19 красавiка 2024, Пятніца, 17:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амбасадар Расеі асцерагаецца Майдана ў Беларусі

59
Амбасадар Расеі асцерагаецца Майдана ў Беларусі
Аляксандр Сурыкаў
ФОТА: BYMEDIA.NET

Дыпламат назваў такое развіццё падзей «магчымым» і запэўніў, што Расея ўважліва сочыць за гэтым.

Пра гэта пасол Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў заявіў у інтэрв'ю «Інтэрфакс-Захад».

«Пільную ўвагу расейскай амбасады ў Менску выклікае палітычная сфера, і прыклад таму - Украіна. І расейскаму, і беларускаму боку трэба з належным разуменнем ставіцца да ўкраінскіх падзей, робячы з іх высновы... І Расея, і Беларусь, і заходнія краіны вынесуць урокі з украінскіх падзеяў», - сказаў Сурыкаў.

«Відавочна, што наступным дзеяннем, якое абмяжоўвае «братнюю інтэграцыю» паміж Расеяй і Беларуссю, могуць стаць дзеянні ў раз'яднанні нашых краін з боку «сяброў», якім нецікавае ўмацаванне іншых саюзаў у свеце, акрамя іх уласных. Узнікаюць вельмі сур'ёзныя палітычныя пытанні, і мы разам з беларускім бокам прыглядаемся да іх, каб не патрапіць у непрыемныя гісторыі, накшталт украінскай», - канстатаваў Сурыкаў.

Выбудоўванне Беларуссю стасункаў з Еўразвязам і іншымі краінамі павінна развівацца з улікам існага стратэгічнага супрацоўніцтва Менска і Масквы, мяркуе Сурыкаў.

«Імкненне Беларусі ўвайсці ў больш спакойную абстаноўку пасля міжнароднай ізаляцыі цалкам зразумелае і аб'ектыўнае. Беларусь - еўрапейская краіна, якая знаходзіцца да Еўропы бліжэй, чым мы, і ёй бы хацелася супрацоўнічаць з Еўропай. Але важна адмежаваць сутнасць ад магчымых дзеянняў і выбудаваць свае стасункі з Захадам і з усімі краінамі так, каб не ўшчаміць узаемастасункаў з «братэрскай» Расеяй», - сказаў Сурыкаў.

«Апошнім часам Злучаныя Штаты Амерыкі працуюць над фармаваннем двух кангламератаў - гэта Еўраатлантычная і Транс-Ціхаакіянская садружнасці, і не хочуць, каб у гэтым ім перашкаджалі», - заявіў пасол.

«Што трэба, каб не замінала Расея і было спакойна калегам з-за акіяна? Стварыць непераадольныя перашкоды для магчымага інтэграцыйнага еўраазіяцкага працэсу на нашым мацерыку, і, безумоўна, намаганні нашых заакіянскіх «братоў» нацэленыя ў першую чаргу на гэта. Адсюль падзеі ва Украіне і Малдове, а таксама магчымыя падзеі ў Беларусі. Менавіта ў гэтую сітуацыю мантуецца ўсё, што адбываецца», - заўважыў Сурыкаў.

Аляксандр Сурыкаў таксама закрануў тэму расейскай вайсковай авіябазы ў Беларусі.

«Думаю, няма сэнсу цяпер выносіць пытанне аб авіябазе на парадак дня, нічога асабліва страшнага ў свеце нам не пагражае», - сказаў Сурыкаў.

На думку пасла, пытанне пра расейскую авіябазу не зацягваецца, а знаходзіцца ў стадыі абмеркавання.

«Ёсць цэлы шэраг рэальных пытанняў, я не лётчык і не бяруся разважаць пра хуткасці, час палёту і іншыя нюансы. Пройдзе час, і праект фінішуе ў той ці іншы бок - паглядзім, у які менавіта», - адзначыў дыпламат.

Раней сайт charter97.org паведамляў, што былы начальнік Галоўнай управы міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Мінабароны РФ генерал-палкоўнік Леанід Івашоў заявіў, што Расея «не дапусціць прыходу празаходніх сілаў да ўлады ў Беларусі». У пытанні авіябазы генерал таксама сказаў, што яе юрыдычнае афармленне ў Беларусі неабавязковае, бо Расея і без гэтага гатовая да хуткай перакідкі сваёй авіяцыі ды іншых войскаў у Беларусь.

Напісаць каментар 59

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках