнік»?

— Трэба меркаваць, што гаворка ідзе аб стымуляванні пераезду беспрацоўных са сталіцы і буйных гарадоў у сельскую мясцовасць. Магу загадзя спрагназаваць, што ні да якога масавага перамяшчэння народа гэтая кампанія не прывядзе. Паводле дхвюх прычын: па-першае, у нас, у адрозненне ад цывілізаваных краін, назіраецца гіганцкі разрыў ва ўмовах і ў якасці жыцця ў гарадах і вёсках. І гэты разрыў у варунках заганнай палітыкі кіроўнага рэжыму ў развіцці сельскай мясцовасці, сутнасць якой звялася да будаўніцтва аграгарадкоў, якія ў народзе справядліва ахрысцілі аграгулагамі, толькі нарастае — дэградацыя вёскі становіцца ўсё больш маштабнай.

Па-другое, на вёсцы і ў малых гарадах сёння праблема занятасці носіць яшчэ больш востры характар, чым у тым жа Менску ці ў абласных цэнтрах, і чым збіраюцца займаць гарадскіх беспрацоўных на сяле беларускія ўлады, аднаму Госпаду Богу вядома.

— Да чаго можа прывесці новая кампанія беларускага кіраўніцтва?

— Ні да чога. Можа быць, і знойдуцца ў краіне некалькі дзясяткаў чалавек, якія пагодзяцца загадзя панізіць стандарты свайго жыцця і жыцця сваіх сем'яў. Вакол іх пераезду з горада ў вёску, як звычайна, будзе паднята шмат прапагандысцкага шуму, а калі пена ад яго асядзе, то ў сухім астатку не застанецца нічога істотнага.

Улада ўпарта не жадае прызнаць, што прывяла краіну да вельмі цяжкага сацыяльна-эканамічнага крызісу, вынікам чаго стала пагрозлівае нарастанне праблем занятасці і беспрацоўя, і адмаўляецца іх развязваць за кошт правядзення неадкладных і поўнамаштабных эканамічных рэформаў, уключаючы стварэнне новых працоўных месцаў.

Злачыннае бяздзеянне ўладаў, няздольнасць арганізаваць крызіснае кіраванне эканомікай вядуць да яе калапсу, а Беларусь – да катастрофы. На жаль, кожны бяздарна страчаны дзень робіць гэты сцэнар усё больш рэальным і адчувальным. І тады ўжо ўладам будзе не да чынавенскіх задум з перамяшчэннем беспрацоўных з гарадоў у вёскі.

Напісаць каментар 59

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках