23 красавiка 2024, aўторак, 18:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Мадэль «братняй» інтэграцыі першапачаткова была фальшывай»

7
«Мадэль «братняй» інтэграцыі першапачаткова была фальшывай»
ФОТА: GETTY IMAGES

На думку палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага, новыя войны паміж «хаўруснікамі» проста непазбежныя.

Лукашэнка запатрабаваў ад урада забяспечыць выкананне нацыянальных інтарэсаў Беларусі пры прыняцці Мытнага кодэкса ЕАЭС.

Калі мы штосьці здабудзем — добра, але калі страцім, як я зразумеў з вашага дакладу, тады навошта нам такі саюз? — звярнуўся ён да міністра фінансаў Уладзіміра Амарына.

«Лукашэнка надумаў дзейнічаць у сваёй упадабанай манеры»

Гэтыя вострыя выказванні Лукашэнкі кажуць аб тым, што сур'ёзныя супярэчнасці паміж Менскам і Масквой (канкрэтна — паміж двума лідарамі) не былі знятыя падчас нядаўняга візіту беларускага правадыра ў Расею. Гэта ацэнкі аналітыкаў, якія расцанілі магільнае маўчанне постфактум як злавесны сімптом, спраўджваюцца, — распавёў «Салідарнасці» Аляксандр Класкоўскі.

На ягоную думку, два лідары не сышліся ў сваіх прапановах. І Лукашэнка, разумеючы, што ў сённяшніх варунках разлічваць на нейкія саступкі з боку Масквы не даводзіцца, надумаў дзейнічаць у сваёй упадабанай манеры — абвастрыць сітуацыю, ідучы ва-банк.

У папярэднія перыяды такіх войнаў паміж Менскам і Масквой гэтая крыху авантурная і дзёрзкая тактыка прыносіла яму пэўныя дывідэнды. Масква калі не цалкам саступала, то ішла на пэўныя кампрамісы. Для мяне гэта ў нейкай ступені дэжавю, бо ў 2009 годзе Расея прымусіла Лукашэнку да падпісання Мытнага кодэкса Еўразэс, суправаджаючы гэта рознымі гандлёвымі войнамі. І тады Лукашэнка тарпедаваў пагадненне аб фармаванні калектыўных сіл аператыўнага рэагавання (КСАР) АДКБ, не паехаўшы ў Маскву на падпісанне гэтага дакумента, — нагадаў суразмоўца.

Цяпер, са слоў Аляксандра Класкоўскага, мы назіраем такую сітуацыю, бо расейская старана ўжо анансавала ў канцы снежня падпісанне гэтага кодэкса:

Чакалася, што Лукашэнка паляціць у Маскву і сустрэнецца з Пуціным, і ў піяраўскім плане ўсё будзе прыгожа. Але цяпер ён дае зразумець, што не згодны з падыходамі Крамля і гатовы тарпедаваць падпісанне гэтага дакумента, хоць здавалася, што на ўзроўні выканаўцаў усе вузлы развязаныя. Гэта гульня на абвастрэнне, бо цяжка ўявіць, што Беларусь пры цяперашнім кіраўніцтве раптам разарве інтэграцыйныя сувязі, выйдзе з усіх аб'яднанняў. Думаю, Лукашэнка выдатна разумее, што для Крамля гэта тая самая чырвоная лінія, за якой могуць рушыць следам самыя жорсткія дзеянні.

На думку палітычнага аглядальніка, пры гэтым у афіцыйнага лідара няма іншага выхаду, бо «беларуская мадэль знаходзіцца на падпампоўванні і вось-вось ляснецца, бо грошай няма, а Масква да таго ж затрымала чарговую рату крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця».

Лукашэнка спадзяецца, што Крэмль чарговым разам, адчуўшы рашучы настрой беларускага партнёра, адкруціць трохі назад, сядзе за стол перамоў, і бліжэй да навагодняй ялінкі мы атрымаем хай і не ідылічную сітуацыю, але ўсё ж выхад на нейкія канструктыўныя пастановы.

Пры гэтым экспэрт перакананы, што магчымае дасягненне кансэнсусу захавае замірэнне паміж старанамі ненадоўга:

Самая мадэль гэтай так званай брацкай інтэграцыі першапачаткова была фальшывай. Абедзве стараны пераследавалі і пераследуюць свае карыслівыя мэты, таму новыя войны паміж хаўруснікамі проста непазбежныя.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках