19 красавiка 2024, Пятніца, 8:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Усё магчымае - трэба толькі прыкласці намаганні

3
Усё магчымае - трэба толькі прыкласці намаганні
ФОТА З САЙТА TBN-TV.RU

«Ніколі не пакідайце марыць, але яшчэ і не забывайце ператвараць мары ў рэчаіснасць».

Часам нам здаецца, што нашыя магчымасці абмежаваныя. І гэта часта праз тое, што мы не верым у свае сілы і не прыкладаем дастатковых намаганняў для ўвасаблення задуманага. Леа Борманс - пісьменнік, аўтар бэстсэлера «Сусветная кніга шчасця» - распавёў сваю гісторыю, якая ўсяляе ўпэўненасць і надзею.

Psychologies спяшаюцца падзяліцца ёю з вамі.

- Аднойчы мне пашчасціла сустрэцца з лаўрэатам Нобэлевай прэміі міру Кофі Ананам. «Якім Вы былі ў дзесяць гадоў?» - спытаў я яго. Ён засмяяўся і адказаў: «Няўжо Вы думаеце, што я тады марыў стаць генеральным сакратаром ААН?». Не, ён, як і ўсе дзеці, узіраўся ў зоркі і марыў пра нешта большае і лепшае, чым ёсць у сучаснасці.

З гэтага ўсё і пачынаецца. Мы ўсе выраслі на адных і тых жа вартасцях - проста таму, што мы людзі, гэта нас лучыць. Мы заўсёды разумеем, калі нехта патрапіў у бяду або з ім абышліся несправядліва. Але шмат хто з нас уважае за лепшае проста не заўважаць гэтага. «Нешта вакол пачне змяняцца, толькі калі кожны возьме на сябе адказнасць за свой асабісты выбар. Знойдзе ў сабе сілы перш за ўсё на ўнутраныя змены».

Мы маем магчымасць развіваць у сабе гэтыя сілы, выхоўваць іх у сваіх дзецях і дапамагчы здабыць сябе нашым блізкім. Пазітыўная псіхалогія грунтуецца на нашых унутраных невычэрпных магчымасцях. Урэшце, мы заўсёды атрымліваем тое, у што ўкладваем душэўныя высілкі. Калі мы сканцэнтраваныя на праблемах, мы атрымліваем праблемы. Калі мы настроеныя на развязкі, то знаходзім адказы на свае пытанні. Як толькі чалавек пачынае жыць з упэўненасцю ў тым, што ўсё магчымае і трэба толькі прыкласці намаганні, - у яго знікае адчуванне столі. Я даў гэтай з'яве новае слова - «пасібілізм» (ад ангельскага слова possible - здзяйсняльны). Для мяне гэта злучэнне дзвюх чалавечых якасцяў: умення марыць і смеласці ажыццяўляць гэтыя мары. Безупынна рухацца да мэты, хай нават нябачнымі свету маленькімі крокамі дзіцяці.

Мой бацька быў коміваяжорам, і мы жылі ў адной з самых бедных акруг Бэльгіі. Калі мне было гадоў пяць, я любіў заходзіць з бацькам у маленькую харчовую краму. Там назнарок для мяне гаспадар перакульваў скрыню з-пад гародніны, ператвараючы яе ў імправізаваную сцэну, з якой я чытаў на памяць вывучаныя вершы. Я любіў гэтыя выступы і заўсёды сыходзіў з узнагародай - марозівам.

Сёння я падарожнічаю па свеце і кантактую з велізарнай аўдыторыяй. Кагадзе я зразумеў - тое, што я раблю, фактычна падобнае да маіх дзіцячых «канцэртаў». І маё новае «марозіва» - гэта ўвага людзей, іхні бясстрашны настрой на змены, жаданне нешта ў сваім жыцці перагледзець і палепшыць. Найгоршы дарадца ў нашым падарожжы праз жыццё - гэта страх. Страх зрабіць першы крок, пачаць нешта новае. Гэты страх паралізуе нас, і мы ўжо не бачым шчаслівых магчымасцяў вакол. І, наадварот, наша паліва - гэта вера ў добрае, у свае сілы і здольнасці, якія заўсёды можна рэалізаваць.

Быць можа, хтосьці паблажліва назаве вас летуценнікам. Што ж, цынізм самы зручны шлях у жыцці: ён не патрабуе намаганняў, ён не прызнае ў людзях жадобы, ён не заўважае тое, што ёсць у нас самага лепшага. Як сказаў мне на развітанне Кофі Анан, «ніколі не пакідайце марыць, але яшчэ і не забывайце ператвараць мары ў рэчаіснасць».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках