29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадпрымальнікі выйдуць на мітынг у цэнтры Менска

58
Прадпрымальнікі выйдуць на мітынг у цэнтры Менска
ФОТА: kp.by

Нягледзячы на тое, што «Перспектыва» адклікала заяўку на мітынг 15 лютага, прадпрымальнікі гатовыя публічна пратэставаць.

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з міністрам гандлю запатрабаваў цвёрда і рашуча патрабаваць ад дробных бізнэсоўцаў дакументацыю на тавары, нягледзячы на страйкі «нейкіх ІП ці яшчэ кагосьці», паведамляе «Радыё Свабода».

Індывідуальных прадпрымальнікаў, якія працуюць без сертыфікатаў, ён назваў бандытамі і злачынцамі. У гэты ж дзень лідар грамадскага аб'яднання прадпрымальнікаў «Перспектыва» Анатоль Шумчанка абвясціў, што адклікае заяўку на мітынг, правядзенне якога было запланаванае ў Менску на 15 лютага. Падставай для касавання стаў пачатак перамоваў у працоўнай групе пры Грамадска-кансультатыўным савеце ў развіцці прадпрымальніцтва пры Міністэрстве эканомікі.

Аднак шмат прадпрымальнікаў у розных рэгіёнах краіны не вераць у эфектыўнасць перамоваў. Яны абураныя выказваннямі Лукашэнкі і маюць намер выйсці на галоўную плошчу Менска.

Бярдзенеў: Лукашэнка - кантрактны чыноўнік на службе ў народа

Полацкі прадпрымальнік Генадзь Бярдзенеў кажа, што не падтрымлівае ініцыятыў «Перспектывы» аб адмене мітынгу на плошчы Бангалор і перамоваў з уладамі. Таму што не верыць у іх эфектыўнасць. А надзеі ўскладае толькі на рашучасць дзеянняў. Новыя выказванні дыктатара на адрас індывідуальных прадпрымальнікаў і адмова лідара «Перспектывы» ад мітынгу змушае дробных гандляроў па-іншаму абараняць свае правы.

«Мы самі вінаватыя, што кіраўнік краіны дазваляе такія выказванні на адрас індывідуальных прадпрымальнікаў. Калі ўпершыню нас назвалі «вашывымі блохамі», то ўжо тады мы павінны былі звяртацца з пазовамі ў суды, у тым ліку Канстытуцыйны і міжнародныя, еўрапейскія суды за абразу пэўнай сацыяльнай групы людзей. Гэтага не было, а таму цяпер прадаўжаецца: «бандыты, злачынцы» - і гэта ад галоўнага дзяржаўнага чыноўніка гучыць з экрана тэлевізара на ўсю краіну! Для яго норма, каб не рабіць ні кроку назад, так, амбіцыі ягоныя вышэй за ўсё. Хоць ён - кантрактны чыноўнік на службе ў народа», - кажа Бярдзенеў.

Што тычыцца мітынгу, то на 15 лютага яго скасавала «Перспектыва», а не прадпрымальнікі. Бо некаторыя спадзяюцца на нейкі вынік перамоваў у працоўнай групе, якая будзе працаваць 11 лютага.

«Але я ні на якія перамовы не спадзяюся, бо там збіраюцца людзі, якія працуюць і дамагаюцца для сябе памяншэння штрафаў і якіх-небудзь ільгот. А тыя, хто сапраўды не працуе праз указ №222, хто не мае сродкаў да існавання, гэтым людзям нецікавыя. Не мы працуем паводле «шэрых» схемаў, але так працуе дзяржава і яе буйны бізнэс. Цяпер мы вядзем перамовы і нешта вызначым - я заўсёды быў і ёсць прыхільнікам рашучых і радыкальных дзеянняў. Да прыкладу, арганізавана і актыўна выступаюць нашы віцебскія і гомельскія прадпрымальнікі. Гомель заявіў пра мітынг 22 лютага і калі не атрымаецца 15 лютага ў Менску, то мы зможам падтрымаць і аб'яднацца з гамельчукамі 22 лютага. Хай не ў Менску, то ў іншым месцы, але гэтая сітуацыя абавязкова прарве. Мы рукі не апускаем і надзеі не губляем. Апошняя справа - страціць надзею. Мы - і не толькі індывідуальныя прадпрымальнікі, а ўсе іншыя актыўныя грамадзяне Беларусі - мы ўсе цяпер змагаемся за нашу будучыню. На сёння мы не бачым будучыні ні для сябе, ні для нашых дзяцей», - мяркуе Генадзь Бярдзенеў.

Чарнавус: Міністр эканомікі - труцень

Прадпрымальнік з Баранавічаў Мікалай Чарнавус заклікаў дробных гандляроў, «дармаедаў» і прадстаўнікоў іншых сацыяльных груп прыйсці 15 лютага да будынка прэзідэнцкай адміністрацыі.

«Мой пікет супаў з нагоды выказванняў прэзідэнта на адрас індывідуальных прадпрымальнікаў і з заявай лідара «Перспектывы» аб адмене мітынгу 15 лютага. Людзі, якія губляюць працу і сродкі да існавання, - яны схільныя нават да суіцыду. Таму я выйшаў на вуліцу з плакатам, дзе напісаў, што заклікаю гандляроў, беспрацоўных, «дармаедаў» прыйсці 15 лютага а 12.00 да прэзідэнцкай адміністрацыі на вуліцы Карла Маркса, 38 у Менску, каб выказаць недавер да Лукашэнкі. Ягоныя заявы - гэта ўпэўненасць у тым, што ніхто не асмеліцца пратэставаць, бо ўсе пратэстоўцы атрымаюць дубінамі. Раней абазваў «вашывымі блохамі», а цяпер бандытамі. Калі ён не ведае, то мы раскажам яму, хто прыстойныя людзі, а хто бандыты, - кажа Мікалай Чарнавус - Я ведаю міністра эканомікі - я двойчы сустракаўся з ім. Ведаю, што гэта пасіўны чалавек, труцень, нічога ён не вызначае. Таму надзея толькі на 15 лютага. Калі збярэцца народ, то чагосьці даможамся. Калі не будзе актыўнасці з боку дробных прадпрымальнікаў, то нічога не атрымаецца - тады няхай пачынаюць працаваць у гэтых варунках. Людзі без грошай, людзі пакутуюць. Але мы пакуль рук не апускаем».

Макаеў: Лукашэнка знішчае нацыянальны бізнэс

Перамовы аб далейшых дзеяннях праводзяць і менскія гандляры. Аляксандр Макаеў мяркуе, што ўсе дзеянні дыктатара ў справе ціску на індывідуальных прадпрымальнікаў ініцыяваныя ў інтарэсах буйнога бізнэсу і карпарацый.

«Лукашэнка адзначыўся ў гісторыі ўжо тым, што ён знішчае нацыянальны бізнэс падчас усяго тэрміну свайго кіравання. Гэтага не рабіў ніводзін нават таталітарны кіраўнік у свеце. Я пагаджуся з іншымі прадпрымальнікамі, што нянавісць Лукашэнкі да дробнага бізнэсу - гэта заказ буйных алігархаў. І, магчыма, не толькі беларускіх, але і расейскіх. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што разваліліся і іншыя галіны эканомікі. Прамысловасць Беларусі ў руінах, і прычынай таму - кіраванне Лукашэнкі, - мяркуе прадпрымальнік. - З улікам чарговых абраз Лукашэнкі на адрас індывідуальных прадпрымальнікаў зразумела, што вынікам перамоваў стане пшык. Таму мы цяпер вызначаем, як і калі правесці мітынг. Імаверна, што ён адбудзецца і 15 лютага, толькі не на Бангалоры, а на цэнтральнай плошчы ў Менску з мірным пратэстам за скасаванне ўказу №222. Людзям няма чаго есці, таму мы павінны выйсці, каб нас пачулі. Я веру ў салідарнасць прадпрымальнікаў».

Напісаць каментар 58

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках