29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як правалілася мадэрнізацыя дрэваапрацоўкі ў Івацэвічах

20
Як правалілася мадэрнізацыя дрэваапрацоўкі ў Івацэвічах
Фота: «Радыё Свабода»

З 2008 года «Івацэвічдрэў» атрымліваў мільённыя валютныя крэдыты, але гэта не дапамагло прадпрыемству «стаць на ногі».

З 2008 да 2013 года «Івацэвічдрэў» атрымаў 34 крэдыты на 111 506 823,7 еўра, 147 551 728,79 расейскага рубля, 171 031,36 даляра ЗША. І нават пасля такой колькасці інвестыцый у мадэрнізацыю прадпрыемства застаецца неканкурэнтаздольным, паведамляе «Радыё Свабода».

Крызіс балюча адбіўся на дрэваапрацоўцы

Падчас сустрэчы з працаўнікамі СПК «Любішчыцы», што ў Івацэвіцкім раёне, былы намеснік старшыні Івацэвіцкага райвыканкаму ў эканамічных пытаннях, а цяпер кіраўнік мясцовага раённага савету дэпутатаў Аляксандр Сарока прызнаўся пра істотныя праблемы на «Івацэвічдрэве».

Са слоў чыноўніка, галоўная праблема для прадпрыемства — адсутнасць рынку збыту для прадукцыі горадаўтваральнага прадпрыемства. Магутнасці вытворчасці ДСП задзейнічаныя амаль напоўніцу, але пакупнікоў няма, сказаў чыноўнік.

Рабочыя ж паведамляюць, што на прадпрыемстве чакаюцца скарачэнні.

Намесніца генеральнага дырэктара «Івацэвічдрэва» ў ідэалагічнай і кадравай працы Людміла Пытляк катэгарычна адмовілася ад каментароў пра ўплыў крызісу на вытворчасць і вынікі мадэрнізацыі.

Пад пагрозай масавых звальненняў

А рабочыя, у сваю чаргу, мяркуюць, што хваля звальненняў можа закрануць да сямідзесяці чалавек. Падчас так званай мадэрнізацыі ў 2012 годзе на «Івацэвічдрэве» працавала блізу тысячы рабочых. Вядома, што ў малым горадзе застацца бяз працы — выпрабаванне.

Мадэрнізацыя пачалася са змены дырэктара

Яшчэ ў лістападзе 2012 году, падчас візіту на дрэваапрацоўчы завод у Івацэвічах, Аляксандар Лукашэнка звольніў з пасады дырэктара завода Леаніда Міхнюка і прызначыў «наводзіць парадак» на прадпрыемстве Уладзімера Шульгу, які тады ўзначальваў канцэрн «Беллеспаперапрам». Але і гэтае прызначэнне сітуацыі не выправіла. Калі запланаваныя паказчыкі выпуску гатовай прадукцыі і выконваюцца, то праблема з рынкам збыту не развязваецца. Гэтак, са словаў рабочых прадпрыемства, даволі часта гатовая прадукцыя проста назапашваецца на заводскіх складах. Перад Новым годам практычна ўсе склады былі запоўненыя на сто адсоткаў. Пазней іх удалося разгрузіць — знайшоўся буйны пакупнік, кажа адзін з супрацоўнікаў прадпрыемства.

«Івацэвічдрэў» з году ў год нарошчвае выпуск гатовай прадукцыі, магутнасці заводу складаюць 250 тысяч кубаметраў за год. Але рост гэтых паказнікаў не ўплывае на чаканае павелічэнне экспартнага даходу.

Збыт — праблема нумар 1

Пра складанасці збыту сведчыць і супярэчлівыя справаздачы.

Для belta.by Ружана Навіцкая, прэс-сакратарка канцэрну «Беллеспаперапрам» месяц таму заявіла, што экспарт ДСП у далёкае замежжа склаў за 2015 год 4,6 мільёна даляраў. ДВП экспартавалі значна больш, даход склаў 7,6 мільёна даляраў. Але ў справаздачах Нацыянальнага статыстычнага камітэту — зусім іншыя лічбы, большыя ў дзесяць разоў. Белстат паведамляе, што паводле вынікаў 2015 году ў параўнанні з 2014 экспарт ДСП, вырабленых на дрэваапрацоўчых прадпрыемствах краіны, павялічыўся амаль на 29 мільёнаў даляраў.

Са свайго боку, дзяржава, прафінансаваўшы мадэрнізацыю, актыўна абараняла беларускіх вытворцаў і практычна закрыла наш рынак для імпарцёраў.

Два мільярды еўраў на мадэрнізацыю дрэваапрацоўкі

Пры гэтым на балансе прадпрыемстваў застаюцца вялізныя лічбы запазычанасцяў. З улікам інвестыцыяў з боку замежных кампаніяў дзесяць дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, у тым ліку і «Івацэвічдрэў», атрымалі блізу двух мільярдаў еўраў. Цяпер Савет міністраў наважыў працягнуць дапамогу і згодна з пастановай №63 выдзеліць дадатковыя грошы дрэваапрацоўчым прадпрыемствам, якія прайшлі мадэрнізацыю, з мэтай павелічэння абаротных сродкаў.

Таксама Саўмін апублікаваў колькасць крэдытаў, якія мусяць выплаціць мадэрнізаваныя заводы. «Івацэвічдрэў» у гэтым спісе не лідар. Але агулам з 2008 году да 2013 год атрымаў ажно 34 крэдыты. Сума крэдытаў прадпрыемству, якія былі выдзеленыя «Беларусбанкам», складае 111 506 823,7 еўра, 147 551 728,79 расейскага рубля, а таксама 171 031,36 даляра ЗША. І нават пасля такой колькасці інвестыцыяў прадпрыемства застаецца неканкурэнтаздольным.

«Не інвеставалі, а асвойвалі»

Эканаміст Міхась Залескі тлумачыць, што насамрэч сродкі проста «асвоілі». Выніку такая праграма мадэрнізацыі не дасць з простай прычыны:

«Дрэваапрацоўка прадугледжвае цэлы цыкл, у які ўваходзіць дызайн, канструяванне, стварэнне кампанентаў мэблі і, нарэшце, зборка гатовай прадукцыі. Ці мы маем усе кампаненты для вырабу мэблі? Ці мы маем НДІ, ці ёсць вынаходнікі? Ці ёсць мэблевыя атэлье? Ці ёсць у нас глеба, на якой гэта ўсё будзе расці? Не. Няма. Мы проста кормім галаву прафесара Доўаля. Яна нібы ляжыць на стале, і мы запіхваем туды даляры мільярдамі. А за мяжу надалей працягваем прадаваць зрэзаны лес-кругляк».

Сёлета Аляксандар Лукашэнка ўвёў забарону на продаж неапрацаванага лесу. Але Мінлясгас просіць зрабіць выключэнне з правілаў. Раней Міхаіл Амельяновіч, міністар лясной гаспадаркі, заяўляў, што сёлета застануцца незапатрабаванымі нарыхтаваныя блізу двух мільёнаў кубоў лесу. Адметна, што менавіта такія аб’ёмы круглага лесу Беларусь імпартуе з 2011 году. Мадэрнізацыя павінна была змяніць гэтую сітуацыю. Але не атрымалася, перакананы Міхал Залескі:

«Найманы дырэктар — гэта той жа самы рабочы дзяржавы, яму абсалютна не цікавы вынік. Хто будзе набываць прадукцыю — яму гэта не цікава. Вось таму можна і некалькі мільярдаў накіраваць на гэтую дрэваапрацоўку, але вынік будзе адзін і той жа, а сродкі проста «асвоеныя» - кажа эканаміст.

Але і заходнія краіны ўсё менш зацікаўлены ў набыцці сырога лесу. Гэта дэманструе падзенне коштаў на лес-кругляк. Даходы галіны ад экспарту штогод скарачаюцца на дзесяткі мільёнаў даляраў пры захаванні аб'ёмаў.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках