Беларуская дэлегацыя ў ААН прагаласавала ў падтрымку вайны ў Сірыі
71- 9.12.2016, 22:42
- 14,541
Беларусь спрабавала сарваць рэзалюцыю ААН у спыненні баявых дзеянняў у Сірыі.
9 снежня ў Генасамблеі ААН галасавалі за рэзалюцыю аб спыненні баявых дзеянняў у Сірыі.
За прыняцце дакумента выказаліся 122 краіны, супраць - 13, у тым ліку Беларусь, Расея, Іран, КНДР і Сірыя. Яшчэ 36 дзяржаў устрымаліся, паведамляе ТАСС. У выніку дакумент быў прыняты большасцю галасоў. Ініцыятарам рэзалюцыі выступіла Канада.
Рэзалюцыя змяшчае патрабаванні спыніць усе напады на грамадзянскія асобы і грамадзянскія аб'екты ў Сірыі, а таксама спыніць аблогу гарадоў, у тым ліку Алепа. Генеральная Асамблея запатрабавала спыніць усе баявыя дзеянні ў Сірыі і даць ААН і яе спецыялізаваных установам бяспечны, пастаянны і бесперашкодны гуманітарны доступ да сірыйцаў, якія жывуць у нястачы, паведамляе цэнтр навін ААН.
Аўтары рэзалюцыі выступаюць за больш хуткае аднаўленне афіцыйных перамоваў паміж сірыйскімі ўладамі і апазіцыяй. У дакуменце адзначана, што гвалтоўнае перамяшчэнне насельніцтва ў Сірыі можа паўплываць на дэмаграфічную сітуацыю ў краіне.
Сааўтары рэзалюцыі лічаць неабходным забяспечыць прыцягненне да адказнасці вінаватых у злачынствах, учыненых у Сірыі, многія з якіх могуць быць кваліфікаваныя як вайсковыя злачынствы ці злачынствы супраць чалавечнасці.
Генасамблея заклікала раду бяспекі ААН дамагчыся пераадолення крызісу ў Сірыі, у тым ліку гуманітарнага.