19 красавiка 2024, Пятніца, 18:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Да калінінградскага плацдарма дадаўся беларускі

20
Да калінінградскага плацдарма дадаўся беларускі
Пшэмыслаў Жураўскі вель Граеўскі

Расея ўжо «акупавала» дзяржаўны апарат Беларусі.

Пра гэта ў інтэрв'ю charter97.org заявіў сябра Нацыянальнай рады развіцця Польшчы, экспэрт у пытаннях міжнароднай палітыкі і бяспекі, навуковы супрацоўнік універсітэта Лодзі Пшэмыслаў Жураўскі вель Граеўскі.

- Прайшло тры месяцы з пачатку працы ў Польшчы новага ўрада, сфармаванага партыяй «Права і Справядлівасць». Як на вашу думку змянілася ўсходняя палітыка дзяржавы, асабліва - у дачыненні да Беларусі?

- У першую чаргу ўсходняя палітыка Польшчы сёння накіраваная на стварэнне сістэмы вайсковай абароны на фоне расту агрэсіўнасці Расеі і на ўмацаванне ўсходняга флангу NATO. На гэта ўласна і накіравана цяпер актыўнасць польскай дыпламатыі. Сімвалам яе поспеху на гэтым напрамку стане ліпеньскі саміт NATO у Варшаве.

Менавіта ў гэтым кантэксце і трэба разглядаць польскую палітыку ў дачыненні да асобных дзяржаў у рэгіёне, пачынаючы з поўначы, з краін Скандынавіі і Балтыі, што ўсведамляюць, як і Польшча, існую пагрозу ад Расеі. Тут трэба вылучыць цэнтральнае становішча Беларусі на восі гэтай геапалітычнай прасторы. На поўдні «восі» знаходзіцца Украіна, што непасрэдна сутыкнулася з расейскай вайсковай агрэсіяй і акупацыяй тэрыторый у Крыме і Данбасе.

Важным, з пункту гледжання перш за ўсё Польшчы, з'яўляецца і паўднёвы фланг NATO, дзе мае месца замарожаны канфлікт у Прыднястроўі, які закранае праз Малдову інтарэсы Румыніі. І на самым поўдні - абвастрэнне расейска-турэцкіх стасункаў пасля знішчэння турэцкімі ВПС расейскага вайсковага самалёта. Таксама сюды можна дадаць і Грузію.

Увесь гэты геаграфічны спектр сёння з'яўляецца сферай інтарэсаў польскай усходняй палітыкі ў кантэксце дэстабілізуючага ўплыву Расеі ў рэгіёне.

У выпадку Беларусі фактары, якія ўплываюць на польскую замежную палітыку, змяняюцца цяпер у горшы бок: Лукашэнка зрабіў усё магчымае, каб закансерваваць сваю ўладу, з яго боку не відаць ніякіх выразных рухаў.

Да гэтага дадалася вельмі сур'ёзная праблема нарастаючай вайсковай прысутнасці Расеі ў Беларусі, развіццё сістэмы расейскіх вайсковых авіябаз у вашай краіне. Польскі ўрад разглядае гэта як нарошчванне расейскага вайсковага патэнцыялу на нашай усходняй мяжы: да «калінінградскага» плацдарма цяпер дадаўся і «беларускі».

Не трэба забываць, што Польшча, як і Беларусь з Украінай, для дзяржаў, якія экспартуюць энэргарэсурсы, маюць характар «транзітных» краін. Гэта таксама стварае тыя геапалітычныя «восі», якія звязваюць нашы краіны, але ў той жа час, у кантэксце развіцця энэргетычнага супрацоўніцтва Расеі і Нямеччыны (Паўночная плынь 2 - заўв.рэд.), ударае і па інтарэсах і Польшчы, і па бяспецы Беларусі і Украіны.

Усе гэтыя пагрозы адсочваюцца польскім урадам, але ў гэты момант няма нейкага вылучэння беларускага напрамку ў асобную палітыку. Вельмі многае залежыць ад таго, як будзе Расея нарошчваць свой вайсковы патэнцыял у Беларусі і ўзмацняць эканамічную залежнасць рэжыму Лукашэнкі. Таму пакуль Польшча займае назіральную пазіцыю ў дачыненні да Беларусі, а ўжо зыходзячы з аналізу сітуацыі і нейкіх «зрухаў» у рэгіёне, будуць рабіцца высновы і весціся канкрэтныя дзеянні.

- Стварэнне трох новых брыгад тэрытарыяльнай абароны на ўсходняй мяжы Польшчы - можна лічыць такім дзеяннем у адказ на павелічэнне расейскага вайсковага ўплыву ў Беларусі?

- Польшча ніколі не лічыла саму Беларусь магчымай крыніцай агрэсіі. Гаворка ідзе толькі аб выкарыстанні Расеяй беларускай тэрыторыі для агрэсіўных дзеянняў супраць Еўропы, а таксама аб «акупацыі» Расеяй беларускага дзяржаўнага апарату і выкарыстанні яго для дэстабілізацыі сітуацыі ў нашым рэгіёне - у першую чаргу на польскім, балтыйскім і ўкраінскім кірунках.

Нарошчванне расейскай вайсковай прысутнасці ў Беларусі доўжыцца, сумесныя манеўры 2009 і 2013 гадоў, дзе галоўным праціўнікам быў Захад, могуць паўтарыцца. Гэтыя манеўры праходзілі з адпрацоўкай «вучэбнай сітуацыі», звязанай з «задушэннем» меркаванага польскага паўстання на Віленшчыне або Гарадзеншчыне і прабіваннем «калідора» да калінінградскага плацдарма.

Усё гэта дазваляе сцвярджаць, што паводле пастановы Крамля тэрыторыя Беларусі можа быць выкарыстаная для вайсковай атакі супраць якой-небудзь з дзяржаў NATO, у тым ліку і Польшчы, а таксама супраць Украіны. І Польшча проста павінна павялічваць сваю абараназдольнасць на мяжы з тэрыторыяй, якая знаходзіцца пад вайсковым кантролем Расеі.

Досвед паказвае, што Расея не спыняецца перад ужываннем свайго войска ў якасці аргументу для развязання сваіх палітычных «задач»: так было ў Малдове, Чачні, Грузіі, Украіне. Таму мы павінны быць гатовыя да самых крайніх сцэнароў. Не хачу сказаць, што Расея можа звярнуцца да іх у найбліжэйшай будучыні, але мы не павінны выключаць такой магчымасці.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках