29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новыя кошты ў рахунках: двухпакаёўка - плюс 300, трохпакаёўка - плюс 400 тысяч

88
Новыя кошты ў рахунках: двухпакаёўка - плюс 300, трохпакаёўка - плюс 400 тысяч
ФОТА: TUT.BY

У параўнанні з мінулым месяцам камунальныя паслугі падаражэлі ўдвая.

Вось-вось беларусы вымуць з паштовых скрынь новыя паведамленні на аплату жыллёва-камунальных паслуг з палохаючымі лічбамі ў графе «Аплаціць». Зарэгістраваныя на сайце Цэнтра інфармацыйных тэхналогій Менгарвыканкама komplat.by могуць наўпрост цяпер даведацца, у якую суму абыдзецца студзеньскі рахунак. Для кагосьці камунальныя паслугі падаражэлі толькі на 150 тысяч, для іншых - на 270, на 400 тысяч рублёў. А ў сярэднім жа ў параўнанні са снежнем тарыфы выраслі дзесьці на 50%. Onliner.by параўнаў некалькі паведамленняў за снежань і студзень.

Сумы плацяжоў залежаць ад плошчы кватэры, колькасці прапісаных у ёй жыхароў, асаблівасцяў спажывання вады і электрычнасці і г.д. Возьмем для прыкладу стандартную двухпакаёўку плошчай 55 квадратных метраў, у якой жывуць чатыры чалавекі (бацькі і двое дзяцей дашкольнага ўзросту). Калі ў снежні 2015 года ў графе «Аплаціць» значылася 422 143 рублі, то выніковая сума за студзень - 655 761 рубель (праўда, яшчэ не падлічаныя выдаткі за ўборку пад'езда).

Выдаткі за снежань:

ФОТА: ONLINER.BY

Выдаткі за студзень:

ФОТА: ONLINER.BY

Што змянілася? Пройдземся па графах зверху ўніз. Тарыф на тэхабслугоўванне застаўся ранейшым. Адлічэнні на капрамонт узраслі на сімвалічныя пару тысяч рублёў. А вось ацяпленне падаражэла адразу ўдвая - з 64 405 рублёў у снежні да 132 548 рублёў у студзені. Як вядома, тарыф на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне з новага года быў падвышаны на 33%. Да таго ж студзень выдаўся марозным і на абаграванне двухпакаёўкі было затрачана 0,99 Гкал (у снежні - 0,64 Гкал). Адсюль і ўзялася вялікая сума.

Самы «пражэрлівы» радок у паведамленні цяпер - «Вада-каналізацыя». Раней плацілі за кубаметр 2515 рублёў, цяпер - 8914. У разгляданай намі кватэры за студзень сям'я спажыла амаль столькі ж вады, як і ў снежні (не выйшаўшы пры гэтым за рамкі так званага «льготнага» тарыфу), а сума да аплаты павялічылася ў 3,5 раза - амаль 150 тысяч рублёў за 16,8 куба на чацвярых.

Вываз і абясшкоджванне смецця - тут усё засталося па-старому. За ліфт раней плацілі дзесьці 27 тысяч, цяпер - 61 140 рублёў (да тэхабслугоўванню ліфта дадалася аплата сілавой энэргіі на яго рух).

Са студзеня будзем плаціць і за святло ў пад'ездах. Выдатак кілават-гадзін у месцах агульнага карыстання фіксуе агульнадамавы лічыльнік. Яго паказанні здымаюцца ў апошні дзень месяца і агульная сума размяркоўваецца паміж кватэрамі ў залежнасці ад іх агульнай плошчы. Для канкрэтнай двухпакаёўкі ў гэтай новай графе ў квітанцыі налічылі 13 828 рублёў.

Не забудзем улічыць, што падаражэлі на 20% электраэнэргія і газ. У снежні сям'я «спаліла» 167 кВт•г (у кватэры газавая пліта), заплаціўшы блізу 170 тысяч рублёў. Цяпер за той жа аб'ём давядзецца аддаць амаль 205 тысяч. Спажыванне газу невялікае - 3-4 кубаметры на месяц - і мала ўплывае на агульную сітуацыю.

Дадаўшы да даступнага на komplat.by паведамлення затраты на ўборку пад'езда, электраэнэргію і газ, атрымаем прыблізна 900 тысяч рублёў. Плюс тэлефон, інтэрнэт - ужо больш за мільён! У параўнанні са снежнем камунальныя плацяжы для канкрэтнай двухпакаёўкі падаражэлі на 300 тысяч рублёў, або на 50%.

Для параўнання возьмем расходныя лісткі для трохпакаёвай кватэры плошчай 75,6 кв. м, у якой пражываюць тры дарослыя чалавекі. У снежні прыйшло паведамленне на 565 702 рублі. Цяпер - 934 291 рубель (уборка пад'езда пакуль не ўключаная). Калі ўлічыць электрычнасць і газ, то камунальныя плацяжы «цяжэюць» больш чым на 400 тысяч рублёў (плюс 54% да ўзроўню снежня).

ФОТА: ONLINER.BY
ФОТА: ONLINER.BY

Тарыфы імкліва ўзраслі, але, відавочна, гэта яшчэ не мяжа. З нагоды камунальных плацяжоў учора выказаўся міністр эканомікі Беларусі Уладзімір Зіноўскі. З ягоных слоў, да канца 2016 года насельніцтва будзе кампенсаваць толькі 50% выдаткаў за наданне жыллёва-камунальных паслуг. Да канца 2017 года - 75%, а да канца 2018-га - усе 100%.

Напісаць каментар 88

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках